- Вы, нібы краты... закапаліся, вылазьце, бо адлежвацца не давядзецца. Ці ўсе вы тут, не відаць нікога.
- Усе! - адразу пачулася некалькі галасоў.
- Давайце, браткі, пойдзем папрацуем крыху да змяркання.
- Ды няхай завалы робяць, а то яшчэ сваіх падарвём, - сказаў Пыліла.
- Што, стаміўся ўжо? Трэба спяшацца, бо заўтра нам трэба перабірацца назад на той бок Бярэзіны.
- Чаго? - запытала Валя.
- Трэба будзе паскубваць ворага на шляху адступлення.
- А гэта лепш, чым сядзець у гэтай нары, - сказаў Анатоль і выйшаў у яр. - Пайшлі, таварышы.
Быў ужо завалены вялікі адрэзак гравейкі, калі падышлі дыверсанты. Яны пачалі ставіць міны з такім разлікам, каб да спілаваных дрэў не мог нават ступіць салдацкі бот.
- Вось гэта прыдумалі добра, - гаварылі некаторыя партызаны. - А мы лічылі, што наша праца будзе дарэмнай. Танкі падыдуць, дрэвы расцягнуць, і шлях адкрыты. А цяпер трасцу...
Такія ацэнкі партызан натхнялі дыверсантаў, і кожны быў задаволены, што без іх нельга абысціся атраду ні ў якім выпадку. Шкада толькі падрыўнікам, што яны не будуць бачыць тут выніку сваёй працы.
Вечарэла. Згусціўся змрок у бары, затое неба нібы пасвятлела. Хмарак не было, і месяц не гойдаўся, а яго сёстры-зоркі рассеяліся па ўсім нябесным купале. Адна мільганула ў сіні і пайшла ўніз, пакідаючы за сабой іскрысты хвост. Але хутка яна нібы перадумала падаць на гэтую трывожную зямлю, дзесьці патухла, не даляцеўшы да цёмнай паласы лесу.
Хаця вечар і быў ціхі, але хвалі Бярэзіны зганялі сцюдзёнае паветра на бераг, і халадок лез пад лёгкае партызанскае абмундзіраванне. Цяпер многія ўспаміналі выступленне самадзейнага артыста, які крытыкаваў партызанскія світкі. Сапраўды, у гэтым годзе партызаны да зімоўкі не рыхтаваліся. Кожны думаў, што цёплая вопратка ўжо больш не спатрэбіцца ў лесе. Усе чакалі вайсковых шынялёў, паўкажушкоў. Злучацца са сваімі войскамі, а там Радзіма паклапоціцца: апране, абуе байца.
Кастры паліць не дазвалялася, а бліндажы не закончаны, і для многіх партызан ноч была салаўінай. Яны не спалі, а скакалі, шчоўкалі, свісталі. Днём, калі ўсе працавалі, дык і не ўяўлялася, што будзе так холадна. Лепш адчувалі сябе дыверсанты ў пячоры. Праўда, Валодзя са сваімі не начаваў. Ён паліў кастры на паляне, каб зарыентаваць лётчыкаў, дзе скінуць груз. Вярнуўся ў пячору толькі раніцай, упаў каля ног сваіх сяброў і заснуў.
Сонечныя праменні змянілі срэбны бляск ад месяца на Бярэзіне і запалілі яе чырванню. Пафарбавалі ракітнік на плёсах, крутыя пясчаныя берагі, ствалы сосен. Партызанская абарона была маўклівай. Усе, хто ноччу не спаў, запалілі кастры і паляглі плячамі да іх, каб пагрэцца. Але ў небе пачуўся гул самалёта, і панеслася па лесе каманда: «Гасі кастры! Гасі кастры!..» Зноў да Бярэзіны над гравейкай ляцела «рама». Мінуўшы завалы, яна развярнулася і над рэчкай паплыла ўніз да партызанскага моста. Але мост ужо быў зняты і зведзены да аднаго берага. Па самалёце партызаны не стралялі. Ён знізіўся і шнырыў над берагамі Бярэзіны. Невядома, заўважыў гітлераўскі сцярвятнік змены на гравейцы ці не, але зноў павіс над ёю.
Булынка не вытрымліваў, каб не ўдарыць па самалёце з супрацьтанкавых ружжаў, якія атрымаў атрад сёння ноччу, але сам не адважыўся на такое рашэнне. Ён ускочыў на каня і памчаў у штаб брыгады.
Выслухаўшы камандзіра атрада, Ядловец глянуў на Сяргеева, усміхнуўся і сказаў:
- Вось чаму ў іх атрадзе ўсе гарачыя, бо сам камандзір такі. Мы лічылі цябе, Булынка, больш разважлівым. Напэўна, закруцілі табе галаву супрацьтанкавыя ружжы. Былі б яны раней у атрадзе, мы б выкарыстоўвалі іх інакш. Стралялі б і па самалётах, і па паравозах. А цяпер мы не толькі выдадзім сябе, але і сваю зброю. Вось мы думаем, як траншэі пракапаць, кулямётныя кропкі ўстанавіць, каб вораг не заўважыў, а ён па паветранаму разведчыку хоча агонь адкрываць. Як толькі гітлераўцы даведаюцца, што мы тут умацаванні робім, дык яны з артылерыі, з самалётаў змяшаюць гэты бераг і нас разам. Аб завалах гітлераўцы ведаюць, дык трэба сёння ж заваліць гравейку кіламетраў за пяць ад нас. Пры адступленні яны расцягнуць і будуць спакойна рухацца ўперад.
- Зразумела, - адказаў Булынка.
- Так, цяпер паедзеш і адпусціш дыверсійную групу Байкача, - сказаў Сяргееў.
- Яны яшчэ не закончылі мініраваць падыходы.
- Знайдзі іншых мінёраў. Мы не ўпэўнены, што адтуль не падыдзе якая-небудзь часць. А будзе там група Байкача, лічы, што нашы вочы там.