Раніцою сказаў дзядзьку, што атрымаў ліст з Вільні, запрашае адзін таварыш на вяселле, і што, можа, і доўга не вярнуся, а можа — і зусім не вярнуся, бо хачу жыць у Вільні...
А перад абедам, не развітаўшыся з Юзяю, садзіўся ўжо ў віленскі цягнік. І паехаў. І ў дарозе, першы раз у сваім жыцці, напіўся п’яны.
У Радашковічах, у буфеце, купіў паўбутэлькі гарэлкі і выпіў мала, але мала і закусваў, надвор’е стаяла гарачае, і мяне з непрывычкі развязло.
Памятаю, што пагражалі мне арыштам, нехта недзе вымагаў ад мяне нейкі штраф, нехта смяяўся... А я ўсё маўчаў і ўсё праліваў ціхія слёзы.
Яны, мусіць, думалі, што плачу ад хмелю ці ад жалю па грошах, што трэба плаціць штраф. А я плакаў зусім па іншых прычынах — плакаў таму, што сад мой зацвіў так няўдала...
На вакзале ў Вільні выйшаў я з вагона добра. А потым у гэтых катакомбах, што пад каляямі, асцярожна сходзячы па прыступачках уніз, ці то абступіўся, ці то паслізнуўся на якую апельсінавую лупінку — і паляцеў на цэментовую падлогу, як прасла.
Каб стукнуўся галавою, дык пэўна рассеклася б кавуном. Але галаву ўратаваў, — мусіць, выставіўшы рукі. Затое левая рука хруснула...
Два месяцы праляжаў у больніцы. Кепска лячылі. Тры разы бралі ў лубкі з гіпсам, ледзь і зусім не адрэзалі. І выйшаў з рукою, сагнутаю ў локці на ўсё жыццё.
Але быў рад, што рабіць ёю ўсё роўна здолею, а ў салдаты ўжо не возьмуць і на вайну не пагоняць.
Ляжаў я два месяцы — нікоменьку не павядоміўшы, дзе я і што я. Матцы, калі прыйшоў да яе пасля выпіскі, — зманіў, што паехаў быў да бацькі, ды грошы на дарогу не хапіла, дык я папрацаваў троху ў розных гарадах — і вось вярнуўся
Яна дала веры, толькі паплакала, што я мала люблю яе, калі так доўга ездзіў і ніводнага разу вестачкі пра сябе не надаў. А што ў мяне рука сагнутая, яна нават і не заўважыла. Пыталася, прыглядаючыся да майго твару, ці не баліць мне што, ці не хварэў я ў дарозе, ці добра спаў. Мне не хацелася адказваць, пытанні яе мяне раздражнялі. А калі я ішоў ад яе, мне зрабілася сорамна, было шкода яе. Яна так пастарэла за гэты кароткі час! А можа таму такое здалося, што прывык да свежага дзявочага твару Юзі... І зноў было мне прыкра.
І ў Вяржбіцкага ўсё здалося мне меншым і горшым, чым было раней. Толькі ў Ромуся Рабэйкі пачалі прабівацца чорненькія вусікі, і ўвесь ён памужнеў, паважнеў і нават гаварыць пачаў у нос. Яшчэ год — і ён майстар! «Майстар абутку» — Юзіны словы...
Вяржбіцкі прыняў мяне, як заўсёды, ласкава. І як заўсёды — быў сур’ёзны, задумлівы. Але, калі я папрасіўся да яго на работу, ён сказаў мне: «Заставайся» — неяк асабліва сумна, ціха і каротка. Ці гэта мне толькі здалося?
«Не,— думаў я тады, — пэўна, яму штосьці не падабаецца ў маіх паводзінах за апошні час...» І ўжо рыхтаваўся маніць і яму, як наманіў матцы. Толькі не ведаў, што сказаць пра руку, калі заўважыць, як буду шыць.
Першы заўважыў Рабэйка, але нічога не сказаў. Яму здалося, што гэта я наўмысля, для фасону, каб пафарсіць, адстаўляю так руку... І патрошку, непрыкметна, пачаў ён пераймаць ад мяне гэтую моду.
Ён наймаў цяпер сабе асобны пакойчык. Лічыў сябе дарослым і прыгожым хлопцам. Ужо і цётка Зося часам жартавала з ім, як з кавалерам. Дык вось сам, з далікатнасці, пераехаў ад Вяржбіцкага...
Як пачынаў ён мне ўсё гэта казаць, дык мяне ўсяго вярнула ад яго. Ужо і раней раскусіў я ў ім шляхцюка, але раней ён быў такі няшчасны...
І пацягнула ж мяне за язык расказаць яму пра Юзю... Цяпер усё, што я ў ёй ганіў, ён падхвальваў. І сам пачынаў са мною пра яе гаворку. І так салідна выказваўся... Бррр!
А я мусіў начаваць з ім у яго пакойчыку. Нібы ласку ад яго вялікую меў. І мусіў з ім гаварыць, і мусіў яго слухаць. Знелюбеў ён мне страшэнна. І ўсё мне цяпер знелюбела. Здавалася, што няма ў свеце горшае пакуты, як быць шаўцом. Цягнула мяне цяпер — немаведама куды, немаведама на якую работу.
Ой, хоць бы якая перамена! — хацелася мне. І так пракудзіў я ў Вяржбіцкага тыдні два ці тры. І да маткі не хадзіў. Ад людзей адбіўся.
Каб не было сорамна, пайшоў-ткі да яе. У яе сядзеў брудзяніскі чалавек, пан Пстрычка, сын ці ўнук таго кульгавага пана Пстрычкі, у якога некалі служыў дзядуля.
Ён пачаў прасіць мяне, каб я паехаў у Брудзянішкі «дарэктарам» у падпольную польскую школку. Мне было ўсё роўна куды ні ехаць — і я згадзіўся і паехаў.
XVII. СУМ
Да канца цёплых дзён я сцярог у Пстрычкі сад і вучыў двух яго «недаросткаў», тупагаловых хлапцоў у Белькі з мяне, і паядаў у незлічонай колькасці яблыкі, дулі, сліўкі, на што меў поўнае права, бо ён мне па ўмове нічога не плаціў, а толькі «карміў».
У пачатку зімы сабралася ў мяне вучняў чалавек дзесяць, і адчыніў я сваю школку... Слёзы былі, а не шкодна. Трэба ж было хавацца. Адзін дзень займаліся ў адной хаце, другі — у другой. Партаў не было. Іх жа з сабою не панясеш. Дык — хто за сталом, хто на запечку...