Звычайна, якім бы глыбокім сном ні спала вёска, але варта пасядзець крыху паблізу - і ты адчуеш жыццё. То дзе жывёліна грукне, то дзверы скрыпнуць, а дзе дзіця заплача і агеньчык блісне ў акне.
Дубраўка стаіць зацярушаная снегам, прытуліўшыся адным бокам да лесу. Яна нібы прытаілася, каб не выдаць чым сябе. І гэта незвычайная цішыня трывожыла Валодзю, але ён не рабіў, тым больш не выказваў ніякіх вывадаў і чакаў разведчыкаў.
Нарэшце хлопцы прыйшлі. Яны паведамілі, што ні каляін, ні слядоў свежых няма.
- Што ж, рушым, - сказаў камандзір і першым пайшоў каля плота да хаты.
З агарода ён пастукаў у акно, але ў хаце ніхто не аказваўся. Тады ён адчыніў варотцы са штыкету і падышоў да сянец.
- Няўжо так моцна спяць? - шэптам сказаў Валодзя.
Адзін за адным партызаны ўвайшлі ў хату. Данілаў бліснуў запальнічкай. Падлога чыстая, ложкі засланы, на сцяне - фотакарткі, а крыху вышэй - маўклівыя ходзікі з апушчанай да адказу гірай. Праўда, было холадна, амаль як на дварэ.
- Адпачываць ёсць дзе, але ж тут не нагрэешся, - сказаў Анатоль.
Валодзя загадаў хлопцам агледзець суседнія двары. Выйшаў і сам, каб паставіць кабылу ў хлеў. Яго здзівіла, што і каровы ў хляве няма, а па ўсім відаць - нядаўна была. Нават сена нарыхтавана поўна. «Няўжо ад усяго жывога вёску ачысцілі гітлераўцы?» - падумаў Валодзя. Навязаў кабылу ў хляве, выйшаў, захапіў пад павеццю бярэмя дроў і вярнуўся ў хату. Хутка вярнуліся хлопцы.
- Палавіну вёскі абышлі, і - ні душы, нават у дварах жывёлы ніякай няма, - дакладваў Анатоль.
- Мяне толькі здзіўляе, як маглі немцы так ачысціць Дубраўку, каб ні аднаго чалавека не засталося. Нават агнём знішчалі вёскі і то хоць хто-небудзь з жыхароў ды заставаўся жывым, - разважаў камандзір.
Валя, не даслухаўшы размовы, распаліла ў печы, наліла чыгунок вады і паставіла яго ў печ.
- Давай скавараду, - сказаў Анатоль. - Я ў адной хаце на паліцы кавалак сала знайшоў.
- Малайчына, - пахваліў камандзір. - Давайце смажыць, але ж некаму трэба ісці і на варце пастаяць. Я не думаю, што за намі немцы будуць паляваць, але ж могуць адступаць і трапіць сюды на агеньчык.
- Я пайду, - сказаў Грышка. - Толькі ж пакіньце мне сала.
- Добра, будзе. Праз дзве гадзіны цябе зменім. А цяпер глядзі, не блукай пасярод вуліцы, хадзі ціха і, галоўнае, прыслухоўвайся, бо вораг невядома адкуль можа з'явіцца, - сказаў Валодзя.
- Ёсць!
Грышка пайшоў. Каля печкі завіхалася Валя, а хлопцы сціхлі і драмалі. Дзяўчына заўважыла, што ў Валодзі апусцілася на грудзі галава. Яна падышла і прашаптала, каб ён пайшоў і лёг. А ён працёр рукою вочы, устаў і падышоў да печы:
- Я доўга драмаў?
- Не.
- Ведаеш, здалося, што я дома і без ніякай трывогі лёг у ложак. Ты будзіш, а мне мроіцца, што гэта маці. Далібог, была нейкая шчаслівая даваенная хвілінка майго існавання.
- Дык дарэмна я разбудзіла цябе?
- Гэта ж быў толькі сон, а ў сапраўднасці ж не так. Ужо напэўна такога жыцця не будзе, якое было ў дзяцінстве, а будуць заўсёды перад табой клопаты. Здаецца, каб адваяваўся ды вярнуўся назад у тое даўняе басаногае дзяцінства, дык быў бы самы шчаслівы.
- Валодзенька, я ўпершыню ад цябе чую такія размовы.
- Якія?
- Скіраваныя назад. Ты заўсёды жыў і думаў наперад, а цяпер хочаш вярнуцца ў безразважнае жыццё. Ты стаміўся, табе трэба адпачыць. Мы тую ноч спалі, а ты не. Наступае ж самы радасны момант, наша вызваленне. Ён радасны і для дзіцяці.
- Так... я стаміўся. Напружанне знікла, і ў думках я лячу ў нікуды. Я балюча пераношу вось такія з'явы. Няма цэлай вёскі людзей. Можа, такое ж становішча і ў Слабадзе і ў Дубовай Градзе.
- Дык пры чым ты тут?
- Якая ж тады мая перамога. Гітлераўцы, нібы рыбу ў трал, зграблі людзей, а мы два гады тут адстойвалі жыццё. Ты ж бачыш, яго няма цяпер. Каты - і тыя без людзей падохнуць.
- Мы тут будзем жыць! А не мы, дык іншыя нашы людзі. Ты б сказаў, на чорта вайна ўвогуле, а не твая барацьба. Ты бачыў, колькі фашыстаў бяжыць, і не можаш тралам захапіць, дык расчараваўся. Возьмуць недзе ж і іх, ідуць твой бацька, мой. Хтосьці ж гоніць гітлераўцаў, не самі ж яны бягуць.
- Я гэта ўсё разумею, але ж, здаецца, лепш было б пражыць хоць год дзіцем. Хіба толькі з'явяцца якія новыя вялікія захапленні і праблемы ў жыцці, дык зможам забыць на ўсе пакуты людзей. Ты думаеш, што Пыліла сапраўды захварэў і не пайшоў з намі? Шкада, што такія людзі застануцца, і з імі ў мірны час будзе цяжэй весці барацьбу.
- Ты б хацеў, каб я была дарослая, а ты дзіця?
- Не, я хацеў бы, каб і ты са мной на прызбе корпалася бесклапотна. А можа, і лепш, што мы такія, - усміхнуўся Валодзя, абняў і пацалаваў Валю. - Хаця вось жыццё ідзе сваёй чаргой. Гэта калі не будзе ўсіх людзей, тады толькі напэўна спыніцца яно. А хоць і будзе існаваць, дык нікім не пазнанае. А гэта ўжо рэч у сабе. І асэнсавана жыццём ніхто не будзе задаволены.