- Гэта ніхто з камандавання не бачыў, што вы адлежваецеся ў будане, інакш бы і вас прымусілі капаць зямлю.
- Мы толькі што хацелі ісці памагаць вам, - засмяяўся Анатоль. - Але ж паступіў загад спыніць работу. І навошта нам была зямлянка? Вярнуліся б, дык няўжо твае дзяўчаты не дазволілі б нам дзе-небудзь каля ног прытуліцца.
- А яны і сапраўды смяяліся і гаварылі, што тыя ліхачы, гэта значыць вы, яшчэ да іх будуць прасіцца. Усіх здзіўляла, што вы так абыякава адносіцеся да будаўніцтва для сябе жылля. Вунь некаторыя партызаны пералаяліся нават з-за месца, дзе яны будуць рабіць зямлянкі.
- Яны меркавалі тут прыгрэцца і сядзець, а нам горача было без зямлянкі. Мне вунь скуранку самога начальніка паліцыі прынеслі. Наогул, яна павінна была быць Паўлавай, бо ён на мосце вызначыўся, - засмяяўся Валодзя.
- А што... Начальніка ўжо няма? - запытаў Пыліла.
- Так, няма. Твой палонны аказаўся небяспечным здраднікам. Хацелі пакінуць у атрадзе, а потым здаць яго ў армію як штрафніка, але ж самі паліцэйскія вынеслі начальніку прыгавор і самі выканалі яго. Начальнік заўзята арганізоўваў паліцыю, і яго рукі па самыя локці ў крыві нашых людзей. Паліцэйскія расказвалі пра яго дзеянні, дык агідна і балюча слухаць было. Ён толькі ў Жлобіне пяць жонак меў, сам удзельнічаў у масавых расстрэлах савецкіх людзей.
- Гэта наш Паўлуша такога здрадніка захапіў, - засмяяўся Анатоль. - Раскажы, Паўлуша, не саромейся, як твой палонны цябе з-пад Жлобіна гнаў?
- Ты б у маё становішча трапіў, не смяяўся б, - злосна адказаў Павел.
- Так, становішча было цяжкае, спачатку баяўся ехаць на мост, а калі камандзір прывёз яго, дык ён на другі бок рэчкі - і залёг там. Як жа, страшна. Няхай бы немцы білі, ды звычайнымі кулямі, а то пусцяць вогненны ланцужок, і збоку здаецца, што ён прама на цябе ляціць. Павел не дурны наперад ланцужку заязджаць, - кпіў Анатоль.
- Ну, хопіць табе, разбалбатаўся, нібы балабон на збродлівым кані, - яшчэ больш раззлаваўся Пыліла.
- Трэба правільна ўспрымаць заўвагі сяброў, - сур'ёзна сказаў камандзір.
- Я ўспрымаю, але ён на мосце мяне не бачыў, і не яго справа гаварыць.
- Вось каб ты своечасова на мост прыехаў, ён бы цябе ўбачыў і нічога б не гаварыў. Хопіць, гэта ўжо старая песня, - махнуў рукой Валодзя. - Усё добра, што добра канчаецца.
- Вунь ужо становяцца ў строй, пойдзем і мы да роты далучымся, - прапанавала Валя.
- А нам не абавязкова далучацца, - выйшаў з будана Валодзя. - Уперадзе разведчыкі пойдуць, а мы, відаць, ззаду ў прыкрыцці. Ты, Валечка, сядзеш на маю кабылу, а то не дойдзеш, пераход вялікі.
- Не, я пайду.
- Камандзір, яна паедзе на маім, - выскачыў з будана Анатоль.
- Вось, Анатоль, малайчына! Удваіх з Валодзем ехаць я згодна.
Коні дыверсантаў адпачылі і цяпер нецярпліва тапталіся на месцы. З зямлянкі выйшаў камандзір атрада, і яму адразу ж падвялі каня. Ён узяў павады, глянуў на Валодзю з Валяй і сказаў:
- Валя магла б на падводзе ехаць.
- Нічога, мы верхам паедзем, - адказаў Валодзя.
- Хаця я ведаю, - падміргнуў і засмяяўся камандзір. - Добрая пара.
- Канешне, нашы коні не горш за вашага, - усміхнуўся Валодзя.
- Якія коні, я пра ездакоў гавару. Зайздрошчу вам.
- Навошта, зрабіце, як... - запнуўся Валодзя.
- Як хто?
- Як Капыцкі.
- Думаю, што Валя не згодзіцца.
- Вы правільна думаеце, - без усмешкі сказала дзяўчына.
- Не, я жартую і радуюся вам. У мяне двое кіндараў і жонка ёсць. - Камандзір апусціў вочы і задумаўся, а потым глянуў на Валодзю. - Дзе твая група будзе ісці?
- Вось тут, думаю, у хвасце.
- Правільна вызначыў сваё месца.
Камандзір пайшоў са сваім канём у галаву калоны, а Валодзя з Валяй павярнулі коней і пад'ехалі да сваіх хлопцаў.
- Калоша, ты баян паклаў на калёсы? - запытаў Валодзя.
- Канешне, ён мне адарваў плечы, калі я з Дубовай Грады нёс.
Пачулася каманда, і баявая калона па лясной дарозе рушыла наперад. Следам крануўся абоз. Замыкалі калону дыверсанты.
Кіламетраў пяць партызанскі атрад рухаўся лесам, а потым выйшаў на палявую дарогу. Уперадзе атрада былі відаць яшчэ дзве калоны - гэта пайшлі іншыя атрады брыгады Ядлоўца. Адну за адной партызаны міналі спаленыя фашыстамі вёскі. Паблізу ад абгарэлых печак стаялі, нібы змеценыя венікі, дрэвы. Дзе-нідзе ў садочках, каля папялішчаў, узвышаліся зямлянкі, над якімі паблісквалі камянкі, зробленыя з гільзаў дальнябойных гармат. З некаторых зямлянак на вуліцу выскоквалі хлапчукі. Яны, нібы генералы, толькі ў салдацкіх чаравіках, уздзетых на босую нагу, уважліва аглядалі кожную калону і з сур'ёзным выглядам размаўлялі паміж сабой.