З высокае, прыгожае Замкавае гары кожны дзень паліла пушка. На Вострай браме, як і цяпер, грымеў арган, і прост на вуліцы, на голым бруку, кленчылі і рассцілаліся прад маткай боскай Вастрабрамскай людзі самых розных станаў, нават рускія, калі каторага і рускага прышчаміла якое ліха. Праходзячы праз Браму, пад святыняй, як і цяпер, усе здымалі шапку — і элін і яўрэй... Паспрабуй-ка не зняць, дык зляціць! І нават рускае начальства за гэтым глядзела.
А як прыгожа стаяла на Катэдральным пляцы пышная чыгунная Кацярына Вялікая, горда выставіўшы высокія грудзі! Цяпер яе няма, было і быллём парасло, але помнік быў харошы, бясспрэчна.
На пляцы, што зваўся і за рускімі Універсітэцкім, хоць універсітэт яны даўным-даўно зачынілі, стаяў сутулаваты чыгунны Мураўёў, скромна падпёршыся кіёчкам; але здавалася кожнаму, хто хоць троху цікавіўся гісторыяй, што ён цябе гэтым кіёчкам зараз так свісне — і не ўстанеш!
Даволі мізэрна выглядаў і здаваўся вельмі маленькім, таму што стаяў у такім нізкім месцы, невялічкі помнік кучараваму Пушкіну ў «Цялятніку». Не ведаю, хто калі зняў бюст вялікага паэта, але як перанеслі ў 1922 годзе яго падстаўку на высокае месца да Кацярынінскага касцёла і паставілі на ім бюст Манюшкі, дык помнік выглядае ўдвая большым — не крыўдна і палюбавацца па вялікага музыку, тым больш што ён зямляк мае маткі, таксама мінчук.
Ды што і спамінаць! Шмат каму было жыццё, што толькі жыць дый жыць. Шмат каму яно і вярнулася, яшчэ і палепшала, але не ўсім, не ўсім, далёка не ўсім... Пажывём, пабачым, што будзе далей...
* * *
Калі прыйшла вайна, у горадзе спачатку як быццам нічога не змянілася, толькі што вакзал, вуліцы і ўсюдых усё было забіта салдатамі.
Таксама, як і раней, людзі пілі, елі, спалі, жралі, а хто мусіў хадзіць на работу — хадзіў на работу. І кахаліся, і жаніліся, і дзяцей зачыналі...
Дзядзьку майму, Антонію Плахінскаму, прыруліла гэтым часам прыняць да Юзі зяця. Але зусім не таму, што вайна і ўсіх хлапцоў пазабіраюць на ўбой. А таму, што трэба было яму змяніць прозвішча на сваёй шыльдзе.
Не вельмі яму пашанцавала з пераездам. Адчыніў ён сваю майстэрню на Пагулянцы, бо знайшоў там вельмі добрае памяшканне. І месца яму падабалася, што высока, як на Залатой Горцы ў Мінску. І людна, ідуць людзі туды і сюды.
Але там жа на Пагулянцы, і зусім недалёчка, аказалася другая шавецкая майстэрня — нейкага Лахінскага. І была яна горшая за яго майстэрню. А тым часам: Плахінскі, Лахінскі, — амаль што тое самае, не ўсякі заказчык адразу разбярэцца.
— Каб мая майстэрня была горшая, — бурчаў ён пад свае павіслыя бурыя вусы, — дык няхай бы сабе, можна было б пад’ехаць. А то ж яго, гэтага Лахінскага, майстэрня, усе кажуць, ні пса не варта, не шыюць, а псуюць. Дык што ж гэта, ён будзе на маім прозвішчы пад’язджаць ды яшчэ і псаваць мне рэпутацыю!
Думаў-думаў і дадумаўся прыняць зяця: усё роўна раней ці пазней трэба яго прыняць, бо сына няма. А прыняўшы зяця, можна павесіць шыльду на імя Юзі з яе новым прозвішчам.
Пацярпеў на гэтай камбінацыі найперш я. Дзядзька ў Вільні яшчэ мала каго ведаў. З Мінска выпісваць — таксама нікога там такога не пакінуў. А я быў і «свой чалавек», і ўсё ж такі такі-сякі шавец, і на вайну мне не ісці, як з пакалечанаю рукою. І паў яго выбар на мяне.
* * *
З’ява ў нашым жыцці таго часу незвычайна рэдкая: каб выбар бацькі і выбар дачушкі сышоўся. На маё няшчасце, гэта было так. Можа б Юзі хацелася за якога прапаршчыка ці хоць за чыноўніка, але як там таго прапаршчыка зловіш, і гоняць іх цяпер на ўбой, а чыноўніку нашто шавецкая майстэрня? А ёй ужо карцела замуж, і я быў усё ж хоць троху вучоны, троху далікатны... Нарэшце, хто яе ведае, які смак яна ўва мне знайшла.
Папрасіла яна мяне паказаць ёй Вільню і зацягнула на Замковую гару, як д’ябал пана Езуса. Там я хацеў болей пастаяць з таго боку, адкуль далёка відаць за Віллю: лявей — высокія фабрычныя трубы прыгожа кураць дымкамі, правей — горы пад соснамі і зялёны Антокаль, пасярод, далёка — поле, прастор, шырыня. А яна скарэй завярнула і зацягнула мяне на другі бок, што да цэнтра Вільні. Сама там села і мяне смарганула сесці на лавачку пад кустамі. Адгэтуль перад вачыма густа засеў унізе горад, узбягаючы к канцу вышэй, і добра відаць была Пагулянка. Юзя, не трацячы доўга часу, прытулілася да мяне сваім цёпленькім, мякенькім бачком і пачала, жартуючы, і мроіць і крозіць...
— Вось там, на гэтай пекнай горцы, дзе гэтыя густыя чарапковыя дахі, па вуліцы Пагулянцы, над чысценькаю-чысценькаю вітрынкаю, будзе красавацца прыгожая-прыгожая шыльда: «Майстэрня моднага абутку Юзэфы... Юзэфы, — і паглядзела мне ў вочы да дна, — Юзэфы... Мышковай».