Выбрать главу

І цэлую тую ноч, прыйшоўшы дамоў з гэтых «гасцей», з гэтага «новага піва», не заснуў бацька ні на хвіліну. Усё ляжаў і ўсё думаў...

Потым і яшчэ былі ў іх сходкі, але неспадзявана аказалася, і аказалася даволі скора, што нешта тут як бы не так...

Было гэта спачатку троху смешна. А потым стала прыкра.

Аказалася, што доктар Дамашэвіч — яры літовец.

І часта ўсю сваю лекцыю з палітычнай эканоміі зводзіў ён на тое, што край наш — Літва, а мы — літоўцы, толькі моцна абпалячыліся ці моцна зруселі.

І навучаў сяброў гуртка, каб лічылі сябе літоўцамі і гаварылі па-літоўску... Бацька ж мой, дый амаль што ўсе ў арганізацыі, літоўцамі сябе не адчувалі, па-літоўску гаварыць не ўмелі і вучыцца гаварыць не былі ахвотны...

І вось, на адной сходцы ў таго ж Ладыслава Васілеўскага, з’явіўся спаміж іх Станіслаў Тарусевіч. Празвалі яны яго потым «Акулярнікам» — за тое, што насіў дужа вялікія акуляры.

І хоць быў ён панскі сын, знедкуль з Мінскае губерні, але добра стаяў за рабочых і быў цвёрды «міжнароднік», ці тое інтэрнацыяналіст.

У блізкім часе ўсе члены арганізацыі, што былі з рабочых, а ў тым ліку і мой бацька, літоўца пакінулі і перайшлі да Тарусевіча.

Работа ў іх пайшла добра. Звязаліся з таварышамі ў дэпо на Віленскім вузле, працягнулі ніці ў Мінск, Гродню, Дзвінск.

* * *

То падымаўся люд скаваны...

Янка Купала

А потым, скора, выбілі майму бацьку левае вока. Ды так — што застаўся на ўсё жыццё аднавокім...

Так — у пачатку лета, у віленскім прадмесці Новы Горад, дзе жыла, дый цяпер жыве найбольш рабочая і рамесніцкая бедната, сабраўся на вуліцы вялізны натоўп.

Кіраваў натоўпам малады, энергічны і адважны хлопец-яўрэй, шавец Гірша Лекерт, баявік віленскае арганізацыі Бунда. Бацька мой быў у ліку яго блізкіх памагачых.

Натоўп кінуўся на паліцэйскі ўчастак і з поспехам адбіў арыштаваных таварышаў. Аб гэтым першым масавым выступленні віленскіх рабочых ужо шмат пісана. Толькі нідзе не напісана, што ў часе гэтага выступлення мой даволі гарачы бацька прабіў аднаму нізенькаму гарадавіку каменем макушку, а другі гарадавік, вышэйшы ростам, размахнуўся рэвальверам і з усяе сілы ўдарыў майго бацьку па саменькім воку.

Вынеслі бацьку з поля бойкі непрытомным. Але балазе вынеслі і схавалі: арыштаваць яго паліцэйскім сабакам не ўдалося.

Дактары баяліся, што ён зусім аслепне. Але-ткі другое ўратавалі, а ўдаранае выцекла. Не за пустую справу згубіў бацька вока, а часам рабілася яму горка, што з маладых год страціў хараство. Дык пацяшаў сябе, казаў, тым, што хоць не правае выбілі. Малая пацеха! Але ж нечым цешыцца трэба...

* * *

Ляжаў ён з сваім вокам у бальніцы вельмі доўга, амаль што да восені. І не выбрала ж сабе мая брудзяніская бабуля іншага часу памерці, як у гэтае лета.

Усё чакала з Сібіры дзядулю. Ды так і не дачакалася. І не было ад яго ні слуху ні духу ўжо колькі гадоў. Думалі, што ён там спіўся і скончыў дні свае пад плотам...

А спярша пісаў бабулі, хоць разы два-тры ў год. І прасіў яе, каб прадавала хату і ехала з сынам да яго, у горад Краснаярск.

Бабуля баялася: як гэта паехаць у такі свет? Як гэта яны там пражывуць? І ніяк не магла адважыцца прадаць хату: а што, як ногды прыйдзецца вярнуцца? а дзе тады жыць?

Усё адкладала, усё чакала якой перамены. А потым і сына выправіла ў людзі. Засталася ў сваёй хаце адна. І як прыйшлося паміраць, дык і хварэла і памірала зусім адзінокая. І пахавалі суседзі.

Але за колькі месяцаў да яе смерці, і яшчэ перад гэтым здарэннем з бацькам, ездзіла маці ў Брудзянішкі — даведацца яе і купіць там чаго па схаднейшай цане, палатна, сала. І мяне з сабою брала.

Маці потым успамінала, што бабуля, пестуючы мяне ў сябе на каленях, усё прыглядалася да мяне і казала, што я вельмі падобны да дзядулі з твару:

— Увесь — чысценька ў дзеда Антоську! Ну, выліты дзядуська! І носічак, і вочкі...

І казала маці:

— Гэта ўсё мая паганая натура нарабіла. Бывала, ні ў чым яму не ўступлю, усё супроць яму раблю. Праз гэта ён і з людзьмі пачаў сварыцца, праз гэта і ў Сібір папаў...

Была яна тады, як апошні раз маці яе бачыла, зморшчаная-зморшчаная, згрыбелая, сівая бабулька, сагнутая ў крук, і дробненькая, сохленькая, у чым толькі дух трымаўся.

І два дзівы было маёй маці.

Першае дзіва: як яна, такая бяссільная, магла цяжкія суды вады падняць і панесці? А другое дзіва: бабуліны вочы. Сіненькія-сіненькія, і чыстыя, ясныя, як у дзяўчыны!

* * *

Пасля яе смерці выйшаў бацька з бальніцы і паехаў у Брудзянішкі. Рэчы бабуліны — якія прадаў, з суседзямі расплаціўся, а якія ўзяў з сабою, прывёз у Вільню.