Выбрать главу

Дрэнна, што партызаны не знішчылі ўсіх паліцэйскіх, думаў начальнік, і яму давядзецца гаварыць праўду, а ў ёй будзе многа агіднага, чаго няможна было рабіць на сваёй зямлі. Але ж немцы яму загадвалі, а ён сваім падначаленым, і непасрэдныя выканаўцы ўсё ж былі паліцэйскія. І на думку начальніка, гэта павінна было змякчаць віну. Начальнік не лічыў сябе зусім не вінаватым, і ён шукаў шляхі, як бы лепш апраўдаць свае паводзіны, каб хоць крыху рэабілітаваць сябе. Ён перабраў у думках усіх палонных паліцэйскіх і ўяўляў, што той або іншы можа сказаць пра яго. І пераканаўся, што калі ўсе яны раскажуць праўду, дык многа ёсць ганебнага ў яго адрас. Калі мінулі першага вартавога ля партызанскага лагера, начальніку стала страшнавата. Ён, калі вырашыў ісці да партызан, дык і не падумаў, што сустрэнецца з такой колькасцю сваіх паліцэйскіх. Што ж, няхай судзяць, толькі каб не пакаралі смерцю, думаў начальнік паліцыі. Усё роўна ад расплаты не схаваўся б, бо перамога на баку Чырвонай Арміі, партызан.

У лагеры народныя мсціўцы праводзілі паліцэйскіх злоснымі позіркамі. Валодзя пад'ехаў да камандзірскай зямлянкі, саскочыў з сядла і прывязаў кабылу да сасны. Паліцэйскія спыніліся непадалёку і стаялі, панура апусціўшы галовы.

Валодзя доўга не выходзіў ад камандзіра роты, і паліцэйскія думалі, што ўся размова ідзе толькі пра іх. Нарэшце ён выскачыў з зямлянкі ў вясёлым настроі і, не падышоўшы да паліцэйскіх, адвязаў кабылу і павёў яе па сцяжынцы. Многія паліцаі зусім упалі духам, бо яны хацелі, каб на ўсіх допытах і сустрэчах з вышэйшым начальствам прысутнічаў і камандзір групы.

Валодзя думаў зусім аб іншым. Ён коратка далажыў камандаванню аб усіх паліцэйскіх, і цяпер няхай яны дэталёва разбіраюцца з кожным паасобку. Ён ведаў, што Валя хвалюецца, чакае яго кожны дзень, кожную гадзіну і перадумала, напэўна, ужо аб усім на свеце. І вось цяпер Верабейчык моцна паціснуў Валодзеву руку за ўдалыя аперацыі, і ён, задаволены, спяшаецца да яе, Валі. Валодзя перадаў кабылу партызану з гаспадарчага ўзвода і пабег. Але ў будане дзяўчыны не было. Ён прайшоў па лагеры, пытаў пра яе ў многіх знаёмых, але ўсе адказвалі, што не бачылі. І толькі дзяўчына, якой ён даваў сшытак з тэкстам песень, сказала Валодзю, што Валя на паляне вучыцца хадзіць. Валодзя пабег туды.

Валя ўжо сядзела на пні, плячамі да сонца, задуменная, і палкай калупала зямлю. Валодзя пастаяў крыху і пайшоў да яе. Валя заўважыла і кінулася яму насустрач. Яны моцна абняліся.

- Бачыш, як я ўжо бегаю, - прашаптала яна і паглядзела ў вочы хлопцу.

- Я ведаю, што ты гэтым хочаш сказаць, - таксама ціха прамовіў Валодзя.

- Што? Ну што? Гавары.

- Што ўжо можаш ісці з намі.

- Зразумела... Мне так надакучыла тут, каб ты ведаў. А спаць проста не магу. Як толькі засну, адразу ж бачу цябе. Здаецца, ты бяжыш, страляеш, а немцы акружаюць. У гэту ноч як крыкнула і сама ад свайго голасу прахапілася. І так ужо не заснула, усё думала і думала, дзе ты і што з табой.

Валодзя ўзяў Валю за руку, і яны пайшлі па паляне.

- Можа, калі ты крыкнула, дык я цягнуўся на лейцах за калясьмі...

- Як гэта? - паглядзела дзяўчына на Валодзю.

- Мы спалілі мост, і партызанскія коні ўцяклі некуды да немцаў. Я хацеў утрымаць іх, а яны мяне працягнулі і самі ўцяклі.

- Цяжка табе было на мосце?

- Не, лягчэй, як на чыгунцы. Па-першае, не было цябе, а па-другое, начальнік паліцыі ўзяў у палон Пылілу, праўда, прывёў яго да нас. Вось як бывае.

- Ты смяешся.

- Ну, спытаеш у яго.

- Добра, спытаю. А дзе вы стаялі тыя дні?

- У Дубовай Градзе.

- Зіну бачыў?

- Валечка, не толькі бачыў, а заходзіў да яе і размаўляў.

- Я так і ведала, ты кахаеш яе.

- Мне б вельмі хацелася, каб ты дзе-небудзь збоку чула нашу размову. Але наогул я дрэнна зрабіў, што пайшоў, і маці мяне лаяла за гэта. Я ўшчэнт расчараваў яе і прызнаўся, што кахаю цябе.

- Ты ёй зманіў!

- Міленькая, ты сама ведаеш, а толькі так гаворыш.

- Я ведаю, што ты нікому іншаму не загадаў забіць Капыцкага, а сам пайшоў з-за рэўнасці.