Выбрать главу

Не назіраў за пажарам толькі Пыліла. Ён сапраўды застаўся на тым баку і, напалоханы выбухам, які аглушыў яго, без аглядкі бег каля рэчкі. Затым прысеў на беразе адпачыць крыху і задумаўся, як перабрацца на другі бок. І раптам ён заўважыў на вадзе каля берага нешта чорнае, накшталт лодкі. Пыліла кінуўся туды. На рачной плыні ледзь пагойдвалася вялікая лодка, але ад яе на бераг спаўзаў ланцуг, канец якога быў абкручаны вакол жалеза і замкнёны вялізным замком.

Як толькі Павел ні стараўся адчапіць ланцуг, нічога не атрымлівалася. Ён падкапаў жалеза, біў па ім прыкладам, расхістваў, і ўсё ж сілы не хапіла, каб выцягнуць. Доўга завіхаўся Павел каля лодкі, і нарэшце ў яго з'явілася думка: разбіць замок куляй. Ён падвёў ствол вінтоўкі да замка і стрэліў. Але першая куля не прынесла поспеху, замок яшчэ нельга было зняць. Павел хацеў яшчэ раз стрэліць і раптам заўважыў, што па беразе рэчкі па яго ж слядах нехта ідзе. Ён сагнуўся і колькі было сілы пабег да кустоў. Вырашыў ісці ўверх каля рэчкі, а там, ён ведаў, ёсць кладкі. Праўда, гэта будзе намнога кружней, каб трапіць у Дубовую Граду, але ж нічога не зробіш, трэба ісці.

Ужо неба асвятляла ранішняя зорка, а звон у Паўлавых вушах не знікаў. Партызан крочыў па травяністым беразе, азіраўся і зноў заўважыў, што за ім нехта ідзе. Павел хацеў спыніцца, але не адважыўся. Мільганула думка стрэліць, але ён тут жа пачаў пераконваць сябе, што так нельга. Можа, гэта ідзе іх сувязны паліцэйскі. Вырашыў ісці хутчэй, а калі развіднее, ён разгледзіць, хто гэта.

Павел перайшоў у вузкім месцы рэчку і ўжо каля Дубовай Грады спыніўся. Чалавек жа, па меры таго як віднела, адставаў ад Паўла, але не губляў яго з поля зроку. І цяпер Пыліла не мог пазнаць, хто за ім крочыць. Ён набраўся адвагі і рашыў пачакаць.

Ужо ў вёсцы Павел дакладваў камандзіру, што ён прывёў начальніка паліцыі, а як яму ўдалося захапіць яго, пра гэта не сказаў. І не прызнаўся, што ён перапалохаўся да смерці, калі ўбачыў, што ў чалавека, які быў ужо ў некалькіх кроках ад яго, на плячы вісеў нямецкі аўтамат. І толькі на допыце Валодзю стала ясна, як трапіў да іх начальнік паліцыі.

Начальнік спаў. Ён прачнуўся толькі тады, калі застракатаў кулямёт на птушкаферме. Хуценька апрануўся і выбег на вуліцу. Ужо гарэў дом, дзе размяшчаліся паліцаі. Начальнік спачатку кінуўся бегчы да яго, але на мосце - выбух, і ён спыніўся. А потым прабраўся да берага рэчкі, адкуль нават чуў размову партызан, і прыкладна вызначыў, у якім напрамку яны пайшлі. Што рабіць? Думаў начальнік ісці ў камендатуру і сказаць, што ён начаваў у сваёй каханай і нічога не ведае, як знішчаны паліцыя і немцы. Дык там не павераць у гэта. У каменданта ўзнікне падазронасць, што ён прывёў партызан, і таму сам застаўся жывы. А калі і павераць яму, дык гэта не зніме адказнасці. Чаму належным чынам не арганізаваў ахову, чаму не быў на месцы сам? І начальнік вырашыў, што пятлі не прамінуць. А вось калі пайсці да партызан, зрабіць які-небудзь подзвіг для іх, можна яшчэ выратаваць сваё жыццё. Пасля доўгіх разваг начальнік паліцыі рашыў ісці каля рэчкі ў той бок, куды накіраваліся партызаны.

Калі ж Пыліла кінуўся ад лодкі і пабег у кусты, начальнік зразумеў, што ён трапіў на след партызана, і ўжо неадступна трымаўся яго.

Валодзя шкадаваў, што за ўчынак, які зрабіў Пыліла, ён ужо не можа пакараць яго, як меркаваў. Камандзір толькі не паказваў выгляду па дарозе ад моста, і калі моршчыўся і скрыгатаў зубамі, дык тлумачыў хлопцам, што ў яго моцна баляць калені і локці, з якіх ён здзёр на шашы скуру. А на самай справе ён злаваў на Пылілу. Валодзя разумеў, што Пыліла проста пабаяўся ехаць на мост, калі ўбачыў, што туды паляцеў рой трасіруючых куль.

Не, Байкач сёння ўсё ж папросіць камандзіра роты, каб той асабіста пагаварыў з Пылілам і сур'ёзна яго папярэдзіў.

Запрэжаных коней не было, і партызаны не захацелі прасіць людзей, каб іх падвезлі, а вырашылі ісці пеша. Тым больш што ісці было весела, калі перад імі крочаць столькі паліцэйскіх на чале з самім начальнікам. Але ўсе паліцэйскія былі незадаволены, што ідуць разам з начальнікам. Баннік з Арловым наогул стараліся адстаць ад сваіх паплечнікаў па службе і імкнуліся далучыцца да партызан. Усе лічылі, што начальнік паліцыі зрабіў нашым людзям значна больш шкоды, чым яны. У многіх выпадках паліцэйскія хаця і неахвотна, але выконвалі яго прамыя загады.

Начальнік у доўгай карычневай скуранцы, праўда, без зброі, ішоў першым і імкнуўся не адстаць ад коней, на якіх ехалі Валодзя і Анатоль. Ён не ўяўляў сабе, што трапіць да такіх партызан. Вельмі ж маладымі здаваліся яны яму. Пытацца было няёмка, але яго здзіўляла: няўжо такая групка магла адважыцца ля самага Жлобіна нападаць на паліцыю, немцаў і знішчыць мост. Ён сумняваўся і лічыў, што частка партызан пайшла іншым шляхам, бо ён чуў нават там грукат калёс, а ў гэтай групе падводы няма. Яму спадабаўся гэты малады камандзір: ён без фанабэрыі, уважліва выслухоўваў яго на допыце, не тузаў, не пагражаў. Калі ўсе партызанскія камандзіры такія, дык яны значна адрозніваюцца ад іхніх. Ён бы партызана так не дапытваў. Праўда, яму гэтага не даводзілася рабіць, але ж ён прысутнічаў на допытах людзей у камендатуры, гестапа. Там пакуль душу ад цела не аддзеляць, дык чалавека, хоць і нявіннага, не адпусцяць.