І наогул нам зручней было цяпер жыць у глухім закутку, як мышам у падполлі. Зрэдку бацька прыязджаў у Вільню, прыходзіў, як злодзей, прыцемкам да нас, часам нават начаваў у нас.
Прыехаў ён аднойчы і даведаўся, што гарбарня Грыліхэса пераведзена ў Дзвінск. Дык надумаўся паехаць туды і паспрабаваць паступіць на работу.
— Грыліхэс любіць мяне, — хваліўся бацька, — паеду, прыме, таму што там мяне ніхто не ведае.
— Не едзь ты, — казала маці, — а то яшчэ пападзешся.
* * *
А ён быў настойлівы, узяў і паехаў. З’яўляецца там, вясёлы, да Грыліхэса, а Грыліхэс яму і кажа:
Ведаеш, Мышка... Майстар ты добры, і ахвотна прыняў бы цябе, калі б не гэтая твая палітыка. Л так — ідзі ты скарэй адгэтуль, а то каб цябе тут не арыштавалі.
Пакрыўдзіўся на яго бацька вельмі. Сцяў зубы і пайшоў з завода. Ідзе на вакзал, аж раптам спатыкае Сеўрука. Таго самага маладога Сеўрука, што быў некалі чаляднікам у Халяўскага ў Свянцянах і часта біў бацьку, як меншага за сябе.
Зайшлі ў піўную, выпілі пару піва, пагаманілі. Сяўрук расказаў, што бацьку свайго даўно пахаваў — папаўся стары пад цягнік на чыгунцы, быўшы «пад мухаю», вечная памяць!
Памёр ужо і пан Халяўскі, ад ажырэння сэрца, — таксама пад старасць здорава пачаў быў выпіваць, вечная памяць!
Пасля яго смерці працаваў Сяўрук у пані Барбары. Але зрабілася дужа скупая і сварлівая, слова супроць шэрсці не скажы. Дык не паладзілі, кінуў... Пераехаў сюды ў Дзвінск, мае сваю шыльду, працуе, жыве тут з адною жанчынаю, — нічога, дзякуй богу, жывуць так-сяк, патрошку...
— А як жа пап Мышка?
— От, таксама ні туды ні сюды, — адказаў бацька і падумаў: «Бывала, ты біў мяне, як бяскостага, і іначай не называў, як сцерваю, а цяпер ужо і кубачак бліжэй мне падсоўваеш і панам Мышкам называеш... Як усё ў жыцці мяняецца...»
І таксама не ўцерпеў, пахваліўся і пра сваё жыццё-быццё. Але ж таго, чаго нельга, вядома — не сказаў.
— Я, — кажа Сяўрук, — троху чуў пра цябе ад віленскіх знаёмых.
— А што?., благое ці добрае? — насцярожыўся бацька.
— Усё добрае... — прымоўк Сяўрук, — казалі, ажаніўся, сына мае...
Так.... жыццё бяжыць, не стаіць на месцы, — паспакайнеў бацька. І пайшоў да яго начаваць.
Паклалі яны яго ў баковачцы, на канапцы. Палюбоўніца Сеўрукова і падушачку яму падлажыла, і коўдрачку мякенькую ватную накрыцца дала.
Лёг ён і разважае, засынаючы: «Я думаў, што Грыліхэс любіць мяне, аж ён гад. Сеўрука я не любіў за п’янства і хуліганства, аж ён прыняў мяне, як мілага друга».
* * *
А на другі дзень, яшчэ раным-рана, раптам адчыняюцца ў баковачку дзверы, і:
— Стой! Ні з месца! Рукі ўгору!
Ну, бацька мой стаяць не мог, бо яшчэ ляжаў. А рукі, лежачы, выставіў з-над ватнае коўдры, бо ў момант увалілася цэлая арава паліцэйскіх.
І ляжачаму надзелі яму жалезныя браслецікі на рукі. Папаўся — дзе не думаў, не гадаў...
Як потым бацька даведаўся, прадаў яго Сяўрук. Здагадаўся, што бацьку шукае паліцыя, і праз цёмную ночку пабег і даказаў — спадзяваўся атрымаць за гэта вялікія грошы і паехаць з сваёю палюбоўніцаю ў другі горад.
Пры арышце нічога ў бацькі не знайшлі — ні лістоў, ні адрасоў, ні літаратуры, бо адзін свой пакуначак ён пакінуў на сховы знаёмаму стрэлачніку на вакзале, а пры сабе ў Сеўрука меў кошык з сваімі звычайнымі рэчамі. Асцярожнасць ніколі не шкодзіць.
А трэслі і мацалі яго, казаў, добра.
* * *
Арыштаваўшы, пасадзілі яго бясплатна на фурмана і, як важнага пана, пад вялікаю аховаю павезлі ў паліцыю. Там ужо яго чакалі: жандарскі палкоўнік, пракурор. Зараз пачалі з ім прыемную гутарку.
Палкоўнік быў вельмі стройны, прыгожы афіцэр з чорнымі вусамі. А пракурор быў лысы, як калена, у дужа доўгім сінім мундзіры з дарагога сукна.
У такой высокай кампаніі бацька мой дагэтуль яшчэ ніколі не бываў. І нават калі яго секлі ў 1902 годзе, знаёмства яго вышэй акалодачнага не ішло.
Таму ён страшэнна баяўся, каб не сказаць гэтым панам чаго лішняга, і — сам добра не разумеў, чаму, нашто і як — пачаў ён вярзці, што ён зусім не Мышка і не Міхась і пашпарт на гэтае імя знайшоў у вагоне ў уборнай.
— А Сеўрука ты раней ведаў? — спытаўся пракурор, насмешліва скрывіўшы тонкія голеныя вусны, як старая яхідная баба.
— Не, ніколі не ведаў, — зманіў бацька з такою шчырасцю, што сам сабе паверыў. — Зайшоў да яго, — кажа, — нанач пасля выпадковае гутаркі на вуліцы, бо не меў дзе начаваць.
— Дык хто ж ты? — паважна спытаўся палкоўнік.
— Я... Іван Няпомняшчы, — сказаў бацька вінавата, не ведаючы, што сказаць.
— Ха-ха-ха! — зарагатаў палкоўнік. І моцна стукнуў кулаком па стале: — Не валяй, пожалуйста, дурака!