Выбрать главу

Спачатку Галя думала, што будзе прытрымлівацца дарогі і не спыніцца нідзе нават і ўначы. Яна не ведала сваёй сілы і таму не магла разлічыць яе на ўвесь свой цяжкі шлях. Дзяўчынка рухалася, а думкі ўжо не ляцелі, як раней, удалячынь, а былі канкрэтныя. Дзе б напаткаць якую зямлянку або стажок, каб закапацца ў яго з галавою і праляжаць да раніцы. Бо страшна ноччу ў лесе, можна натрапіць на шалёнага ваўка або сабаку. Расказвалі, што ў гэтым лесе блукае многа адзічэлых сабак-аўчарак. Яны былі вартавымі ў ваенным гарадку, але ў сорак першым іх пакінулі ў лесе, цяпер яны дзікія і зласнейшыя за ваўкоў. Людзей не баяцца, падбягаюць, абнюхваюць і накідваюцца, ірвуць.

Неба было ахутана хмарамі, і на ноч мароз не ўзнімаўся; снег ляжаў мяккі. Галя была ўся мокрая і ад поту, і ад снегу. Спыніцца дзе-небудзь пад дрэвамі было немагчыма. Хоць бы запалкі былі ў дзяўчынкі, яна б расклала агеньчык, праляжала б каля яго ноч. Есці маці нешта пад галаву на санкі клала, а вось запалак няма. Галя спынілася. Крыху раней яна глядзела толькі ўперад, і неяк страшна было азірацца на нежывую маці, а цяпер, калі пацямнела, дзяўчынцы хацелася быць побач з ёю. Галя наблізілася да маці, зноў заплакала і ўпала на яе грудзі. Цалавала халодныя рукі, прасіла: «Мамачка, устань, ужо цёмна, я баюся». Галя адкруціла з рукі анучу, расшпіліла матчына паліто, і праз горыч у душы дзяўчынкі бліснула іскрынка радасці. У кішэні матчынага халата яна знайшла запалкі. Гэта яшчэ як заходзіў Данілаў, дык прынёс ім некалькі карабкоў. Маці эканомна расходавала іх. Раніцай, калі распальвала ў печы, дык часта раздзьмухвала вугольчыкі.

У Галі раптам прыбыло сілы, і яна зноў упрэглася ў вяроўку і пачала выбірацца з бярэзніку, каб трапіць у вялізны чорны ельнік, што віднеўся ў глыбіні лесу. Пад некаторымі ялінамі не было нават снегу, ляжала мяккая сухая ігліца. Галя спынілася пад густым шатром старой елкі. Наламала сухіх галінак, каля сучка на кары абмацала нават смалу, крыху надрапала яе і распаліла агеньчык. Доўга яшчэ поўзала яна ад дрэва да дрэва, каб назбіраць на ўсю ноч дроў.

Нерухомы твар маці пад бляскам агню нібы ажыў: ён то святлеў, то цямнеў. Галя глядзела на маці і думала: «А можа, мне гэта толькі здаецца, можа, гэта я сню сон, што бачу яе такой. Не, - стукнула дзяўчынка сябе ў грудзі. - Не, я не сплю, і мама не спіць, яна забітая. Я не буду хаваць маці, я не разлучуся з ёю да таго часу, пакуль не сустрэну бацьку. Буду везці на ўсход па кустах, па полі. Няпраўда, я ўсё роўна сустрэну нашых. І дзе б бацька ні быў, яго знойдуць, і ён прыедзе, ён жа лейтэнант, а цяпер, можа, ужо і старшы, яго адпусцяць, і ён пахавае маці і забярэ мяне. Я навучуся хадзіць і ў Германію зайду. Буду блукаць там усё жыццё, пакуль не знайду гэтага гада, які забіў маму, я запомніла яго і сама павешу Гута».

Галя, узняўшы галаву, глядзела ў цёмны ельнік, а гарачыя слёзы цяклі і цяклі па твары. Дзяўчынка разумела, што яна цяпер бездапаможная пылінка, але яна верыла ў сілу бацькі, сястрычкі Валі, у сілу сваіх. Здаецца, які б чалавек ні быў па характары, па паходжанні, веравызнанні, а ў вялікім няшчасці ён імкнецца да другога чалавека, і той дапаможа яму. А вось тут па дарозе на машынах праязджаюць людзі, але да іх не звяртаецца трынаццацігадовая хворая, і ў такім стане, дзяўчынка. Лепш трапіць да ваўкоў або адзічэлых сабак, чым да іх.

На грудзях у маці, здавалася, яшчэ ўтрымлівалася цяпло. Галя падлезла пад паліто, каленямі ўперлася ў халодную подсцілку з яловай ігліцы і прыціснулася да маці. Ззаду патрэскваў слабы агеньчык, але ад яго дзяўчынка не адчувала цяпла. Яна трымцела ці то ад холаду, што ішоў ад каленяў уверх па целе, ці то ад страху. Галя хацела хоць на хвілінку заснуць, але не магла. А можа, яна і спала, бо не ведала, як раптам перад ёю з'яўляліся і знікалі немцы, чамусьці доўга рагатаў і хітранькі Гут. Нават чула, як пасопвае чырванашчокі з навіслымі над барадою сіняватымі, нібы п'яўкі, губамі. Яны то расцягваюцца, то сціскаюцца і горбяцца, утвараючы дзве літары «С». Галя ўздрыгнула і выцягнула галаву з-пад матчынага паліто. Сапраўды, вось ён, забойца, паказваецца, хавае твар.

- А-а-а! - закрычала Галя.

- Га-а-а! - імітаваў гітлеравец і пабег.

Дзяўчынка павярнулася і глядзела толькі на агонь. Яна баялася цемры. Там яны, гады, кішаць у ельніку, назіраюць за ёй, смяюцца, прыцэльваюцца: «Ну страляйце, страляйце ў спіну». Галя сябе бачыць на агні: ёй добра і цёпла, нібы на сонцы. Штосьці зашумела і шлёпнулася ззаду, у яе ёкнула сэрца. Не, гэта снег ссунуўся з галінак. Дзяўчынка нібы толькі што прачнулася, крыху пасмялела і зноў павярнулася да маці. З маці заўсёды хораша быць малому. Яна можа ахвяраваць сабою ў абарону яго. Агонь жа з даўніх часоў існуе як сродак, які падтрымліваў бадзёрасць чалавека, жыццё. Галя была паміж агню і маці, у якой адабралі цеплыню, сілу чужынцы. Дзяўчынку ўсю ноч вабіў то першабытны заклік продкаў да агню, то матчына, хаця і спыненае, сэрца. Ужо днела, і хаця мароз не мацнеў, але Галі зрабілася вельмі холадна. Яна зашпіліла гузікі на матчыным паліто, хустачкай закрыла яе твар, а сама распаліла большы агонь і ціснулася да яго, каб нагрэцца на цэлы дзень.