- Таварыш камісар, Валодзя заўсёды разведку праводзіць на сябе, лепш...
- Зараз жа накіруй яго да мяне, - перабіў Сяргееў.
- Ёсць! - павярнуўся і пайшоў з бліндажа Булынка.
- Я разумею Булынку, не хоча групу адпускаць, - усміхнуўся Сяргееў.
- А што, сапраўды можна было за Бярэзіну паслаць некалькі разведчыкаў, - сказаў Ядловец.
- У масавы бой не варта такую групу ўцягваць. Хлопцы там смелыя, і будзе недаравальна, калі ў апошнім нашым баі загінуць. Няхай лепш самастойна злучацца з войскамі. Байкача пусціць за Бярэзіну, гэта як рыбу ў рэчку. Там ён зарыентуецца, бо кожны куст ведае. Праўда, трэба папярэдзіць...
Не паспеў камісар выказаць камбрыгу сваю думку, як на парозе з'явіўся Байкач.
- Праходзь, Валодзя, - сказаў Сяргееў.
- Ды ў вас цёмна. Я прывык навокал сябе ўсё бачыць і цемры баюся горш, чым немцаў.
- А яшчэ начны салдат, - папракнуў Ядловец і ўсміхнуўся.
- Ноччу і сава вылятае на паляванне, але ж не хаваецца ў нару. У мяне розніца з савой у тым, што днём я павінен усё бачыць, а ноччу ўжо ведаць, дзе хто ёсць.
- Дык вось мы і вырашылі не трымаць цябе ў нары. Зараз жа перабірайся на той бок Бярэзіны.
- Прызнацца, таварышы камандзіры, я не зусім хачу пакідаць атрад. Заўважаю, што і хлопцы не маюць настрою, хаця і маўчаць. Праўда, Пыліла захварэў...
- Мы разгледзелі тваю заяву і аднагалосна прынялі цябе ў партыю.
Валодзя ўдыхнуў на поўныя грудзі паветра і выпраміўся.
- Але ж я гранату кідаў пад ногі камандзіру і, можа, не...
- Ты пра гэта не ўспамінай, галубок, усе даравалі табе, - сказаў Ядловец.
- А якое заданне мне за Бярэзінай?
- Вось мы цябе і выклікалі, каб расказаць, - падняў галаву камісар. - Займацца толькі разведкай. Калі будзе рухацца значная колькасць варожых войск да Бярэзіны, неадкладна паведаміць нам.
- Ну, а што тады вы зробіце, назад будзеце страляць?
- Мы паведамім у штаб арміі, і адтуль накіруюць авіяцыю. Нашы ведаюць, што немцы паспрабуюць замацавацца на водным рубяжы. І тады фарсаваць Бярэзіну будзе не так проста. А гітлераўцам з Гомеля на Жлобін шлях адступлення адкрыты, а са Жлобіна да Бярэзіны - рукой падаць, - гаварыў камбрыг.
- Я пра гэта не думаў. У такім выпадку нам неабходна будзе ставіць міны і знішчаць усе масточкі цераз канавы ў былой партызанскай зоне. Так што нам давядзецца займацца не толькі разведкай. Склаўшы рукі я чакаць сваіх самалётаў не буду.
Ядловец і Сяргееў усміхнуліся, але Байкачу не пярэчылі. Яго довады былі правільныя. Кожны партызан, выкарыстоўваючы свой вопыт і сілу, павінен зрабіць усё, каб сарваць планы ворага, бо ў варожым тыле ні адзін камандзір не прадугадае тых абставін, з якімі можа сутыкнуцца баец на кожным сваім кроку.
- Але ж галоўным для вашай групы цяпер павінна быць разведка, - пасля некаторага маўчання сказаў Сяргееў. - Бо можаце ўвязацца ў штосьці важнае, але другараднае і выпусціць з поля зроку галоўнае, што будзе каштаваць потым многіх жыццяў савецкіх воінаў. Што б ты ні рабіў там, аб гэтым, Валодзя, павінен памятаць заўсёды. Ты ўжо камуніст, і трэба думаць шырока - пра лёс многіх, пра лёс Радзімы.
- Я заўсёды думаю ад канкрэтнага да агульнага. Вось мы пакуль маўчалі, я думаў, як пераправіцца цераз раку. Хачу пару коней з сабой узяць.
- А гэтага не трэба было б рабіць, - сказаў Сяргееў.
- Што - думаць?
- Не, коней браць. Трэба добра ўзброіцца, узяць з сабой сухароў і хадзіць непрыкметна па скрытых мясцінах.
- Я сваю немку не пакіну, яна мяне з любога агню вынесе, а тут здохне. Яе ж вазьмі за шчотку пярэдняй нагі і скажы ляж - лажыцца.
- І па-расейску разумее загады? - усміхнуўся Ядловец.
- Немец так хутка не навучыўся б нашай грамаце, як жывёліна. Таго трэба біць, каб зразумеў, а яе папрасі, яна ўсё выканае. Скажу стой, а сам саскочу з сядла і пабягу ў хату. Вярнуся, стаіць сярод вуліцы, чакае. Не, я не пакіну кабылу. Мне трэба будзе тэрмінова да вас, адно імгненне - і я тут. А што за разведка, калі я буду з данясеннем на некалькі метраў уперадзе нямецкай калоны ісці? На кабыле я лёгка цераз Бярэзіну пераплыву, яна заўсёды паслухмяна ў ваду ідзе. Трэба ўсё ўлічваць, таварышы камандзіры.
- Ну, пераканаў, бяры, - засмяяліся камбрыг з камісарам.
- Тут я ведаў, дзе ў спаленай вёсцы схаваны човен. Калі ён ёсць там, дык мы лёгка перабяромся цераз рэчку. Я распрануся і вярхом на кабыле паплыву.
- Прастудзішся, глядзі, - папярэдзіў Ядловец.
- У мяне ж не арыйская кроў, не блакітная, а чырвоная і холаду не баіцца.
- Слухай, калі ёсць човен, дык ты захапі з сабой партызана, ён вас пераправіць і прыплыве сюды. Човен можа нам спатрэбіцца, - сказаў камісар.