Валодзя пачуў аўтаматную чаргу, крык і першым кінуўся па вуліцы, за ім пабеглі Анатоль з Валяй.
Заякін заўважыў партызан і шмыгнуў цераз плот. Гут апусціў вінтоўку і стаяў побач з лётчыкам. Грыша кінуўся вакол двара, каб перахапіць Заякіна. Валодзя таксама пабег туды.
- Забіў Данілава, гад, - крычаў Грыша.
Валодзя ўбег у двор, каб трапіць на след бандыта, але ў хаце пачуў голас Анатоля: «Вылазь, вылазь!» Валодзя ўскочыў у хату. З-пад адчыненай падложыны шалёна зіркнулі вочы бандыта, які спяшаўся перазарадзіць пісталет. Анатоль стаяў белы як палатно, прыціснуўшыся да сцяны. Вінтоўка ў яго была за плячамі. Валодзя даў чаргу, пасыпаліся на падлогу пустыя гільзы патронаў.
- Мяне б забіў бандыт, ды ў яго была асечка, - уздыхнуў Анатоль.
- Дык хто ж бяжыць у хату і вінтоўкі з плячэй не здымае! - злосна сказаў Валодзя. - Забіў бы...
Хлопцы выцягнулі з-пад падлогі нежывога бандыта, забралі нямецкі аўтамат, парабелум і пайшлі з хаты.
- Чаго ты стаіш рот разявіўшы? - сказаў на Калошу Валодзя. - Зараз жа адбяры ў іх зброю.
Лётчык глянуў на зорачку, што была ў Валодзі на пілотцы, і моўчкі аддаў пісталет, а Гут апусціў вінтоўку, і яна ўпала яму пад ногі. Больш за ўсё Сукач напалохаўся, калі заўважыў Валю.
Валодзя з Анатолем нагнуліся над Данілавым. Раскінутыя рукі, твар іх баявога сябра былі белыя. Нерухомыя вочы, накіраваныя ў хмарнае неба, заліліся празрыстымі слязьмі.
- Хто вы? - разагнуўся Валодзя і падышоў да лётчыка і Гута.
- Я савецкі лётчык, збіты тут над лесам, а яны сказалі мне, што партызаны.
- А ты хто? - звярнуўся камандзір да чалавека ў цывільным.
- Я са Слабады, - Гут паглядзеў на Валю. - Яна ведае.
- Як ты трапіў сюды?
- Мяне гналі разам з усімі людзьмі ў Альхоўку на расстрэл, але я ўцёк.
- Маю маму вы не бачылі? - раптам запытала Валя.
Гут таптаўся, лыпаў вачамі і не ведаў, што адказаць дзяўчыне.
Сказаць, што бачыў, дык адразу нібы распране сябе. Ён жа амаль усе слабадскія сем'і характарызаваў немцам і праводзіў у апошні шлях аднавяскоўцаў. Бачыў і Валіну маці, якая па ледзь зацярушанай снегам дарозе цягнула на санках сваю меншую дачку. Гэта была жудасная карціна нават для самога Гута, які ведаў, што жанчына вязе сваё дзіця не дзеля таго, каб выратаваць, а на смерць.
Валодзя заўважыў, што Гут запнуўся і не ведае, што адказаць.
- Чаго маўчыш? Каб не бачыў, дык адразу б сказаў, - гэтыя Валодзевы словы нібы апяклі Гута.
Ён адразу ж вымавіў:
- Бачыў, яе таксама пагналі ў Альхоўку.
Валя захвалявалася і адвярнулася.
Падышоў Грыша:
- Дык што, Гут, ты таксама хацеў страляць партызан?
- Не, я не ведаў, што вы партызаны...
- А ты ведаў свайго паплечніка? - запытаў камандзір.
- Не, я з ім сустрэўся выпадкова ў лесе, а потым мы напаткалі лётчыка.
- А хто ты ёсць, ведаеш? - зноў запытаў Валодзя. - І чаму ў цябе мянушка Гут?
- Я ў імперыялістычную вайну трапіў да немцаў у палон, і, калі вярнуўся дадому, мяне так празвалі людзі.
...На ўсходзе грымела, ужо нават чуваць былі асобныя выбухі. Валодзя падышоў да Валі, крыху супакоіў яе, а потым павярнуўся і сказаў:
- Хутчэй знайдзіце рыдлёўкі і пахаваем Данілава вось тут, у кветніку пад бэзам.
Хутка вырасла магіла, над ёй убілі дошчачку з надпісам: «Адважны партызан Мікола Данілаў, 1918 г. нараджэння. Загінуў 23.XI.1943 г.».
Валодзя зняў са сваёй пілоткі зорачку і прымацаваў яе да дошчачкі.
- Ты сапраўдны савецкі пілот? - звярнуўся камандзір да чалавека ў форме лётчыка.
- Вось мае дакументы, глядзіце.
- Дайце яму аўтамат. Няхай будзе партызанам.
Лётчык узяў аўтамат і запытаў:
- А што за камандзір мяне вёў, што вы забілі?
- Гут, прызнайся, хто гэта з табой быў? - сказаў Валодзя.
- Ведаю, што ён раней быў у Жлобіне начальнікам нямецкай турмы, а цяпер казаў, што партызан.
- Чуеш, лётчык, кім быў твой камандзір? - горка ўсміхнуўся Валодзя.
- Так, складаныя тут абставіны, цяжка ў іх адразу разабрацца. Гэта не тое, што ў нас у чыстым небе.
- Грыша, бяжы прывядзі маю кабылу, - сказаў камандзір.
...Лес не гойдаўся, але здавалася, што пад нізкімі свінцовымі хмарамі ён стогне. Партызаны пайшлі ад вёскі на захад.
XVII
- Мамачка, мама!.. Панок, забі і мяне... Прашу... забі і мяне... Валечка, тата, дзе вы?..
Галя ўстала з санак і ўпала ніц на роўны бялюткі снег. Яна паўзла, але не да забітай маці, якая яшчэ ўздрыгвала, трымаючыся за кончык вяровачкі, што была прывязана да санак. Яна паўзла да немца. Гітлеравец адступіў крыху назад да тоўстай сасны. Не, ён не баяўся хворай дзяўчынкі, яе спалоханых вачэй у слязах, а адступіў, каб сфатаграфаваць гэтую жудасную карціну, якую сам стварыў.