Выбрать главу

Я прыкідаўся, што даю веры гэтай прычыне, а сам добра разумеў, што пані скупа і баіцца, каб я з рук маці многа не з’еў у іх на кухні. Гэта была барацьба за хлеб.

Столькі я там і бегаў з тым Болесем... Звычайна, калі я прыходзіў, маці старалася выбраць вольную хвіліну ад работы і ад пані Будзіловіч — і садзіла мяне за свой столік на трох ножках у кухенным кутку пад ходам на вышкі.

Садзіла пісаць ліст бацьку — у сяло Благавешчанскае, Кірэнскага павета, Іркуцкае губерні. Знаходзіцца гэтае сяло дзесьці ў глухой тайзе, кіламетраў за трыста ад горада Кірэнска і кіламетраў за тысячу ад горада Іркуцка.

Лісты, як нашы, так і бацькавы, часта губляліся ў дарозе, а калі і даходзілі, дык надта няскора, праз месяц і болей. І гэта вельмі ахалоджвала мой імпэт да пісання. Бо пішаш-пішаш, і можа быць — зусім упустую. А калі і дойдзе, дык толькі тады, калі ўжо ты і забудзешся, пра што там пісаў.

Апрача таго, маці загадвала мне, каб пісаў я бацьку абавязкова па-польску. Дыктаваць жа мне не хацела, а толькі раскажа-раскажа, а тады складай сваёю галавою.

Наўчылі ж мяне пісаць у школе толькі па-руску. Дык якая ж была мне пакута! Кожны раз даходзіла да горкіх слёз з абодвух бакоў, і з матчынага і з майго. Маці плакала ад жалю па бацьку, размаўляючы з ім у лісце. А я плакаў, што не магу напісаць так, як ёй хочацца. Дый наогул — лягчэй было мне насукаць дратвы на сто пар ботаў, чым напісаць адзін ліст.

А часам скрозь слёзы ніяк не мог я ўтрымацца ад смеху, а то і пачынаў рагатаць, як вар’ят.

— Муй дрогі пане мэнжу! — размаўляе маці з бацькам у лісце, а мне смешна, хоць лопні, што яла так круціць па панскі лад.

— Чаго ты рагочаш? З каго ты смяешся? — грозна падступае маці. І зараз заліваецца слязьмі: — Няма ў цябе розуму ў галаве, мой ты сыночак! Нічога яшчэ ты не разумееш! — І ўздыхне:— Ужо і на бацьку забыўся, не любіш...

* * *

Аднаго разу, калі мы так пісалі, у кухню выпадкова зайшоў сам Будзіловіч — лысы, чарнавусы, акулярысты пан. Я спалохаўся яго, а ён паглядзеў на мяне, паглядзеў на мае слёзы і падышоў, зірнуў на маё пісьмо.

Сорамна зрабілася мне за мае грымзолы. Счырванеў я, аж за вушамі цёпла стала. А ён павярнуўся да маці і кажа:

— А ведаеш, Анэта, хлопчыка твайго трэба падвучыць... Па-польску, дый наогул... Бо піша ён... няважна.

Не сказаў: «Ні к чорту», а толькі — «няважна». Відаць, або належаў ён да людзей надзвычай далікатных і не хацеў у маёй прысутнасці сказаць аб маёй рабоце грубае слова праўды, або быў з той катэгорыі светлаглядцаў, што лічаць за лепшае абнадзейваць чалавека мяккасцю ацэнкі, чым забіваць іх крытыкаю, як даўбнёю, ад якой ужо не падымешся зусім ніколі.

— Прошэн пана, як жа я буду яго вучыць? — заенчыла яна сваім звычайным цяпер, пакутным тонам, што, аднак, вельмі не ішло да яе, бо была з выгляду хоць і не дужа пышная, а ўсё ж харошая, відная. — Прошэн пана, я ж аддала яго да шаўца ў тэрмін: там ён хоць сам сябе пракорміць і рамяству вучыцца будзе. А ў школу пойдзе,— адкуль я чаго набяруся на яго?

— Гм... хіба ж твой муж нічога табе не прысылае?

— Прысылае,— адказала маці вінавата. — Як не прысылае?.. Але ж... — і яна змоўкла, каб не сказаць дакладна, колькі ж ёй бацька прысылае, і нават наўмысля ўздыхнула.

Я добра разумеў яе хітрыкі і не дзівіў ёй. Бо ад паноў заўсёды лепей хаваць праўду, у каторы б[бок] яна ні хілілася — ці ў большы, ці ў меншы.

Пан памаўчаў, пакруціў вус і пайшоў.

XIII. ПАНІЧ РЭПЕТЫТАР

Ученье — свет, а неученье — тьма.

Вясною, калі панская сям’я выехала на дачу, на кватэры ў папа пасяліўся яго сваяк, студэнт Віктар Ёдка.

Будзіловічы былі са збяднелых паноў Свянцянскага павета. Маёнтак іхнага бацькі быў пад Брудзянішкамі. Бацька іх прадаў яго пану Хвастуноўскаму.

Не ведаю, каторы Будзіловіч быў старэйшы брат. Мусіць, той, рэвалюцыянер, што жыў у Варшаве і на Першае мая 1905 ці 1906 года прыязджаў у Вільню і выступаў на мітынгу ў Закрэце. У 1907 годзе яго саслалі на катаргу за ўдзел у нейкай экспрапрыяцыі, і ён там, вельмі скора, як толькі прыехаў, памёр ад сухот.

Жанаты ён быў з удавою. Прозвішча яе па першаму мужу было — Ёдка. Ад першага мужа ў яе былі дзеці: дачка Адэлька, што дэкламавала на мітынгу ў Закрэце рэвалюцыйны вершык і так паланіла тады маё сэрца сваім хараством, і сын — гэты самы студэнт Віктар Ёдка.

Віктар не ладзіў з маткаю. Яна жыла з Адэлькаю ў Варшаве, а ён вучыўся ў Пецярбурзе. Улетку прыязджаў пе ў Варшаву да маткі і сястры, а ў Вільню, і тут і аціраўся каля Будзіловічаў.

Увесь гэты складаны радавод паноў Будзіловічаў і Ёдкаў стаў мне вядомы пасля, калі я падрос, а тады мяне больш цікавіла — збегаць да маці і падлавіць ад яе штонебудзь ядомае, хоць цукру кавалачак.