Валодзя з Валяй ішлі ўперадзе. Валя плакала, а Валодзя ўсё супакойваў яе, хоць у самога на душы было таксама горка. «Столькі людзей, столькі людзей знішчылі», - думаў ён. Паўставалі адзін за другім знаёмыя твары цяпер ужо нежывых людзей.
Неўзабаве партызаны трапілі на след санак...
Пакуль хлопцы рабілі насілкі, каб занесці ў Дубраўку забітую маці і пахаваць яе там, групу нагнаў Павел Пыліла. Ён і змяніў намечаныя планы партызанаў. Амаль па пятах Пылілы ў Дубраўку наехала шмат немцаў, і яны пачалі там акопвацца. Партызанскае камандаванне накіравала Паўла перадаць групе, што на злучэнне са сваімі войскамі пакуль ісці рана. Немцы мяркуюць абсталявацца, чаго б гэта ні каштавала, на Дняпроўска-Бярэзінскім плацдарме, нягледзячы на тое, што нашы войскі сумесна з партызанамі фарсавалі ў некаторых месцах Бярэзіну. Але сіл вялікіх яшчэ нашы не падцягнулі. Немцы спешна ўмацоўваюцца на чыгунцы Жлобін - Калінкавічы.
- Так, гэты рубеж для іх зручны. Яны будуць на ўзвышшы, а нашым трэба штурмаваць іх цераз вялізны масіў балота, які цягнецца ад Жлобіна і немаведама дакуль на Палессе. Умацуюць якіх-небудзь дзве грэблі - і ні танкі, ні артылерыя не змогуць прайсці. Нашым трэба будзе чакаць, пакуль балота замерзне, - седзячы над картай, разважаў Валодзя. - Што ж, у Дубраўку ісці няма як, трэба рухацца далей на захад, можа, там якія вёскі засталіся. Неабходна знайсці прытулак для Галі і дзеда Астапа. А нам работы хопіць. Немцы на франтавой паласе адразу ж ажывяць чыгункі, - працягваў ён. - Пайшлі.
Ціхім і задуменным быў лес. Раней ён абуджаўся тарахценнем калёсаў, непрыглушанай размовай партызанаў, якія вярталіся з задання, а іншы раз і галасамі жанчын. Цяпер жа ўсе партызаны злучыліся са сваімі войскамі, навакольныя вёскі апусцелі. Гітлераўцы зрабілі сваю справу і лічаць, што за спіною ў іх савецкіх людзей няма.
Асцярожна крочыць групка дыверсантаў па заснежаным лесе. Вялікімі ахлопкамі пачаў падаць снег. Ён засыпаў свежую сцяжынку, зробленую партызанамі, назаўсёды, бо яна ім тут больш не спатрэбіцца. Няма чаго рабіць невялікай групцы партызан у апусцелым лесе. Павел прынёс поўны рэчавы мяшок патронаў, капсуляў-дэтанатараў. Хутка партызаны пракладуць сцяжынку да былога ваеннага гарадка, каб браць адтуль некалі нарыхтаваны тол, бо яго ў прыфрантавой паласе спатрэбіцца многа. Валодзя гаварыў Паўлу, што дарэмна ён столькі патронаў нёс. Усё роўна давядзецца пераходзіць на нямецкую зброю. Нямецкім тылавым цэнтрам на гэтым участку цяпер будзе Бабруйск, і па ўсіх дарогах і ўдзень і ўначы павінны шастаць немцы. Дзе ні паставім пастку - не трэба баяцца, што ў яе трапяць свае партызаны або мірныя жыхары. У яе абавязкова ўлезе немец.
А групка - не партызанская брыгада, і засячы яе не так проста. Вось толькі няшчасце ў Валі. Як супакоіць яе, як зрабіць баяздольнай, усё думаў Валодзя. Ён не падыходзіў да яе, не чапаў, няхай выплачацца, што зробіш. Калі засталася жывой Валодзева маці, дык яе ўжо недзе вызвалілі свае. Што ж, цяпер яна і Валіна будзе маці, так скажа ёй Валодзя.
Камандзір ішоў першы. Ён трымаў напрамак на Шчотаўку.
Гэта вёска не лічылася партызанскай, бо стаяла на полі, непадалёк ад шашы. За некалькі сот метраў на пясчаным узгорку ўзвышаўся могільнік. Вось там яны і пахаваюць маці дзяўчат.
Але калі выйшлі з лесу, Валодзя паглядзеў у бінокль і заўважыў, што па шашы з боку Бабруйска на фронт цягнецца нямецкі абоз, які абганяюць машыны. У Шчотаўцы ходзяць людзі, значыць, там ёсць жыццё. Партызаны спыніліся, каб параіцца: ісці ім у гэтую вёску ці лепш збочыць у Астравок. Да яго ісці далей, але там больш бяспечна.
Валодзя задумаўся. Ці бяспечней цяпер на самай справе ў вёсцы, якая стаіць бліжэй да лесу? Немцаў беларускі лес наогул насцярожвае. Тым больш што амаль усё іхняе войска адчула на сабе ўдары партызанскага злучэння на Бярэзіне.
Камандзір прапанаваў усё ж ісці нацянькі ў Шчотаўку. Думкі раздзяліліся. Некаторыя гаварылі, што гэта вёска ніколі не была партызанскай, і таму хто ведае, якія там людзі?
- Якія людзі? - задаў пытанне Валодзя і тут жа адказаў: - Нашы, савецкія. Можа, і ёсць які соцкі, дык побач жа Чырвоная Армія. Ён будзе рады хоць чым-небудзь нам дапамагчы. А на зіму франтавыя нямецкія салдаты прыдарожныя вёскі не паляць. Яны нярэдка забягаюць туды самі, каб пагрэцца. У такіх вёсках, як Астравок, нам самім давядзецца іншы раз начаваць. Дык дзе будзе бяспечней Галі і дзеду Астапу?
Хлопцы згадзіліся з довадамі камандзіра, яны былі вельмі слушныя, і група па заснежаным садзе падышла да Шчотаўкі.
- Я сам пайду разведаю, што там, і хутка вярнуся, - сказаў Валодзя.
Валя памкнулася, як заўсёды, за ім, але неўзабаве спынілася, прамовіўшы нешта незразумелае. Як ніколі раней, яна адчувала сябе адзінокай, і Валодзя гэта разумеў. Пахаваюць маці, і ён будзе яшчэ больш уважлівы да яе. А цяпер гаварыць ёй што-небудзь, супакойваць зусім недарэчна.