Столькі там і рэчаў тых было: скрыня, што яшчэ дзядуля ёй справіў, ступка невялікая, начовачкі, трубачка палатна, старая спаднічка... Чысцейшае, што сама загадзя нарыхтавала, суседзі ёй, як прасіла, «на той свет» надзелі.
А ў хату бацька пусціў Зэлікавага сына Абрама, каваля, за тры рублі ў год.
ІХ. ПЕРШАЕ МАЯ
Вярнуўшыся з Брудзянішак, ізноў пайшоў бацька на працу да Грыліхэса. Грыліхэс прыняў яго. Ён не ведаў, дзе выбілі бацьку вока. Бацька сказаў яму, што выбілі хуліганы ўночы на цёмнай вуліцы...
Грыліхэс паверыў, паспачуваў, павойкаў і прыняў бацьку на работу аднавокага, бо бацька мой быў вельмі добры майстар.
А пасля таго нападу рабочых на паліцэйскі ўчастак у Вільні была ўведзена «усиленная охрана». А генерал-губернатарам у Вільню царскі ўрад паслаў свайго выдатнага сатрапа — барона фон Валя.
Усё гэта справы даўно ўсім вядомыя, я толькі хачу адзначыць, што бацька мой падляцеў і пад фон-валеўскія бізуны, хоць і быў ужо аднавокі. Гэта — за святкаванне Першага мая 1902 года.
Адбылася вядомая ўсеагульная стачка віленскіх гарбароў. А Першага мая 1902 года віленскія рабочыя зрабілі ў горадзе вялікую дэманстрацыю. Тады фон Валь прыдумаў наўмысны цынічны здзек з рабочых. Па яго загаду яго паліцэйскія дзяржыморды абсеклі ва ўчастку розгамі трыццаць найбольш актыўных дэманстрантаў, у тым ліку і майго бацьку.
Абсеклі іх і выпусцілі. Праўда, секлі — акуратна. У майго бацькі засталіся знакі назаўсёды: рубцы, дзе была рассечана скура.
Шмат год пасля, калі я вырас, а бацька вярнуўся са ссылкі з Сібіры, і мы хадзілі разам у лазню, спіна яго была для мяне жывым, хадзячым экспанатам з музея рэвалюцыі...
Фон-баронаўскую ўстаноўку сарваў той жа мужны і гарачы юнак-шавец Гірша Лекерт. Праўда, яму не ўдалося забіць гада, але мэта яго стрэлу ў фон Валя была дасягнута: нельга сячы рабочых бескаранна.
Самаахвярнага памшчальніка за рабочы і чалавечы гонар таварышаў, як вядома, арыштавалі, засудзілі на павешанне, і — «прыгавор быў прыведзены ў выкананне»...
Не стала Гіршы Лекерта, не стала ў самым росквіце яго маладосці, і ўся рабочая Вільня, незалежна ад партыйных поглядаў па індывідуальны тэрор, горка яго аплаквала.
Усе яго любілі, усе ім ганарыліся, і пагінуў ён так трагічна. Маці ўспамінала, што бацька мой цэлую ноч праплакаў па ім, як дзіця, рукі ламаў, ледзь галавою аб сценку не біўся...
* * *
Затое скора дачакаліся рэвалюцыі 1905 года. Я быў тады яшчэ малы, толькі пачынаў вучыцца ў народнай школе па Антокалі, але ўжо памятаю з тых часоў тое-сёе сам.
Хоць быў я яшчэ малы, але спачуваў рэвалюцыйным выступленням ад усяго сэрца. Каб мне тады далі бомбу ў рукі і сказалі ісці і кінуць яе ў губернатара, я з радасцю пайшоў бы і кінуў.
І калі ўвосень на вуліцах была страляніна і кулі ляцелі міма нашых варот і міма акон нашае кватэры ў падвале, я ніяк не мог уседзець каля печкі... Усё кідаўся выбегчы і паглядзець або прыліпаў да акна. І дужа-дужа мне хацелася, каб рабочыя казакоў пабілі, з коней паскідалі і забралі ў палон...
На жаль, я нічога больш з свайго акна не мог убачыць, як толькі ногі казацкіх коней, што вельмі часценька і гусценька і вельмі смешна пераступалі па каменні, робячы густое цоканне.
А маці баялася, што кулі могуць заляцець да нас у сутарэнне, з крыкам і з плачам усё гнала мяне за печку. Школа наша была зачынена. Бацька таксама баставаў, але з дому ўсё некуды выходзіў надоўга.
* * *
Першага мая 1905 ці 1906 года да нас на кватэру зайшлі браты Васілеўскія, вясёлы дзядзька Мацяйковіч (сябар майго бацькі, таксама гарбар з гарбарні Грыліхэса), потым — дзядзька Карбоўскі і яшчэ чалавекі два, што вадзілі з бацькам знаёмства.
Усе былі ў чыстых святочных касцюмах, пры манішках, і ўсе былі вельмі радасна пастроены. Пасядзелі ў нас, выпілі гарбаты з цукрам унакладку і з сітным хлебам і кракаўскаю кілбасою, — як на сапраўднае свята!
І спелі рэвалюцыйную песню. Слоў песні я не памятаю, была яна на польскай мове, а я тады па-польску яшчэ не вельмі добра ўмеў, гаварыў дома з бацькамі па-беларуску. А прыпеў у ёй быў: гоп-гоп-гоп!
Прыпеў мне надта спадабаўся, і я старанна і радасна падцягваў, хоць і саромеўся чагосьці і азіраўся на маці.
Аж і яна — таксама падцягвала тоненькім галасочкам. Расчырванелася. Была ў мяне маці прыгожанькая.
Потым усе накіраваліся за горад, і бацька павёў з сабою маці і мяне. Пайшлі ў Закрэт, на высокі бераг Віллі, у сасновы бор. Мясцовасць там была тады надзвычай харошая.
Вакол былі расстаўлены рабочыя пікеты. Яны нас прапусцілі, і тыя, хто там стаяў, былі пам рады, смяяліся з намі, жартавалі. Адзін нейкі дзядзька дастаў з кішэні і даў мне вялікую цукерку.