Над лесам за Бярэзінай кружылася нямецкая «рама», бубнеў партызанскі кулямёт. У глыбокім тыле гітлераўцы не пасылалі самалёт-«раму» для выяўлення партызанскіх стаянак. Гэты моцны фашысцкі сцярвятнік звычайна разведваў перадавыя пазіцыі нашых войск. На ім тоўстая браня і выдатная оптыка. Гэта быў самалёт-разведчык, і партызанскага агню ён мала баяўся. Ды і не варта было страляць па ім, бо магчымасць пашкодзіць была вельмі малая. Толькі боепрыпасы дарэмна патраціш.
З'яўленне «рамы» каля Бярэзіны ўжо сведчыла аб тым, што фронт недалёка. Яна, відаць, аглядала і фатаграфавала вызначаныя шляхі для адступлення фашысцкіх войск. А партызанскі кулямёт, напэўна, вёў агонь, каб адцягнуць увагу нямецкага разведчыка ад рэчкі, на якой быў наладжаны мост. Праўда, самалёт не дасягнуў Бярэзіны, а павярнуў і знік у блакіце ўсходняга неба.
Мінуўшы луг, партызаны падышлі да пераправы. Які атрад паклапаціўся, каб зрабіць такі мост, невядома. Відаць было, што мост зроблены не сапёрамі, але па-майстэрску - проста і мудра. Звязаныя бярвенні ў выглядзе плыта трымаліся на двух доўгіх тросах. З правага боку рэчкі канцы тросаў былі замацаваны да ўкапаных слупоў, а з левага - да дрэў, якія стаялі на крутым беразе. Тросы былі нацягнуты, нібы струны, бо хуткае цячэнне Бярэзіны з магутнай сілай уразалася ў бярвенні моста і на сярэдзіне выгінала яго ў дугу.
Брыгада пераправілася хутка, і ўжо на малых інтэрвалах атрад за атрадам пакрочыў каля берага рэчкі. Вось і пагарэлішча былой вёскі Святое. Валодзя рашыў завярнуць да сядзібы дзеда Астапа, даведацца, як ён там жыве, і рыссю памчаў да вішнёвага садка, які ўжо стаяў без лісця. Каля аблупленай печкі партызан спыніў кабылу. На двары ніякіх прыкмет жыцця: пасівелі абчасаныя бярвенні, апаўзлі выкапаныя ямкі для падмурка, толькі маўкліва пазірае чорным вокам у вішняку адчынены склеп. Сцяжынка да яго засыпана апаўшым лісцем. На кучы трэсак ляжыць пакрытая рыжымі вяснушкамі сякера. «Напэўна, не захацеў стары Астап жыць у адзіноце і падаўся да людзей. Або і яго дзе-небудзь на човенчыку гітлераўцы застрэлілі. Ну што ж, такі ўжо, відаць, лёс у старога...» - падумаў партызан, зняў пілотку на хвілінку, нібы над труной дзядулі, і памчаў назад з папялішча.
Партызаны спыніліся на скрыжаванні трох дарог, якія выходзілі з лесу на пакаты бераг Бярэзіны. Тут да вайны цераз рэчку быў мост, і немцы па ім перапраўляліся, калі ішлі на ўсход. Але партызаны знішчылі мост, і руху ўжо ў гэтым месцы не было. Партызанскае камандаванне ведала, што гітлераўцы, якім шляхам наступалі, такім цяпер і ўцякаюць. І вось брыгадзе Ядлоўца якраз выпала задача ўтрымліваць былую прыстань на Бярэзіне і не даць магчымасці гітлераўцам наладзіць пераправу.
Атрад Булынкі размясціўся ў цэнтры брыгады і павінен быў кантраляваць галоўную магістраль, якая ідзе з Рэчыцы. Кожнаму партызану было вядома, што гэта самы адказны і небяспечны ўчастак абароны. Па гравейцы могуць ісці матарызаваныя войскі ворага. Таму Булынка аддаў загад асноўным сілам атрада неадкладна рабіць завалы на гравейцы. Партызаны ўспрынялі яго як выключна мудрае рашэнне. Дыверсійная група Байкача пачала рыхтаваць міны.
- Таварыш камандзір, - звярнуўся Валодзя да Булынкі, - мне патрэбна вельмі многа толу. Мяркую паставіць міны націскнога дзеяння паміж заваламі і нацяжнога - абапал гравейкі. Калі ўсё зробім так, дык не толькі машына, а нават гітлераўскі салдат не пранікне да нашай абароны.
- Тады яны кінуцца на суседні атрад.
Валодзя засмяяўся:
- Няхай і той атрад робіць так, каб да іх не падышлі.
- Але ж камандаванне брыгады лічыць, што самы моцны ўдар гітлераўцам павінны нанесці мы.
- Чым мы нанясём? Патронаў, гранат на паўгадзіны бою.
- Сёння ноччу ў размяшчэнні брыгады нашы самалёты павінны скінуць многа боепрыпасаў і зброі. Штаб злучэння ўжо трымае сувязь з камандаваннем фронту. Зразумела, мы не ўтрымаем гітлераўцаў, але ж павінны скаваць іх хоць на некаторы час, а потым калі ўсё-такі прарвуцца праз партызанскую абарону, дык ужо не паспеюць замацавацца на Бярэзіне, бо па пятах наступаюць рэгулярныя нашы часці. Заўтра ваша група павінна закончыць мініраванне подступаў і пераправіцца на той бок рэчкі. Там, наперадзе ў ворага, які будзе адступаць, мініраваць дарогі, сеяць паніку, - гаварыў камандзір атрада.
- У такім выпадку я буду заўтра прысутнічаць пры размеркаванні грузаў. Вы злучыцеся са сваімі, а мы адарвёмся ад атрада, дык нам трэба мець вялікую колькасць боепрыпасаў.
- Думаю, што тваю групу ўзброім як належыць. А цяпер тол ёсць, можаш браць, колькі спатрэбіцца.
Валодзя пайшоў да сваёй групы. Хлопцы ўжо збудавалі нейкі бліндаж у яры. Ён не быў падобны на бліндажы, што майстравалі іншыя партызаны, а хутчэй нагадваў пячору сівой старажытнасці. Збоку ў яры быў пракапаны пясчаны грунт, пастаўлена некалькі падпорак і нацягана туды шмат яловых лапак. Валодзя ўсунуў галаву ў пячору і гучна сказаў: