ЧАСТКА ПЕРШАЯ
І. СЯМЕЙНЫЯ ЛЕГЕНДЫ
Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына...
Янка Купала
Продкі мае з бацькавага боку былі сяляне-крапакі польскіх паноў Хвастуноўскіх і жылі ў вёсцы Жабракоўцы, Брудзяніскай воласці, Свянцянскага павета, Віленскай губерні.
Прадзеда майго пан Хвастуноўскі часта сек за грубіянства. Прадзед быў чалавек упарты, грубіяніць не кідаў. Нарэшце, на злосць пану, задавіўся ў лесе, на горкай асіне, калі быў яшчэ малады гадамі.
Прабабка мая, таксама ў маладых гадах, аслепла, ці то ад слёз, ці то ад трахомы. І жабравала. Вадзіў яе на матузку маленькі сын, адзінае дзіця — гэта мой дзядуля Антось Мышка.
Аднойчы трапілі яны ў дарозе пад вельмі страшную навальніцу. І схаваліся пад хваінку. А ў тую хваінку пярун і ўдарыў. Прабабку спаліў, а дзядулю толькі аглушыў.
Вырас дзядуля ў дзядзькавай сям’і. Калі прыгон скончыўся і сялянам давалі зямлю, ён таксама атрымаў надзел. Дзядзька ажаніў яго — і аддзяліў, не вельмі пакрыўдзіўшы.
Тут бы дзядулю толькі і жыць! Але праз год — памёрла жонка, першы раз радзёмшы, і дзіця прыйшло на свет нежывое... Тады дзядуля, таксама некаму на злосць, пачаў троху выпіваць.
Прапіў жончыны спадніцы, прапіў ступу, прапіў жорны, прапіў каня і калёсы. Засталася толькі хата. Падаткі і нядоімкі выперлі яго самога з хаты — у мястэчка Брудзянішкі батраком.
* * *
Спярша служыў ён там у мешчаніна, кульгавага папа Пстрычкі, што меў многа зямлі і вялікі сад.
Пан Пстрычка паходжаннем быў шляхціц гербовы, паперы меў, як сам хваліўся, «аж ад круля Стахвана Баторага». А потым, як людзі казалі, паперы ад часу вельмі звільгатнелі, зашмальцаваліся, і ён аднаго разу паклаў іх на трубу падсушыць, а праклятыя кошкі з’елі.
Кульгавым жа зрабіўся «з таго шэсцьдзесёньць тшэцего року», уцякаючы дамоў з касцёла, калі наскочылі казакі на польскую працэсію.
І быў пан Пстрычка, па-першае, наогул маланхольны.
Вусоў ніколі не падкручваў і пазіраў па ўсіх воўкам. А па-другое — быў ён праз меру чулы як наконта свайго гонару, так і наконта свайго фізічнага дэфекту.
Аднойчы, седзячы ў сваім садочку, у саламянай будзе, падслухаў ён, як дзядуля размаўляў з некім чужым на вуліцы. І размаўляючы, не дадаў да слова «Пстрычка» — слова «пан».
Потым, на пытанне: «Каторы ж гэта Пстрычка? Кульгавы той, ці што?» — адказаў проста: «Але, але, кульгавы». І не дадаў: «з таго шэсцьдзесёньць тшэцего року».
Пан Пстрычка выскачыў, кульгаючы, на вуліцу, як люты леў. І ад гневу так запыхаўся, што не мог прадыхнуць слова. Калі ж распіраці яго троху перастала, ён з найвялікшаю пагардаю сказаў дзядулю:
Католік, але — хам!
Дзядуля меў таксама гарачую натуру. Толькі пакуль быў маладзейшы, дык яшчэ мог сябе стрымаць.
Ён толькі крыва, падкусліва ўсміхнуўся, злёгенька пашлёпаў сябе далоняю па задняй часці цела — і пану свайму адказаў:
Пан... напхан!
Пстрычка кінуўся да яго біцца. А дзядуля і з месца не скрануўся, ні наперад, ні назад. Выставіў кулак (праўда, невялікі, бо сам быў невялікі) — і стаяў, як скаліна.
* * *
І паступіў дзядуля фурманам да брудзяніскага купца, гаспадзіна Махлярчыка, што з маладосці быў чалавечак вельмі бедны, скупліваў па вёсках шчацінку, скурацінку, хадзіў дробненькі, мізэрны, брудны і бародку сваю рудую пе часаў ніколі.
«Ну, бог яму даў шчасце», як казалі, бывала, у Брудзянішках старыя законныя яўрэі, і ён забагацеў. Уся воласць вязла цяпер на яго склад пяньку, лён, семя, збожжа. Ён пачысцеў, расчасаў бародку, і быў цяпер вясёленькі, і тоўсценькі, і гладкі. А жонку меў, на жаль, панурую худую дылду, з чорнымі вусамі, як у мышы. Нарадзіла яна яму дзяцей кучу, ён яе жалеў і паважаў, але ж такую нічым ужо не падправіш.
І служыла ў гаспадзіна Махлярчыка парабчанка. Немаладая ўжо дзяўчына, гадоў так трыццаці, і дужа дробненькага складу, як казюлька. Тварык троху аброс мохам. Рукі ад працы закарэлі.
Але — і без вусоў і не такая дылда. І рукі, як заголіць, мыючы начынне,— яшчэ крэпенькія, маладаватыя. А дай ёй троху больш увагі, сагрэй яе цяплом ласкі,— яна яшчэ і махорчыкі распусціць, як на сонцы краска.
І задумаў гаспадзін Махлярчык патрошку яе саграваць сваімі жартамі. То ласкава «дурной авечкай» яе назаве, то дзе за мякенькае месца яе памацае, то ножку ёй, калі яна нясе ваду ці дровы, ціханька падставіць, то што...
Папсаваў яму ўвесь гарод — дзядуля. Яксьці аднаго разу, у сваёй гарачцы, так лёгенька адштурхнуў ён гаспадара ад парабчанкі, што той, бедны, аж і ножкамі накрыўся.
А дзядуля над ім стаў, узяўся ў бокі і прамовіў павучальна:
— Ты куды ж, паскуда, лезеш? А рукі ты ці памыў?