Выбрать главу

Так першы раз убачыў я свайго мінскага дзядзьку, халупніка Антонія Плахінскага, і яго большую дачушку Юзю.

Маці мая была родам з Мінска, з старыннай мяшчанскай рамесніцкай сям'і. Застаўшыся круглаю сіратою, расла яна ў свайго дзядзькі. Антоні Плахінскі быў сын таго дзядзькі і даводзіўся ёй дваюрадным ці траюрадным братам, — адным словам, сёмая вада на кісялі, але з малых гадоў раслі яны, ён і маці, разам.

З таго часу, як маці мая, быўшы яшчэ маладою дзяўчынаю, прыехала ў Вільню на багамолле, а потым засталася тут працаваць на мармеладнай фабрыцы і зайшла замуж, — браток яе гэты, Антоні Плахінскі, ніколі, мусіць, і не пацікавіўся яе лёсам.

Цяпер прыехаў ён у Вільню ў розгляды, каб пераехаць з Мінска і майстэрню сваю сюды перавезці. Успомніў, што тут жа ёсць у яго свой чалавек, сястра, пайшоў у адрасны стол, выбраў адрас і з’явіўся ў госці.

Але гэтым разам справа з яго пераездам не выйшла. Між іншым, пабачыўшы мяне і распытаўшыся, дзе я працую і што ўжо ўмею рабіць, пачаў ён казаць маці, каб ехаў я з імі да яго ў Мінск, працаваць у яго майстэрні.

Маці рассыпалася ў падзяках, рада была, што нарэшце ж ткі захацеў браточак дапамагчы ёй... А я падумаў-падумаў і таксама захацеў ехаць. Пацягнула мяне ў другі горад, ну і да сваіх родзічаў.

Гэта ж бывала я разважаў: чаму мы з маткаю такія няшчасныя, што і радні ў нас няма нікога, і ў госці схадзіць, смачней пад’есці — некуды. А тут раптам з’яўляецца дзядзька, ды яшчэ з такою дачушкаю, маёю сястрыцаю!

Сястрыца ж, пры першым знаёмстве, хоць і вельмі была занята гарбатаю, піла, аддувалася, — а паглядзела на мяне з цікавасцю і прыхільна... Відаць, спадабаўся... І ласкава і нават як бы трошку какетліва ўсміхнулася мне.

Ну, я і паехаў!

XVI. ЯК ЗАЦВІТАЎ МОЙ САД

Я песняй мілую сваю праслаўлю...

Янка Купала

У дзядзькі ў Мінску была свая невялікая шавецкая майстэрня, з вітрынкаю, на Захараўскай вуліцы (цяпер Савецкая вуліца).

Домік яго быў таксама на Захараўскай, але даволі далёка ад цэнтра, за мастом праз Свіслач, на Залатой Горцы. Пры доміку быў садок і гародзік. Месца — прывольнае, прыемнае, на сонейку.

Апрача Юзі, у дзядзькі была яшчэ адна дачка, Яня, дзяўчынка гадоў, тады, дванаццаці. Сёстры мне спадабаліся, асабліва Янінка — ціхая, задумлівая дзяўчынка, белавалосая, з галубенькімі вачыма.

Былі яны цяпер сіроты, маці памерла гады два таму. За гаспадыню ў доме была цяпер Юзя.

Юзя была бойкая дзяўчына, часам занадта бойкая...

Яна паўчылася троху ў прагімназіі і, мусіць, там набралася гэтае бойкасці. З прагімназіі яе даўно выключылі. Адзін раз яна мне казала, што за няўзнос платы. Потым, забыўшыся, казала, што сама кінула вучыцца пасля смерці маці, таму што трэба было даглядаць у хаце. А нарэшце склалася ў мяне такое ўражанне, што выключылі яе за ціхія поспехі ў навуках.

Яна саромелася, што дачка шаўца. І ў гутарцы сваёй ніколі не казала слова «шавец», а толькі — «абутковы майстар». Яна прымусіла свайго скупога бацьку змяніць нялюбае ёй слова і на шыльдзе. Стары напіс «Шавецкая майстэрня» замазалі. Замест яго напісалі: «Абутковая майстэрня».

Калі прыходзіў недалікатны заказчык і пытаўся: «Дзе тут шавец?», ці ў гутарцы сваёй казаў гэтае слова, а яна чула, дык абавязкова ўмешвалася ў справу, запрошвала з яго ў тры разы даражэй і потым казала яму: «У нас не якая-небудзь швальня-чабатарня... У нас — майстэрня абутку, мужчынскага, дамскага і дзіцячага».

Рубец на лобе быў — хацела павесіцца на паграбнішчы, пад страхою, ды абарвалася і рассекла лоб аб востры чарапок ці аб нейкае жалеза. Вешалася гадоў трынаццаці, расчараваўшыся ў жыцці, таму што бацька быў скупы, не хацеў купляць ёй такіх сукенак, як у яе таварышак-гімназістак з заможных сем’яў.

Аднак была яна і не дурная і не гультайка... Яна і цяпер кожную вольную хвіліну чытала кніжкі, брала ў Пушкінскай бібліятэцы.

А што чытала? «Ключи счастья» Вярбіцкай, «Санин» Арцыбашава, любоўныя раманы наогул усякіх аўтараў і аўтарак, «Половой вопрос» Аўгуста Фарэля і да таго падобныя рэчы — усё на тэму аб каханні.

Пачала яна і мне падсоўваць гэтыя кнігі, пачала і гутарыць са мною часценька на гэтую тэму, калі нікога каля нас блізка не было. І гаварыла часам так бойка і такія рэчы, што хаця я быў з Вільні, а яна ўсяго толькі з Мінска, — мне рабілася стыдна, а ёй хоць бы хны!

Чула маё сэрца, што дабром гэта для мяне не скончыцца...

* * *

І вось пражыў я ў іх год з нечым, і ў канцы вясны, у пачатку лета, у адну прыгожую раніцу, пасля таго прыгожага ўчарашняга вечара, што прабалаваліся мы з Юзяю, захацелася мне бегчы ўцякаць адгэтуль — куды вочы глядзяць...