Быў ён тады яшчэ малады, гадоў 30, і бландзін, дык выдаваў яшчэ маладзей. Хадзіў у скромненькім шэрым гарнітурчыку і ў старых, зношаных баціначках. І я падумаў: такі непрыкметны чалавечак і так складна піша вершы!
* * *
Захацелася ў той час і мне паспрабаваць пісаць вершы... Але прабаваў я і па-польску і па-руску — нічога не выйшла. Цяжка. Каб прыдумаць дзве-тры рыфмы, трэба патраціць цэлы вечар.
Нарэшце напісаў адзін вершык па-беларуску — «пад Купалу». Паслаў у «Пашу ніву». Чакаў прысуду і знайшоў яго ў «Паштовай скрынцы», у самым канцы газеты, каля абвестак: раіла мне рэдакцыя ўзяцца за прозу...
Узяўся я за прозу. Надумаўся апісаць сваё горкае жыццё. Як размахнуўся — вечары за тры дайшоў да свайго побыту ў дзядзькі ў Мінску. Чацвёрты вечар не пісаў — пайшоў на беларускі суботнік.
І толькі ўваходжу ў залу, а мне на спатканне — сама мая Юзя ў пары з Ромусем Рабэйкам! Здзівіўся я страшэнна, замуляўся, хацеў завярнуцца ды ўцякаць. Позна!
Юзя падскочыла да мяне, учапілася, — паказвала, што дужа мне рада, тым болей тут, дзе яна першы раз і нікога знаёмых. Учасаная, расфуфыраная. І какетнічае, і смяецца, дужа вясёлая. І Рабэйка пры ёй, як важны індык.
Ну, раз так, і я пачаў быць сам сабою. Але думаю: як яна сюды трапіла? Аказваецца, пакуль я самотнічаў, і ў маткі рэдка бываў, і нічога не ведаў, дык дзядзька мой у Вільню пераехаў, і майстэрню на Пагулянцы адчыніў, і нават дзе — недалёка ад таго дома, дзе я тады жыў. А Рабэйка перайшоў да яго ад Вяржбіцкага маладым майстрам.
І кінуў я апісваць сваё жыццё. Зрабілася сорамна, — падраў, пашматаў, у печ укінуў, юшку адчыніў і сярнічкаю падпаліў. Ляці, маё горкае жыццё, дымам!
Вядома, Юзя запрасіла мяне да сябе. Дзядзька суліў мне работу ў яго майстэрні. Але з праўдзіваю радасцю спаткала мяне толькі Янінка. І падрасла ж яна за год — на вярсту! Зрабілася тоненькая і худзенькая.
Юзя ізноў пачала была чапіцца да мяне. Ды ўжо цяпер — дудкі! Я быў не той. Янінка падрасла на вярсту, а я паразумнеў на галаву! І трымаўся я цяпер з Юзяю спакойна і нават насмешліва.
Мне здавалася, што ад былой сваёй мэрляхлюндыі я вылечыўся назаўсёды. Мне здавалася, што я пачаў разумець рэчы так, як яны ёсць. Але цяпер замест мэрляхлюндыі напаў на мяне праўдзівы сум...
Толькі час за работаю на камбінаце праходзіў для мяне роўна, спакойна і нават прыемна, бо работа мая была лёгкая. Канчалася работа, цягнуўся я ў свой пакойчык, чытаў газету, браўся за кніжку, — і сум мой пачынаў мяне душыць.
Прычын яго я не разумеў. Я думаў, што мне сумна таму, што няма куды пайсці, што я не маю добрых таварышаў, што я ўсё болей аддаляюся ад маці і што наогул — жыццё маё пайшло няўдалым шляхам.
У ліпні я зусім ужо сабраўся быў ехаць у Сібір да бацькі... Аж тут, як гэта кажуць, «нечакана гранула вайна». І я затрымаўся.
Галоўная прычына, чаму я застаўся, была тая, што чакаў цяпер першага цікавейшага жыцця і ў Вільні.
Яно скора і прыйшло...
ЧАСТКА ДРУГАЯ
І. ВАЙНА
Або спаткаеш генерала —
Яго ўся Вільня, пэўна, знала:
У медалях уся грудзіна!
што за погляд! што за міна!
Якуб Колас
Перад імперыялістычнаю вайною Вільня, гэты старынны, вялікі і прыгожы горад, эканамічны цэнтр цэлага краю і культурны пуп усяе Літвы і Беларусі, была, аднак жа, звычайным «губеранскім горадам» царскае Расіі.
Шкарлятына, дыфтэрыт, брушны тыфус і нават малярыя не выводзіліся ў Вільпі ніколі... Таму што ў яе светлых крыніцах была зараза, па яе вялікіх пляцах кучамі валялася смяццё, у цёмных закутках яе прыгожых садоў звінелі камары, як на балоце, а яе старынныя падворкі і кватэры ў спрадвечных мурах былі самыя брудныя і самыя вільготныя ва ўсім свеце.
Ад вакзала па Завальнай вуліцы цягалася на худых, зманежаных клячах няўклюдая і ўбогая конка.
Па Юраўскім праспекце (што цяпер праспект Адама Міцкевіча) пагульвалі з ціхім гонарам польскія панкі ў кунтушыках; пазвоньвалі шпорамі з належнаю рысоўкаю маладыя рускія афіцэрыкі; модна хуталіся ў дарагія футры прастытуткі першага разраду; праплывалі ў цяжкой, саліднай, як тая конка, форме з кукардамі, пятліцамі, гузікамі, рускія чыноўнікі; прабягалі на рандэву гімназісткі і гімназісты; усё было — як след...
Шмат было рэстарацый, кавярань, бараў як у цэнтры, так і па ўсім горадзе, а найбольш было вельмі добрых піўных у рабочых гнёздах, на акраінах. А колькі тых гасцініц на самую розную цану, вельмі вялікіх і шыкарных і самых скромных і даступных! І нумароў, і начлежак, і сталовак, і закусачных! Адных публічных дамоў, таксама на самую розную цану, быў цэлы квартал на Зарэччы... Гуляй, душа, абы грошы!