- Дзядзечка, - звярнулася Галя да Гута, які стаяў побач з фашыстам, - папрасі пана, каб ён забіў і мяне, папрасі... папрасі...
Дзяўчынка залілася ў плачы, гітлеравец павярнуўся і пайшоў на дарогу, за ім пакрочыў і Гут. Праз некалькі хвілін Галя зноў папаўзла да маці, падграбаючы пад сябе снег голымі рукамі. Прыпала да яе грудзей і колькі было сілы крычала. Потым сціхла і прыслухалася. Сэрца маці яшчэ зрэдку стукала. Галя схапіла яе за галаву і хацела падняць.
- Мамачка, міленькая, устань, - прасіла і цалавала ў халадзеючыя шчокі дачка. Але галава маці была цяжкая, а вочы заплюшчаны. - Мамачка, мая мамачка, ты ж казала, што мяне будзеш вазіць у калясцы, каб толькі я жыла. Як я хацела, каб ты не ведала праз мяне пакутаў, мамачка... чаму ён мяне не забіў, пракляты, а цябе... - прычытвала Галя.
Раптам у Альхоўцы затрашчалі кулямёты. Спачатку іх глушыў шматгалосы крык людзей, а потым ён паступова слабеў, і ўжо больш выразна чуваць былі кулямётныя чэргі. Глуха зашумеў стары бор і нібы пахіліўся ў бок вёскі. Гэта полымя, якое ахапіла вёску, пацягнула навакольнае паветра ў створаны фашыстамі смерч.
«Страляюць без выбару, усіх», - падумала Галя. Яна прыўзнялася на калені і прыслухалася яшчэ ўважлівей. А кулямёты працавалі няспынна. Немаведама адкуль з'явілася сіла. Адным рыўком Галя падцягнула санкі і паклала маці ў сваю пасцель. Зноў сціснулі горла спазмы і вочы наліліся слязьмі. Галя ўпрэгла свае кволыя плечыкі ў вяроўку і паўзком пацягнула санкі назад у бок Слабады. Не, яна не пацягне маці ў вёску, там поўна немцаў. Яна завязе яе да могілак, але ж як там пахаваць? Не, яна не павязе маці на могілкі, яна павязе яе на прасеку, што цераз балота, куды летам вазіла яе маці, дзе многа было кветак і пахла свежаскошанай травой. Адтуль яна будзе прабірацца на ўсход. Там яна сустрэне сваіх і раскажа ім пра ўсё. Можа, убачыць і бацьку.
Пакуль так разважала дзяўчынка, дык не адчувала ні стомленасці, ні холаду. У думках яна ўжо пераадолела кіламетры чатыры і набліжалася да балота. Калі ж спынілася і зноў стала на калені, то ўбачыла: адпаўзла зусім недалёка. Яшчэ чуваць былі глухія адзіночныя стрэлы ў Альхоўцы. Рукі гарэлі, а кончыкі пальцаў былі нібы не яе. Яна пачала расціраць іх і адчула, як у пальцы закалола. Гэта і навяло яе на думку прапаўзці яшчэ крокаў колькі ўперад і раскапаць мурашнік - вунь той, што стаіць белай копкай ля сасны. Няхай кусаюць, яна будзе цярпець. Чым глыбей раскопвала Галя мурашнік, тым цяплей рабілася яе рукам. «Гаварыла ж я маці, што буду вучыцца хадзіць, ужо спіна не баліць. Дык не, паляжы яшчэ з паўгода. А як добра было б цяпер, каб я стаяла на нагах», - думала Галя.
Маці ўгаворвала ляжаць, бо баялася, каб Галя не засталася гарбатай, але не гаварыла пра гэта дачцэ, а дачка і сама ведала, што можа з ёй здарыцца, калі ўстане. І ляжала амаль увесь час дагары на голых дошках. Спрабавала тайком ад маці сесці іншы раз на ложку, але галава пачынала кружыцца, а з ёю і вокны, і сцены... Тады Галя хуценька лажылася, і ўсё спынялася. Маці вельмі чакала вызвалення. Тады ўжо, думала яна, падніме дачку. Многа яна перапакутавала і за здаровую, старэйшую. Гітлераўцы схапілі Валю і гналі ў Германію. Не, ужо лепш калека пры маці, чым здаровая ў фашысцкай няволі на чужыне. Нават так даводзілася разважаць маці. Бо іншы раз зойдуць немцы ў хату, а яна і скажа ім, што дзіця хворае, дык яны хуценька і выметуцца. Вось чаму жанчына падзяляла немцаў на людзей і на звяроў. Яна не ведала, што гэтыя звяры - прамыя носьбіты палітыкі фашызму, а наватарства іх у забойствах савецкіх людзей не мела рубяжа і ніякім правам і законам не абмяжоўвалася. А былі і такія немцы, якія іншы раз самі здзіўляліся нечалавечай палітыцы сваёй дзяржавы, але лічылі, што яны няправільна ўсё разумеюць, і баяліся нават сваіх думак. Вось і сёння фашысты яшчэ раз падмацавалі сваю палітыку дзеяннямі ў палескіх вёсках.
Бор змяніўся кволым, але густым бярэзнікам. Цяжка было Галі прабірацца з санкамі. На дарогу яна паказвацца баялася, бо толькі што з Альхоўкі праехала некалькі машын з гітлераўцамі.
Галя жывая, галава яе поўная думак, сэрца б'ецца, а вось ніяк не можа стаць на ногі. Не, яна ўсё роўна будзе хадзіць, так гаварыла ёй і маці. Вось толькі ўбачыць сваіх салдат, яна ўстане. Будзе хістацца - падтрымаюць, дапамогуць устаяць, пайсці. З імі ж недзе і яе бацька. Толькі ці жывы ён? Дзяўчынка яшчэ мацней закруціла на рукі нейкія анучкі і, пятляючы між бярозак, працягвала паўзці, цягнучы за сабой санкі.
Пачынала цямнець. Дзяўчынка спяшалася, але ад гэтага яшчэ мацней забілася сэрца, больш балюча ўпівалася ў плечы вяроўка. Стома ўсё больш агортвала Галіну душу і цела.