Уночы, у хлеве, старую шэрую гусіну абмацаў, горла ёй, каб не загагакала, здушыў, галаву ёй адвярнуў... І схаваў гусіну ў сваю торбу, нічога бацьку не сказаўшы.
Пайшлі яны, а іх у дарозе нагналі, ператрэслі, няшчасную гусіну з Павэлкавае торбы вытраслі — і надавалі каршнёў абодвум, колькі ўлезе.
І як тут бараніцца? Нагналі на конях, вярхамі, мужчын чалавек дзесяць, усе здаровыя, рыжабародыя, і ўсе з здаравеннымі друкамі.
Пагналі яны бацьку і Павэлка назад, завялі да станавога прыстава. Павэлак спалохаўся, кажа: «Мы абодва кралі, згаварыліся...» Але бацька спаў дзесьці асобна, гаспадар так заявіў, а Павэлак кажа, што разам, — пачаў збівацца.
Яго засадзілі, а бацьку пусцілі. Бацька — скарэй на чыгунку, білет узяў і ў Пецярбург цягніком паехаў. Працаваў там месяцаў шэсць. Л потым вярнуўся назад у Вільню, ізноў да таго самага Грыліхэса, на Магаметанскі завулак, і застаўся ў яго па сталай гарбарскай рабоце.
* * *
Хадзіў да Васілеўскага і пазнаёміўся ў яго з дачкою аднаго мінскага шаўца, сіратою, Анэтаю Плахінскаю, што працавала ў Вільні на цукернай фабрыцы разам з сястрою Васілеўскіх.
Троху за ёю пахадзіў, скора і пажаніліся. І гэта была мая маці.
Я быў у іх першым і апошнім дзіцянём.
Радзіўся я на маслянку. Пілі многа піва, і елі сыр з маслам, і жадалі мне, каб качаўся я ў жыцці, як сыр у масле.
Што і спраўдзілася ў значнай меры...
VIII. ЗГУБЛЕНАЕ ВОКА
Фабрычна-заводскіх рабочых у Вільні было тады тысяч пяць.
Найбольш было гарбароў — да тысячы чалавек. Потым па лічэбнасці ішлі рабочыя па цукернай фабрыцы, на броварах, гарэлачных і піўных, на лесапільнях, млынах, цагельнях.
Рамеснікаў у Вільні было значна болей — да тысяч пятнаццаці чалавек.
Спаміж іх было найболей шаўцоў ды краўцоў. Шмат было сталяроў. Потым ішлі панчошнікі, цукернікі, пекары, тытуньшчыкі, гільзоўшчыкі, канвертшчыкі, алоўшчыкі, кветачнікі, шчотачнікі, гузікары, бляхары, катляры...
Панчошніца ў той час у Вільні зарабляла ў дзень капеек 16, і гэта ўжо лічылася добра. А калі капялюшніца выганяла капеек 20—25 у дзень, дык яна ўжо лічылася арыстакраткаю.
Нягледзячы на рамесніцкі характар большасці віленскіх прадпрыемстваў, тут ужо ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя пачалі з’яўляцца рэвалюцыйныя рабочыя гурткі.
У іх працавалі Іогіхэс-Тышка, Рапапорт, потым будучы знамяніты на ўвесь свет чакіст Фелікс Дзяржынскі і іншыя вядомыя кіраўнікі віленскага рабочага руху.
Удзельнікам аднаго з такіх гурткоў, у канцы 90-х гадоў, стаў і мой бацька. Падарожжа па розных гарадах, знаёмства з рознымі людзьмі адчыніла яму вочы на жыццё.
Першая рэвалюцыйная пракламацыя трапіла яму ў рукі, калі быў ён у Пецярбургу — ад каго і як, ён ужо потым і сам не памятаў.
Але, спачуваючы рэвалюцыйнаму руху, ён доўгі час не ведаў, дзе ж яны, гэтыя рэвалюцыянеры, як іх знайсці, каб далучыцца.
І вось, аднойчы, у нядзелю, заходзіць Васілеўскі. Пасядзеў, пагаманіў. Успомніў бацьку пра дзядулю, што вось пакутуе дзесьці ў Сібіры... Успомніў пра Халяўскага і яшчэ раз пасмяяўся — з таго, як укусіў бацька пані Барбару... А потым і кажа:
— Пойдзем сёння да майго брата ў госці...
— Чаму ж, пойдзем.
Брат яго, Ладыслаў Васілеўскі, быў шавец. Меў сваю шыльду на Кальварыйскай вуліцы, недалёчка за Зялёным мостам. Там і жыў.
Дарогаю Васілеўскі, жартуючы, кажа:
— Толькі нікому дужа не хваліся, што сёння быў у майго брата. І жонцы нічога не кажы...
Бацька думаў, што будзе выпіўка, і, таксама жартам, яму адказвае:
— Ну, спярша пабачым, які будзе пачастунак.
— Піва будзе новае, — загадкаю заўважыў Васілеўскі. Загаманіў пра надвор’е...
Калі яны прыйшлі, там ужо сядзела чалавек колькі — усе бацьку незнаёмыя: як быццам гарбары, а можа і шаўцы.
А на стале была толькі гарбата з танным сальцісончыкам і з чорным хлебам. «Вось дык пачастунак!» — смеючыся, падумаў бацька. Але скупасці гаспадаровай не падзівіў: дзе ж на такую кампанію многа чаго набярэшся?
Пасля ўсіх прыйшоў, нарэшце, і самы знатны, доўгачаканы госць: маладзенькі доктар Дамашэвіч. Ён яшчэ зусім нядаўна здаў экзамен на доктара і яшчэ даношваў сваю студэнцкую куртатую куртачку з гузікамі ў царскіх арлах.
І выпіўшы ўсяго толькі адну шклянку гарбаты, праўда што — вельмі моцнай, і не ўпрыкуску, як усе, а ўнакладку, і нават не дакрануўшыся ні да хлеба, ні да сальцісону, закурыў пан доктар папяроску, адкінуўся на спінку крэсла і сказаў:
—Ну дык вось, таварышы...
«Таварышы...» У бацькі майго аж мурашкі пабеглі па спіне, сэрца замлела... Першы раз у сваім жыцці пачуў ён гэтае слова, сказанае вось так, да іх, рабочых...
А доктар і пайшоў, і пайшоў — чытаць цэлую лекцыю аб тым, што і як трэба рабіць, каб скінуць царызм, вызваліць рабочы клас з ярма капіталізму і пабудаваць сацыялізм...