— Папомніш ты, хамуйла! — ціханька адгыркнуўся Махлярчык ды папоўз скоранька ад яго ракам, каб яшчэ нагою ў зад не вытнуў.
Тым часам нічога ён не ўгразіў. Толькі, вядома, пасля такога прыкрага здарэння мусіў дзядуля ізноў шукаць сабе новага месца.
І паступіў ён сторажам пры толькі што адчыненай у Брудзянішках рускай народнай школе.
Неўзабаве і жаніўся другі раз. Давёў сваё лыцарства да канца: узяў тую дзяўчыну-парабчанку, гэта маю бабулю.
Праўда, была яна старэйшая за яго гадкоў на пяць ці болей і пасагу яму ніякага не прынясла. Але ж і ён, хоць быў яшчэ нішто певень, а ўжо ўдавец, і голы, як бізун. Так што пара, як на тыя часы, падабралася.
Тады ж і хату сваю з Жабракоўкі ў Брудзянішкі перавёз і паставіў на добрым месцы, на прасторы: амаль што ў полі, каля шляху на Свянцяны, дзе балотца, што ніколі не высыхае, дык за тым балотцам.
Перавязлі хату жабракоўцы талакою за вядро гарэлкі, спачуваючы свайму аднавяскоўцу. Паставілі цесляры, таксама з Жабракоўкі, троху талакою, за гарэлку, а троху за грошы.
Начаваў дзядуля і цяпер пры школе. А бабуля начавала ў хаце, а ўдзень на падзёншчыну хадзіла. Бачыліся рэдка, а скора пачалі сварыцца. А часам і цапаліся, як каты.
Аднак не расходзіліся, бо не такія былі часы, каб лёгка расхадзіцца. Бабулі ж і ўпрочкі бегаць не было куды. А потым — куды ўжо пабяжыш, калі пасыпаліся дзеткі: што год, то ўдод.
Толькі ўдоды былі дзяўчаткі і дзяўчаткі, за што дзядуля вельмі гневаўся на бабулю, бо прычыну бачыў, паводле народных забабонаў, у сцюдзёнасці яе натуры.
Дзяўчаткі радзіліся і ўміралі: каторая з водры, каторая з шкарлятыны, каторая — хто ведае з якой хваробы. Часта спраўляючы хрэсьбіны і памінкі, пачаў дзядуля ізноў патроху выпіваць.
Аж нарэшце, калі ён, мусіць, сам асцюдзянеў у патрэбнай прапорцыі, нарадзіўся хлопец, а здаровы — як шчупак — гэта ўжо мой бацька, Міхась Мышка. Яго ніякая пошасць не ўзяла, і ён гадаваўся. На ім і загавелі.
ІІ. ВЯДРО ВІЛЕНСКАГА ПІВА
Дык крычыце ж, біце ў звона: —
Дурны мужык, як варона!..
Ведама, мужык, хамула,
Ад навукі адвярнула...
Мацей Бурачок
Гэтым часам паспрачаліся аднойчы, за параю піва, настаўнік брудзяніскі з брудзяніскім валасным пісарам. Былі яны абодва з праваслаўнай шляхты знедкуль з Магілеўшчыны. Настаўнік — малады яшчэ хлапчына, на прозвішча Грызунец. Пісар — старэйшы векам, на прозвішча Даўбешка. Настаўнік скончыў настаўніцкую семінарыю, у Полацку ці ў Маладзечне, што былі тады адчынены для абрусення краю. Пісар выбіўся ўгару, паслужыўшы ў войску, пісарам у роце.
Настаўнік быў танкатвары, бледны, задумлівы, але з людзьмі наогул даволі ветлівы, прыемны, і толькі часам, на злосць каму, падкуслівы і ўпарты, як казёл.
Пісар жа быў таўстаморды, амбітны, уладалюбны. І паспрачаліся яны на тэму аб адукацыі простага народу.
Пісар, пан Даўбешка, з розумам і сталасцю даводзіў, што навука простаму народу патрэбна столькі, колькі свінні сядло, што мужыкоў вучыць у школе — толькі іх псаваць, толькі сеяць спакусу і распусту.
— Створаны яны, — казаў ён, — для фізічнай працы, таму і навуку ўспрымаюць цяжка.
— Пра каго пан пісар кажа: пра дзяцей ці пра дарослых? — пачаў збіваць яго настаўнік.
— Вядома, пра дзяцей, бо ім перадаецца ў спадчыну. Дзе ж гэта які дурань уздумае вучыць дарослых мужыкоў? — адказаў Даўбешка.
— А чаму нельга вучыць дарослых? — ізноў пад’ехаў Грызунец.
— І наогул, — сказаў пісар, — лягчэй наўчыць карову танцаваць мазура, чымся такога вось Антося распісацца, — кіўнуў ён на дзядулю, што наліваў ды падаваў, бо выпіваць была чарга ў настаўніка.
— Дык закладзёмся, пане пісар, на вядро віленскага піва, што я наўчу яго не толькі распісацца, але нават складаць прашэнні, — зрабіў настаўнік прапанову, каб падкалоць Даўбешку.
— Складаць прашэнні?! — ударыўся ў амбіцыю Даўбешка.— Дзесяць вёдзер віленскага піва! І вучы яго хоць да сканчэння свету!
На дзядулева няшчасце, яны заклаліся. Аднак жа, не без тэрміну, а толькі на паўгода, бо пісару, калі пайшло ўсур’ёз, вельмі хацелася скарэй папіць настаўніцкага піва.
Заклад рабілі ўвосень, а пад вясну дабравольна стварылася экспертная камісія — з людзей, ахвотных выпіць.
З боку настаўніка быў фельчар Гліснік, худы як палка, бо ніяк не мог ёы выгнаць з сваіх кішак салітэра. З боку Даўбешкі быў яго памочнік, пісарчук, прозвішча якога мне казалі, ды я забыўся.
А на вярхоўнага арбітра Гліснік і памочнік выбралі праслаўленага дзяка Райскага, якога ніхто ніколі не перапіў.
Камісія сабралася ў настаўніка. Паклікалі дзядулю. Пасадзілі за стол пасярод класа. І задалі яму пісаць прашэнне ў воласць аб прыбаўцы яму пенсіі. Тэрміну далі гадзіну.