Выбрать главу

Прыляцеў у самы момант, калі пешыя і конныя градавыя гналі ад касцёла, якраз мне на спатканне, па ўсім пляцы, і «польскіх» і літоўцаў...

Гналі, малоцячы па іх пабожных і нацыяналістычных спінах, плячах і галовах шашкамі плашмя і нагайкамі. Усе беглі ўрассыпную, хто куды...

Я спярша аж засмяяўся ад радасці, што ўбачыў такую вайну і буду мець чым пахваліцца і нежненькаму Болесю і заўтра хлапцам у школе.

А потым, як падбег бліжэй, дзе людзі паўзлі па зямлі ракам, дык спалохаўся, што маці маю тут заб’юць. Забегаў туды-сюды, шукаючы вачыма, ці не ўбачу, дзе яна...

А яна, і сапраўды, уцякаючы ад коннага гарадавога, трапіла каню пад ногі. Я падбег збоку і зусім выпадкова заўважыў і пазнаў, што гэта яна...

— Мама!!! — крыкнуў я, як непрытомны. Потым скамянеў на месцы. Потым падхапіў каменьчык, што нехта абраніў, і гэтым каменьчыкам з усяе сілы шпульнуў у гарадавога.

Лучыў я куды ці не ўлучыў — нічога не памятаю. Але мяне схапілі і павялі ў паліцэйскі ўчастак, што быў на Дамініканскай вуліцы, пры пажарнай дружыне. Там распыталіся ў мяне, хто я, хто мой бацька і мая маці і дзе я вучуся. І загналі ў нейкую вялікую стадолу, да ўсіх арыштаваных.

Арыштаваных заганялі ўсіх разам, і «польскіх» і ліцвінаў. І яны яшчэ і там, пад арыштам, перабрэхваліся і сядзелі дзвюма асобнымі варожымі кучкамі.

Паплакаў я там, а потым скора і супакоіўся, бо нейкая, пазней арыштаваная, дэвотка, што знала маю маці, сказала мне, што маці мая жыва і здарова і што яе нават не арыштавалі, — адпрасілася і пайшла дамоў.

А калі яшчэ нейкі дабрасэрды шляхцюк, з сівымі ласкавымі вусамі і ў шэрым, з сялянскага сукна, жупане-кантушыку дастаў з торбы драчону з салам, пачаў есці дый мяне частаваць, дык я і зусім павесялеў.

Пад вечар усіх нас выпусцілі, і я прыляцеў на кухню. Аж праўда: маці сядзіць, гарбату п’е... І з канфітурамі і з пячэннем!

І пані з Болесем зараз тут паявіліся. Я апавядаю, маці яшчэ раз дапаўняе, яны слухаюць. І мяне зараз за стол засадзілі, пані сама мне піражок з мясам прынясла, два кавалкі цукру ў шклянку маю паклала і хваліла мяне за мае ўчынкі. Я ўжо чуў сябе героем!

* * *

На другі дзень прыйшоў я ў вучылішча. І толькі паклаў кніжкі ў парту, як выклікае мяне загадчык. Яшчэ ніколі ён мяне не выклікаў, і таму з’явіўся я да яго са страхам.

Загадчык быў даволі вядомы тады ў Вільні чарнасоценны тып, русіфікатар, член так званага «Белорусского общества», гаспадзін Багаткевіч. Думаю, што гэта ён пісаў карэспандэнцыю з Вільні ў «Новое время», калі судзілі майго бацьку.

З трэпетам стаў я перад яго маленькім нізенькім пузкам... А ён разгладзіў сваю чорненькую бародку, пабалаваўся залатым ланцужком каля верхняе кішэні ў камізэльцы і потым спакойным, роўным, чыстым голасам сказаў:

— Вот что, друг любезный... Если бы ты был только хулиган, мы бы тебя наказали, но оставили бы в училище, так как могли бы еще перевоспитать... — (А ў мяне ўжо і сэрца замлела і ногі падгінаюцца.) — Но, к сожалению, — казаў ён далей, — у нас есть совсем достаточные основання думать, что ты, кроме того, что хулиган, еще и не-ис-пра-ви-мый по-ля-чиш-ка... — (Гарачая кроў заліла мне твар.) — А потому, — скончыў ён і пагладжваць бародку і балавацца ланцужком і ўклаў рукі ў кішэні штаноў, — а потому, друг любезный, такая зараза нам в училище не нужна, и мы тебя увольняем.

Казаў ён гэта спакойным, скрыта зларадным голасам — мне, хлопчыку. Я нават не адразу зразумеў з яго слоў, што мяне праганяюць, што я мушу зараз здаць кніжкі і ісці дамоў, каб болей ніколі не мець права пераступіць сюды парог. А калі зразумеў (таму што ён паясніў) — у мяне памуцілася ў галаве ад няшчасця. Я ледзь не абамлеў і стаяў анямелы, не варочаючы языком. Не прасіў, не плакаў і не адгрызнуўся — стаяў, як ціхі памяшаны. Такім жудасным здавалася мне тады маё раптоўнае бедства...

XV. У БАНІФАЦЫЯ ВЯРЖБІЦКАГА

Ізноў вярнуўся я да дзядзькі Баніфацыя Вяржбіцкая,на Варонюю вуліцу, хоць цяпер не дужа-то ахвотна і прымаў ён мяне, бо ў яго быў ужо другі хлопец, Ромусь Рабэйка.

Але па старой памяці прыняў, і прабыў я ў яго ў шавецкім тэрміне яшчэ гады два з нечым. Добры ён быў чалавек.

Бацька яго прыйшоў у горад з вёскі, як і многія віленскія пралетарыі. Памёр, калі ён быў яшчэ маленькім хлопчыкам. Маці зайшла замуж за другога.

Войчым яго быў стораж ці швейцар у гімназіі, а маці — швачка ці прачка. Калі ён скончыў прыходскую школу, яны таксама аддалі яго да шаўца ў тэрмін.

Успамінаў, што жылося яму ў тэрміне цяжка. Тое ж казаў і яго прыяцель, дзядзька Ліцкевіч. Тэрмін яны адбывалі разам, у аднаго халупніка. «Пякліся за работаю» — як жартаваў дзядзька Ліцкевіч.