Выбрать главу

Аднаго разу, раніцою, калі маці паставіла яму на скрынку каля ложка місачку паранае бульбы, ды не адразу падала солі, ён з гневам шпульнуў бульбіну аб падлогу.

Я кінуўся падаваць яму соль, а ён ужо адвярнуўся да сценкі і так і залёг, як барсук, на цэлы дзень. А ўвечары адпусціўся, паласкавеў і нават сказаў маці, каб не зварачала ўвагі на яго хворыя выбрыкі.

За колькі дзён да смерці, калі ўжо амаль што зусім і не ўставаў, — раптам надумаўся ісці ў Жабракоўку, да свайго дзядзькі ў госці. Потым успомніў, відаць, што ад яго дзядзькі даўно і пораху не засталося, і ляжаў дні два вельмі прыгнечаны. А тады, неспадзявана, засадзіў мяне пісаць ліст пад яго дыктоўку, бо сам ужо не мог пісаць ад слабасці.

Пісаць ліст — да нейкага яго знаёмага ў Краснаярску, каб выслаў яму грошы на дарогу, ехаць назад у Сібір. Прадыктаваў мне два-тры словы — і сціх, адвярнуўся да сценкі.

Увечары мы пісалі, а ўночы, калі маці задрамала, а я спаў як найлепей, — ён ціха, не будзячы нас, і скончыўся... Пахавалі мы яго побач з бабуляю.

* * *

Памёр ён увосень, а бацька сядзеў яшчэ цэлую зіму, і толькі вясною адбыўся, нарэшце, суд — над ім і яго таварышамі, з якіх я ведаў толькі дзядзьку Мацяйковіча.

На судзе трымаўся бацька малайцом, як і ўсе яго таварышы. Газета «Новое время» ў кароценькай карэспандэнцыі з Вільні за подпісам нейкага Багаткевіча пісала, што «поведение судимых было вызывающим» і што іх слаба пакаралі. Гэта я сам чытаў у камплекце, які ёсць у віленскай публічнай бібліятэцы.

Дзядзьку Мацяйковічу далі, праўда, толькі высылку, але іншых закаталі каго на катаргу, каго ў ссылку. Бацьку далі пяць гадоў ссылкі ў Іркуцкую губерню.

XII. ЛІСТЫ

Ветрычак пыша, былінку калыша,

Жонка да мужа ліст па лісту піша...

З народнай песні

Маці ездзіла на суд, а мяне з сабою не брала. Бацька яшчэ і пасля суда сядзеў троху ў Вільні. І прасіў маці, каб яна, калі будуць іх высылаць, прыехала б да яго і мяне б з сабою ўзяла.

Але развітацца нам з ім не ўдалося. Адкрытка яго была затрымана, у турме ці на пошце. І калі мы сабраліся ехаць да яго ў Вільню, прыйшла другая, што скінуў бацька ў дарозе, калі ўжо ехаў.

І гэтае лета, да восені, пражылі мы ў Брудзянішках. Маці была ў мястэчку швачкаю, шыла сукенкі папоўнам і пісароўнам, але зарабляла так мала, што часам сядзелі мы не еўшы. І ў пачатку восені, пасля пажару, калі згарэла і новая Абрамава хата, прыйшоў Абрам з сям’ёю ізноў у нашу хату, за пяць рублёў у год, а мы з маткаю выехалі ў Вільню.

Пажылі мы троху на кватэры ў сястры Васілеўскіх, і паступіла маці прыслугаю да інжынера Будзіловіча. Перайшла жыць у будзіловіцкую кухню.

* * *

А мяне — не ведала куды дзець. Параілася з Васілеўскаю і аддала ў тэрмін да шаўца-адзіночкі Баніфацыя Вяржбіцкага. Васілеўская даўно яго ведала і хваліла, што чалавек вельмі добры.

Было яму тады гадоў трыццаць. Быў ён мужчына сярэдняга ці троху вышэй сярэдняга росту, даволі прыгожы, самавіты, сур’ёзны, але часам лішне задумлівы. Вочы — карыя, валасы — цёмна-русыя, бараду галіў, а вусы, здаецца, падстрыгаў, былі яны ў яго цемнаватыя, невялікія. Асабліва ж мне падабалася, што ў яго троху ўпалыя шчокі. Мне тады чамусьці здавалася, што гэта — вельмі прыгожа, і я наўмысля ўцягваў сабе свае шчокі і любаваўся на сябе ў кавалачак люстэрка, што заўсёды валяўся ў цёткі Зосі, яго жонкі, на акне.

Цётка Зося была невысокенькая, бялявенькая, чысценькая і даволі нежненькая маладушка, белашвейка. Іх блізкі знаёмы, таксама шавец, Сцяпан Каронес, якога я пасля больш ведаў з мянушкаю «Тарас», жартам празываў яе, бывала — «Зося Рулек»...

А калі яна жартліва крыўдзілася і пыталася, чаму ён так яе называе, ёп распраўляў свае рыжыя вусішчы, смяяўся і казаў:

— Таму што носічак у цябе, як рулёчак...

Дзяцей у Вяржбіцкіх было тады двое: дзяўчынка гадкоў пяці і хлопчык гадкоў двух ці трох. Пасля ў іх яшчэ прыбавілася два хлопчыкі.

Жылося мне ў дзядзькі Вяржбіцкага надта добра. Абхадзіўся ёы са мною ласкава, карміў сытна і работаю не няволіў.

* * *

Святамі я хадзіў да маткі.

Мог бы хадзіць вольным часам увечары і ў будні, але маці мне не дазваляла часта да яе бегаць, таму што пані Будзіловіч гэта не падабалася.

У Будзіловічаў было двое дзяцей: сын Болесь, мой аднагодак, і дачка Стася, маленькая дзяўчынка, харошанькая, ціхая і вельмі сарамлівая. А Болесь быў спатвораны, свавольны хлапчына, саплівы панічык.

Я з гэтым Болесем, звёўшы знаёмства, часам бегаў па падворку, і вось пані Будзіловіч казала маці, што калі Болесь са мною пагуляе, дык на другі дзень лекцый не ведае і ў гімназію ідзе неахвотна.