* * *
Бацька мой, прыехаўшы ў Вільню, трапіў — як у лес. Такі горад ашаламіў яго. Вялікія камяніцы, брукаваныя вуліцы, багатыя магазіны, людзей на вуліцах — як на кірмашы...
Ідзеш-ідзеш і канца не ўбачыш: горад дужа вялікі. Бацька мой пачуў сябе такім маленькім і нікчэмным, што аж голас у яго засіп. Так яго прыгняло, што нават страх было яму падумаць: як яму тут жыць?
Здаўся на волю лёсу. Але не лёс, а Васілеўскі зараз упхнуў яго на гарбарню немца Гальдштэйна на Паплавах. І сам туды паступіў, бо шаўцом яму даўно не падабалася.
Гарбарня, як на той час і як для Вільні, была вялікая. Выраблялі ў тыдзень канін семсот. Спачатку рабілі толькі гамбургскі тавар, а потым перайшлі і на падэшву.
Гальдштэйн быў немец, і культурны немец, і ўсе майстры ў яго былі з Нямеччыны. Але ж быў ён не князь, не гетман, а звычайны капіталіст-прадпрыемец.
І яго гарбарня, як і ўсе гарбарні ў Вільні, хараством не вызначалася. Было ў ёй цесна, брудна, непрыгожа... Пад нагамі — аж цвікчыць ад кіслае шэрсці. Скуру расцягвалі рукамі. Узімку — сцюжа, дзьме, а ўлетку — ад духаты і смуроду не прадыхнуць.
Плаціў рабочым і ён таксама вельмі мала. Працавалі і ў яго — па дванаццаць гадзін у дзень. І спаміж яго рабочых, як і ўсюды ў Вільні на гарбарнях, п’янства, хуліганства было звычайнай з’яваю.
Але бацька мой казаў, што не так ужо страшна ўсё гэта было. Да ўсяго можна прызвычаіцца. І яму Гальдштэйнава гарбарня зрабілася з часам і блізкаю і мілаю, як родная хата.
Спачатку быў ён там — як бы хлапцом на пасылках: што-небудзь падаць, прынесці, прыбраць, збегаць куды гэта былі яго абавязкі. Потым пачаў патроху прывучацца да гарбарскае работы. І ўжо плацілі яму ў тыдзень сорак пяць капеек, з гаспадарскімі харчамі і кватэраю. Толькі вопратку трэба было мець сваю.
А гады праз два быў ён ужо падмайстрам і зарабляў у тыдзень цэлы рубель. Не піў, не курыў і зрэдку мог паслаць маці колькі рублёў.
Быў ён наогул вельмі ашчадны і з гэтай прычыны перайшоў ад немца Гальдштэйна з Паплаваў да яўрэя Грыліхэса, на Магаметанскі завулак. Бо гальдштэйнаўскія майстры-немцы любілі, каб вучні і падмайстры паілі іх півам. А дзе іх напоіш, калі яны пілі піва, як коні ваду, цэлымі вёдрамі, кожны дзень.
У Грыліхэса, ціха і спакойна, і закончыў бацька сваю гарбарскую адукацыю.
* * *
Але ў той час кожны малады віленскі гарбар рабіў яшчэ свой «фрэндар», або вандроўку з горада ў горад, з гарбарні на гарбарню, для падвышэння кваліфікацыі.
«Фрэндар» з давён-даўна звычайна рабілі пехатою, каб больш свету пабачыць. Пусціўся і ён пешкі, удваіх з другім маладым рабочым, на прозвішча Павэлак.
Павэлка ён не дужа любіў — за тое, што быў Павэлак п’яніца і хуліган.
П’янства ў Павэлка пераходзіла ў геройства. Кожны герой без славы, як вядома, жыць не можа. І Павэлак лепш, бывала, голадам пасядзіць, а нап’ецца. Нап’ецца так, каб як можна больш разоў пачуць па свайму адрасу звычайнае тады гарбарскае прыслоўе:
— Стой, фальцар! Не валісь!..
Значыцца: стой, п’яны фальцар, на нагах, не валіся, хоць мы ўсе бачым, што ты выпіў па-геройску. А Павэлку такія воклічы — маслам па сэрцы. П’яны, ён хуліганіў таксама больш для славы, каб пра яго казалі: «Ого, наш Павэлак! Удалы хлопец! Чаго не зробіць?»
Такіх малойчыкаў, як ён, было на гарбарні некалькі. Яны любілі, падвыпіўшы, цягацца па рынку і красці там у перакупак і ў мужыкоў усё, што трапіцца пад руку. Ялы любілі, падвыпіўшы, каго-небудзь на вуліцы аблаяць, зачапіць жанчыну, абазваць яе нехарошымі словамі ці злаяцца пры ёй па-руску.
А бывалі выпадкі, што, прапіўшыся — яны і раздзявалі каго-небудзь уночы на цёмных віленскіх завулках.
Учапіўся Павэлак ісці з маім бацькам таму, што бацька быў ашчадны і заўсёды меў пры сабе хоць малыя грошы, дык і Павэлка, калі той прапіваўся, падкармліваў.
* * *
Ад Вільні да Шаўляў дайшлі яны амаль што без прыгоды. Толькі ў адным мястэчку, каля касцёла, загрэў нейкі шляхціц Павэлку аплявуху за тое, што Павэлак падміргнуў яго дачушцы.
У Шаўлях папрацавалі месяцы тры. З Шаўляў да Пскова ішлі вясною, снег раставаў, рэкі раскрываліся, і на адной пераправе п’яны Павэлак ледзь-ледзь не ўтапіўся. І бацька мой, ратуючы яго, акунуўся ў ваду з галавою.
Да Пскова насілу дацягнуліся. Але работу, і добрую, знайшлі там адразу, у Саф’яншчыкава, пскоўскага мільянера. Быў там бацька — ужо майстрам, зарабляў у тыдзень рублёў дзесяць. Прабылі і ў Пскове месяцы тры-чатыры.
З Пскова ў Пецярбург хацеў бацька ісці адзін, а Павэлак ізноў учапіўся. Адышлі яны ад Пскова кіламетраў з трыццаць і ў сяле Іванаўскім абначавалі. Тут Павэлак гусіну і ўкраў.