Дубальт сказаў яму, хоць бацька і не пытаўся, што вось як добра: жонку на мармеладнай фабрыцы разлічылі, у другім месцы на работу не прымаюць, і гаспадар выселіў з кватэры...
Так яно сапраўды і было. Мы вымушаны былі пераехаць у Брудзянішкі. Абрам, Зэлікаў сын, якраз пад той час збудаваў сабе сваю хату, з нашае хаты выйшаў, і мы ўсяліліся ў яе.
Сталі жыць. Маці шыла местачковым паненкам модныя блузкі і сукенкі, а я ганяў сабак па мястэчку, балазе лета, цёпла, добра.
* * *
І ў гэты час, зусім нечакана, як з неба спаў — прыкаціў, нарэшце, дзядуля з Сібіры... Як ён там, у Краснаярску, жыў, дзе ён там што рабіў, чаму нічога пра сябе не пісаў, засталося для мяне назаўсёды загадкаю.
Быў ён дробненькі, сівы, друзлы і вельмі нервовы дзядок. Валасы свае на галаве не зачэсваў ні ўгару, ні набок, яны адрасталі белымі канцамі ўніз і тырчалі яксьці недарэчна, быццам на галаве ў яго надзет парык. Барада і вусы былі рэдзенькія, неўраджайныя, з сівых валасінак, і кожная валасінка круцілася, куды ёй уздумаецца. Толькі бровы раслі гушчэразпыя, калматыя, і былі бурыя, а не белыя. Невялічкія вочкі сядзелі пад імі глыбока, быццам дзве мышкі хаваліся пад дзве капы бурага сена. І ніяк мне не ўдавалася разгледзець, якія ж у дзеда вочы. Быў ён заўсёды панураны, маўклівы. А калі што казаў, дык ці дужа дражліва, ці з якойсьці зласліваю высмешкаю.
Маці апавядала яму пра бабулю, што ведала. Ён безуважна маўчаў. Тады маці, бачачы, што сам ён не збіраецца схадзіць на магілку і нават не цікавіцца, дзе пахавалі бабулю, падказала яму схадзіць паглядзець. Ён безуважна згадзіўся.
Вадзіў яго паказваць месца я.
Бабуля была пахавана на новым могільніку, што па Віленскім тракце. Вакол там было пустынна, непрыгожа, толькі брадзілі галодныя местачковыя козы.
І калі мы прыйшлі і дзядуля прылёг на траву каля магілы, адна маладзенькая жартаўлівая каза ўзышла на бабулін магільны курганок і стала... Глядзіць на майго дзеда, патрахваючы сваёю казячаю бародкаю.
Ён махнуў на яе рукою, а яна матнула галоўкаю, прыгнулася і бадзіль! яго рожкамі ў плячо. Дзядуля неяк дзіўна засмяяўся... І гэта быў, здаецца, першы і апошні смех, што я ў яго бачыў.
Я хацеў прагнаць усіх коз, што расхаджвалі па магілах, абгрызаючы і гэтым псуючы маладыя дрэўцы. Але дзядуля ўжо падняўся і маўкліва пайшоў з могільніка на дарогу.
Па дарозе дадому ён купіў мне ў гандляркі на рынку кухан за капейку, прычым гандлярка неахвотна брала гэтую капейку, таму што была капейка ржавая ці дужа сцёртая. І гэта быў першы і апошні гасцінец, што атрымаў я ад свайго дзядулі.
* * *
Бацька ўсё яшчэ сядзеў у Вільні ў турме, ніякае надзеі на яго блізкае вызваленне ў нас не было. Але прыйшла адкрытка, што дазволена пабачанне з роднымі... І дзядуля захацеў з’ездзіць да яго.
Павёз ён яму вялікі бохан чорнага хлеба, ладны кавалак сала, мяшэчак махоркі-самасаду і мяшэчак арэхаў — добрых, лузганцоў. Арэхаў нашчыпаў я ў вялікім лесе пана Хвастуноўскага, што кіламетры за тры ад Брудзянішак.
Спатканне ў іх было кароткае і пры турэмных надзірацелях. Калі бацьку вывелі да дзядулі, — ні дзядуля, ні бацька адзін аднаго, вядома, не пазналі. І спачатку, як потым успамінаў бацька, глядзелі адзін аднаму ў вочы са здзіўленнем.
Бацька падумаў: «Хто гэты дзядок?» — хоць і быў папярэджаны намі ў адкрытцы, што дзядуля павінен да яго прыехаць. І не ведалі, пра што пачаць гаварыць...
Дзядуля павітаўся з ім за руку, патрымаў яго руку ў сваёй, памаўчаў і сказаў:
— Ну што, сынок: папаўся?
Бацька хацеў у яго што-небудзь распытацца, але ён сказаў толькі, што мы ў Брудзянішках, жывы-здаровы, і змоўк. І глядзеў на бацьку мала, а так — некуды міма, мусіць, у сваё мінулае, і думаў нешта сваё.
Зараз іх і развялі. І маіх арэхаў-лузганцоў узяць бацьку чамусьці не дазволілі. Прывёз іх дзядуля, на маё засмучэнне, назад. І хоць дужа любіў я арэхі, а гэтых есці не стаў. Прадалі іх.
* * *
Вяртаючыся з Вільні, дзядуля прастудзіўся. Ішоў ад станцыі да Брудзянішак пехатою і трапіў пад заліўны дождж, змяк наскрозь і пазяб. Ледзь давалокся. Потым ён амаль што ўжо ўвесь час хварэў. Дый пажыў нядоўга, месяцы праз два, у позную восень, і памёр.
Перад канцом, зусім ужо аслабеўшы, ах, які ж ён быў дражлівы, няўладны, як на ўсё гневаўся! Блытаў нашы імёны. Мяне называў — «Міхась», імем майго бацькі, а маці маю зваў не Анэтай, а «Агатай», імем нябожчыцы бабулі. А часам клікаў маці: «Марфуша». І праз сон размаўляў з гэтаю Марфушаю. То сварыўся з ёю, то лашчыўся. Прасіў яе з ім выпіць... Мусіць, у яго ў Краснаярску была нейкая Марфуша. І, мусіць-такі, ён там выпіваў.
Чапіўся за ўсякую драбніцу — да мяне і асабліва да маці. Лаяў нас невядома за што. Але потым ізноў ласкавеў.