Выбрать главу

— Да он нас считает дураками, — ізноў скрывіўся, як ад горкага яблыка, пракурор і абцёр лысіну хустачкаю. Пасля размовы з бацькам яна ў яго ўся ўсеялася потнаю расою.

— Ты ў мяне, ссу-ккін сын, загаворыш! — раптам засіпеў палкоўнік, як раздражнены гусак, і паднёс бацьку пад самы нос кулак. Чорныя вусы ў яго падняліся над белымі аскаленымі зубамі.

Тады бацька змоўк, анямеў, толькі калаціўся ад нервацыі дробненька, як у трасцы...

— Ну вот, теперь он превратился в настоящего дурака, — развёў тонкія, сухія рукі ў шырокіх рукавах, з манкетамі і залатымі шпонькамі, пракурор.

Успамінаючы свой гэты першы допыт, бацька казаў, што сам не ведае чаму, — мусіць, ад страху, ад неспадзяванкі, быў як непрытомны і напароў глупства. Успамінаць яму было дужа прыкра.

Але ўсё ж нічога ў яго не выпыталі. Пасадзілі ў дзвінскую турму і напісалі ў Вільню. З Вільні праз нейкі час прыйшла папера, каб яго пераслалі туды.

ХІ. «НУ ШТО, СЫНОК, ПАПАЎСЯ?»

Вязлі яго два жандары — абодва тоўстыя, здаровыя, мурлатыя. І скора пачалі непакоіцца, адсадзілі яго далей ад акна і ў уборную вадзілі ўдваіх... Нарэшце, як зусім сур’ёзна казаў бацька, пачалі маліцца богу... Толькі не ўголас, бо сорамна ім, а так — ціханька шаволяць вуснамі.

Баяліся, каб бацька не ўцёк ці не зрабіў самагубства, кінуўшыся пад цягнік. Ён і хацеў кінуцца, але не ўдалося. Разоў сто прасіўся ў прыбіральню, глядзеў на акно, нерваваўся.

Нарэшце вывелі яны яго ў Вільні на перон пад ручкі, правялі да фурмана, дзе ўжо чакалі іх віленскія турэмшчыкі, здалі — і перахрысціліся... Рады былі, што пазбавіліся такой скулы, такой халеры, такога вар’ята.

У Вільні пасадзілі яго ў турму, што на Антокалі. Там бацька, чакаючы допыту, два тыдні не еў і не спаў, быў як хворы і ўсё думаў зрабіць самагубства — да таго баяўся, што на допыце прагаворыцца...

І калі прывялі яго на допыт, да жандарскага палкоўніка Дубальта, і стаяў ён перад сталом, дык ледзь не самлеў. У яго так дрыжалі ногі, што ён сеў на стульчык, каб не было палкоўніку відаць, як яны дрыжаць, — бо сорамна...

Палкоўнік Дубальт быў па выгляд звычайны, вельмі просты і ласкавы чалавек. І нават гутаркаю сваёю нагадваў ён нібы партыйнага таварыша. Частаваў бацьку папяросамі і казаў:

— І бога няма, і цара не трэба... Але нельга пароць гарачку... Трэба даходзіць да ўсяго патрошку, памаленьку...

«Э, загаворвай ты зубы старой кабыле!» — раптам павесялеў бацька і падумаў, што з гэтым дапытчыкам будзе яму не так ужо страшна, і дзівіўся, чаму гэта яго, яшчэ на волі, так засцерагалі ад Дубальта.

А Дубальт усё частаваў яго незвычайна добрымі, пахучымі папяросамі і сам браў сабе другую папяроску і кідаў недакураную...

Паглядзеў на дзверы, за якімі стаяў турэмшчык, што прывёў бацьку, прыцішыў голас і раптам перайшоў на чыстую, пекную польскую мову.

І пачаў шаптаць бацьку, што людзі, якія спачуваюць рэвалюцыі, ёсць ва ўсіх станах і класах грамадства, дык чаму ім не быць і спаміж жандарскіх палкоўнікаў...

І пасуліў бацьку вызваленне, зварот на работу, усякае падтрыманне і дапамогу, калі ён згодзіцца весці «рэвалюцыйную» работу спаміж рабочых пад яго, Дубальтавым, кіраўніцтвам...

У бацькі заныла пад грудзьмі.

— Толькі вось нядобра, што ты забіў Павэлка, — нечакана дадаў Дубальт. — Вядома, сабаку сабачая смерць, але замазаць тваю віну ў забойстве будзе мне цяжкавата...

— Я ж яго не забіваў, — ледзь павярнуў сухім языком бацька, і ўсё закруцілася ў яго перад вачмі.

— Эх ты, рэвалюцыянер! — ласкава пагладзіў Дубальт бацькаву руку сваёю мяккаю далонню. — Мусіш ведаць, што ў нас не важна, забіваў ты ці не забіваў: досыць, што на цябе пакажуць, каб цябе павесілі...

Думаў папалохаць, а ў бацькі, наадварот, ад гэтых яго слоў прасвятлела ў галаве, і ўзяла яго вялікая злосць.

І каб скарэй адчапіцца ад гада, ён з наўмыснаю грубасцю сказаў:

— Ну і сволач жа вы, пане палкоўнік! Але нічым вы мяне не запалохаеце... Вешайце!

Дубальт не загневаўся. Толькі крыва ўсміхнуўся. На гэтым ён бацьку і адпусціў, сказаўшы, каб ён да чарговага допыту добра падумаў і пастараўся супакоіцца.

Потым цягаў ён бацьку на допыты шмат разоў і ўсё прыставаў, каб бацька пайшоў да яго на работу. Але бацька сапраўды абдумаўся і супакоіўся...

Успамінаў потым, што як нікога, нават мімаволі, не выдаў, як ні ў чым не прагаварыўся, як пастанавіў спакойна чакаць суду і хоць бы і прыняць смерць, — дык зрабілася яму лёгка і добра.

Клапаціў толькі пра маці і мяне, што цяжка нам будзе жыць без яго. Вельмі хацеў нас убачыць, але доўга не дазвалялі. Ведаў ён цяпер пра нас толькі са слоў Дубальта.