«Настаяшчая выдадзена Піліпу Сукачу ў тым, што ён са спецыяльным атрадам нямецкага войска прымаў удзел у аперацыі «Балотная ліхаманка». Гэты дакумент дае права Піліпу Сукачу прымаць удзел і ў іншых аперацыях, якія будуць праводзіцца па ўзгадненню з Дзяржаўным камісарам Усходняга Абшару.
14 ліпеня 1943 г.
Штурмбанфюрэр Гольдман».
- О, гуцік, дык ён удзельнічаў яшчэ летам у блакадзе партызан сумесна з залатым чалавекам Гольдманам, - сказаў Валодзя.
- Я ж гаварыў, але вы не прыдалі значэння, што яго прозвішча як здрадніка было запісана ў блакноце Данілава, - прамовіў Грышка.
- Ну і чорт яго бяры, адцягніце куды-небудзь далей у лес, - махнуў рукой камандзір. - А як у цябе, дзядуля, галава баліць?
- Гузак пасадзіў, баліць. Але я рад, што мая галава зберагла некага з вас, дзеткі.
- Ты шчаслівы, дзед Астап, з другога пекла выйшаў жывым, - сказаў Валодзя.
- Калі Святое палілі, мяне не было там, я на плёсе рыбу лавіў. А калі пачуў страляніну і ўбачыў полымя, уцёк у кусты і прасядзеў там, а людзей пастралялі - і старую маю забілі, і дачку. А цяпер та-ак... самі бачылі, у якім я пекле быў.
...Стары Астап хацеў будавацца, але сумна аднаму без людзей, і ён пакінуў прыбярэзінскую пустку і падаўся да знаёмых у Дубраўку. Астап добры майстра: сталяр, цясляр, і ён не баяўся загінуць без кавалка хлеба. Але і Дубраўку не абмінула фашысцкая навала. У адну ноч гітлераўцы забралі ўсіх: старых, малых - і пагналі ў Альхоўку. Немцы казалі людзям, што быццам у Дубраўцы намячаюцца жорсткія баі, і таму, каб зберагчы людзей, іх трэба эвакуіраваць у больш глухую вёску. І толькі калі гітлераўцы адабралі ад людзей лепшыя рэчы, жывёлу, стала зразумела, куды і для чаго яны эвакуіравалі ўсіх.
Астапа разам з дзецьмі і старымі жанчынамі немцы ўпіхнулі ў гумно. На вуліцы людзі стаялі нібы ў чарзе, толькі невядома за чым. Усяго ў Альхоўку фашысты сагналі больш тысячы чалавек. Некаторыя спрабавалі кінуцца агародамі наўцёкі, але іх адразу ж прыстрэльвалі. Невялікая вёска была з усіх бакоў акружана мноствам гітлераўцаў. Людзі да апошняга часу не верылі, што іх будуць расстрэльваць. Астап жа па почырку разумеў захопнікаў, і таму ён дзень і ноч капаў у гумне ямку. Узадраўшы гліняны ток, палкамі, рукамі выграбаў ён зямлю. Затым прапанаваў схаваць туды дзяцей і закрыць іх глінянымі каўрыгамі. Але ніводная маці не згадзілася на гэта, ды і дзяцей не адарваў бы ад матчыных рук. Людзі былі нібы паралізаваныя, усе думалі, што будзе далей. А стары Астап працаваў.
Раніцай праз шчыліны жанчыны заўважылі немца, які хадзіў вакол гумна з каністрай. Неўзабаве едкі пах бензіну напоўніў гумно. Загаласілі жанчыны над сваімі дзецьмі. Раптам гумно ўспыхнула полымем і затрашчалі кулямёты. Нехта прапанаваў зламаць вароты. Людская лавіна кінулася на вароты, і яны адчыніліся. Але нікому не ўдалося ўцячы, людзі адразу ж падалі, падкошаныя кулямі. Астап жа ляжаў у яме, закіданы зямлёй і глінай. Хутка крык людзей аціх, стары ляжаў нібы ў печы, далей трываць было немагчыма. Ён вызваліўся з-пад цяжару і папоўз у вароты. На дварэ ўціснуўся між трупаў і застаўся ляжаць.
Гумно з людзьмі дагарала. Ніхто з гітлераўцаў чамусьці не падышоў да гэтага сапраўднага пекла.
Пераканаўшыся, што гітлераўцы паехалі, Астап устаў і пакрочыў у напрамку да лесу. Раптам нехта аклікнуў яго, ён азірнуўся і ўбачыў узброеных людзей. «Цяпер смерць», - падумаў і спыніўся Астап. Партызаны падышлі да старога. Ён адразу ж пазнаў Валодзю, і твар яго змяніўся, вочы засвяціліся радасцю.
- Дзе ж вы былі, дзеткі, раней, можа б, напалохалі гэтых людаедаў і не далі б зрабіць ім вось... - развёў чорнымі рукамі стары.
- Мы спазніліся. Як жа ты, дзядуля, застаўся жывы? - запытаў Валодзя.
- Так, выпадкова. Неяк ужо і не радуе жыццё, лепей бы... - падняў руку ў неба Астап і дадаў: - І я дымам пайшоў.
- Вы не бачылі тут жанчыну з дзяўчынкай, яна яе везла на санках? - запытала Валя.
- Хворых, старых, дзяцей тапталі ў гумно, а потым яго запалілі. Але жанчыны такой я не бачыў.
- Мы прайшлі, агледзелі трупы і таксама не знайшлі. Хіба, можа, дзе ў хаце спалілі, ды санак нідзе не відаць. Але вось гэты чалавек, - паказаў Валодзя на Гута, - сцвярджае, што яе гналі сюды. Гэта была маці нашай партызанкі.
- А вы па дарозе не ішлі?
- Не.
- Пакуль з Дубраўкі нас прыгналі, дык хворую жанчыну і аднаго старога па дарозе забілі. Адвялі крыху на абочыну і...
- Дык пройдзем, таварышы, па дарозе. Ты ў якім месцы ўцёк? - звярнуўся Валодзя да Гута.
- Там, далёка.
- Пойдзем, дзед Астап, з намі, - прапанаваў камандзір. - Табе трэба жыць - аднаму жывому сведку вось гэтага злачынства гітлераўцаў.