Трымаючы ліст у руцэ і абліваючыся жаласнымі слязьмі, папрасіла яна пана і пані Будзіловічаў, каб дазволілі мне жыць з ёю ў кухні: што буду я цішэй вады, ніжэй травы, і есці будзе яна варыць сабе і мне, капусту ды бульбу, у асобным чыгуночку, і ложачак мой можна будзе паставіць на тым месцы, дзе трыногі столік, пад ходам па вышкі, от — дзве скрыначкі пустыя ў бакалейнай краме купіць, кароценькія дошчачкі на іх пакладзе, чысценькі мяшэчак добрым сенцам наб’е — ні пылу, ні паху...
Моршчылася-моршчылася пані Будзіловіч і, нарэшце, дала-ткі згоду, толькі з умоваю, што не буду я гуляць з яе Болесем, што адгародзіць мяне маці шырмачкамі і што плаціць ёй цяпер будуць меней.
Убачыла маці, што спекуляцыя яе будзе ёй вельмі дорага каштаваць, але адступаць ужо было позна. І перайшоў я ад дзядзькі Вяржбіцкага на кухню. Загналі мяне, як мыш у шчыліну, у цесны кут пад той ход на вышкі...
І хадзіць у школу ад дзядзькі Вяржбіцкага было троху бліжэй: ён жыў на Вароняй вуліцы, каля Палескага клуба. А цяпер падалела: паны Будзіловічы жылі на Юраўскім праспекце — амаль што каля Звярынца.
Мусіў я хадзіць кожны дзень два разы праз увесь горад. Але казалі, што з будучага года адчыніцца пры школе інтэрнат, дзе можна будзе начаваць і харчавацца за малыя грошы. І жыў я гэтаю надзеяю.
Жыў надзеяю — і быў шчаслівы, што вучуся, як бы там ні прыхадзілася... І так прайшоў час амаль што да вясны.
XIV. КАСЦЁЛ СВЯТОГА ЯКУБА
На маё ліха, у гэты час у Вільні былі вялікія спрэчкі паміж польскімі і літоўскімі нацыяналістамі за касцёл святога Якуба, што на Лукіскім пляцы.
Літоўцы ездзілі ў Рым, да самога найсвяцейшага папежа, цалавалі яму там у пантоплю і атрымалі ад яго дазвол і блаславенства маліцца ў адным з віленскіх касцёлаў па-літоўску.
Не ведаю, ці яны самі сабе выбралі, ці ім віленскі біскуп прызначыў — гэты касцёл святога Якуба, у канцы Лукіскага кірмашовага пляца, не дужа далёка ад знамянітае Лукіскае турмы.
Вялікае ўрачыставанне было тады ў коле літоўскіх нацыяналістаў-клерыкалаў ды і ўсіх літоўскіх нацыяналістаў, аж такіх, як сацыял-дэмакрат доктар Дамашэвіч. Нацыяналізм яднаў іх у адной кучы. Толькі літоўскія ксяндзы скакалі ад радасці адкрыта, узяўшыся ў бокі. А доктар Дамашэвіч прытопваў сарамліва, схаваўшы ручкі ў бручкі.
Але не спалі ў шапку і польскія патрыёты. Яны выкапалі з архіва спляснелыя паперы — з доказам, што фундамент у гэтым касцёле закладаў паляк... Яны пісалі ў сваіх газетах, што подлыя і хітрыя ліцвіны ашукалі самога найсвяцейшага папежа... І паціхеньку пачалі падбухторваць фанатычных каталічак-«дэвотак», палітычна цёмных рамеснікаў, чаляднікаў, дворнікаў, кухарак, каб яны сілаю, скопам не дапусцілі ліцвінаў забраць касцёл... Забраць касцёл — для малення на такой простай мужыцкай мове, што пан бог і слухаць не захоча...
А маці мая пад той час паспела ўжо здружыцца з папскімі і ксяндзоўскімі прыслугамі і зрабілася вельмі пабожнаю каталічкаю і вялікай польскаю патрыёткаю — а злашча, што гэта вельмі ў ёй падабалася пані Будзіловіч.
І вось прыйшоў, нарэшце, дзень, прыгожы веснавы дзень у месяцы сакавіку, калі ў касцёле святога Якуба было прызначана першае, урачыстае, літоўскае набажэнства.
Сабралася многа літоўцаў.
Але яшчэ болей прываліла на пляц да касцёла — «польскіх»: дэвоткі з малпачымі мордамі, вясёлыя хлапчукі-падшывальцы, чырванатварыя халупнікі ў шыракапузых польтах, іх верныя, але худаватыя і, як заўсёды, не вымытыя добра майстры і чаляднікі, цёмная пабожная прыслуга кшталтам мае маці, ну і тупагаловая шляхта з ваколічных вёсак.
Абедзве арміі, а найбольш польская, як «агрэсар», з’явіліся з тростачкамі, кіёчкамі, моцнымі парасонамі, а хто і з каменьчыкам — на выпадак, калі трапіцца біцца...
Мне ў святыя дні было дазволена гуляць з Болесем на падворку. Гуляць з ім была мне невялікая цікавасць: быў ён хлопец не паважны. Калі ён з мяне насмяецца, дык гэта добра, а я яго не зачапі і нават гладзь, як скулу, каб нават не надуўся.
Кінуў я гульню, забегся ў кухню, аж там маці няма, абед па пліце гатуе сама пані Будзіловіч... Разявіўся я ад здзіўлення, а яна аблізвае лыжку і кажа, што адпусціла сёння маці...
— Куды?
— Броніць косьцёл польскі ад тых хамув-ліцьвінув!
Я, вядома, адразу загарэўся таксама туды бегчы. Думаў, што і Болесю будзе цікава паглядзець, але пані Будзіловіч, нягледзячы на ўсе яго ўпрошванні, зачыніла яго ў пакоях на замок.
Я рынуўся адзін, хутчэй, каб не спусціць часу. Праўда, бегчы было недалёка, і дарога мне вельмі прыемная: тут хадзіў я ад дзядзькі Вяржбіцкага да маці і назад.