Выбрать главу

І мацней прытулілася, і нутраным галасочкам засмяялася. Але смех быў троху з прымусам.

Мяне таксама праняў смех. Але я рашуча і даволі-ткі груба асадзіў яе мроі:

— Ніколі гэтага не будзе...

— Ты хочаш, каб майстэрня была на тваё імя? — перайшла яна зараз на практычную размову. — Ну добра... — падумала і пачала таргавацца; — ну, добра, я ўпрашу бацьку, каб шыльда была і на маё і на тваё імя разам.

— Нічога я не хачу. Кінь, Юзя, гаварыць глупства. А то і ўцяку...

— Чаму ты не хочаш? — прычапілася яна, як смала. — Я буду весці ўсю справу, а ты можаш і нічога не рабіць, калі не захочаш...

Дастала з сумачкі вялікую і тоўстую плітку шакаладу «Залаты ярлык» — відаць, наўмысля дзеля таго купіла, — хруп плітку, проста ў паперы, папалам, і дае адну палавіну мне, а другую пачынае далікатненька грызці сама. І кажа:

— Ну, чаму ты не хочаш? Я буду цябе і карміць і адзяваць, толькі не адмаўляйся.

Я шакаладку з’еў. Была яна вельмі смачная. А Юзі, каб падражніць яе, сказаў:

— Цяпер так кажаш, а потым будзе што іншае...

— Ты мне не верыш, Мацей? Ну дык вось... Хоць зараз да шлюбу, бяры мяне, вядзі мяне, рабі са мною што хочаш... Якая дзяўчына скажа табе так, не кахаючы? Я цябе кахаю, Мацей!.. — сказала яна з праўдзівым драматызмам, як найлепшая акторка, і нават слёзы павіслі ў яе на чорных пушыстых вейках.

— Што, што, што?.. А ўсномні-ка Мінск! — вырвалася ў мяне мімаволі, і было ў маім голасе нібы яхідства, нібы зларадасць і нібы пачуццё якогасьці пераможнага здаволення.

Што так сказаў, я не шкадаваў, але было сорамна перад самім сабою за гэты паганы тон. «Ну, але няхай,— падумаў я; — прынамсі, яна цяпер загневаецца на мяне...» Аж не!

— Дык нічога ж асабліва ў нас у Мінску не было, Мацей! Балаваліся па-дзіцячаму... Няўжо ж ты на мяне за гэта гневаешся? Мілы, дарагі!.. — вінавата заенчыла яна, потым раптам схапіла маю руку і пацалавала.

— У, дурышча! — буркнуў я і лёганька шлёпнуў яе па шчацэ. Не стрымаўся. Было мне і сорамна, і брыдка. І было ўжо троху яе шкода. Дык я крута падняўся, і мы пайшлі ад лавачкі на дарожку, сходзіць з гары.

— Ну добра. Я пачакаю. Можа яшчэ абдумаешся, — сказала яна і спакайней і весялей. І да самага дому ішла ўжо чалавек чалавекам.

* * *

Аднак і потым не кінула яна сваіх мяшчанскіх заляцанняў да мяне. Здаецца, без ведама бацькі купіла і падарыла мне добрае залатое пяро «Самапіс» за тры рублі пяцьдзесят капеек. Пяро мне надта спадабалася, я спакусіўся і прыняў, але схаваў па будучы час.

З дазволу бацькі, хоць быў ён дужа скупы, купіла найлепшага сацінету цёмна-карага колеру, зняла з мяне мерку і пашыла мне кашулю з простым воратам і адкладным каўняром, пад гальштук-самавяз, і сама вышыла каўнерык у сінія васілёчкі.

Я, каб не было ёй прыкра і каб не сароміць яе перад бацькам, змаладушнічаў, кашулю ад яе прыняў, але не хапіла ў мяне духу надзець яе, каб хоць паказацца... Схаваў на будучы час...

Разоў колькі, як бацькі не было дома, запрашала яна мяне да сябе і карміла, як каплуна. Ой, як успомню яе грэцкую кашу з свежаю свінінаю, са скваркамі, што сала аж цякло, ці яе катлеты, цэлую патэльню, з падсмажанаю бульбачкаю, ці яе салодзенькія сырнічкі ў масле, што аж плавалі, ды паўнюсенькую місу, — дык і цяпер мне смачна робіцца!

Я еў, нават без сораму многа еў, бо хацеў есці, але мужам яе быць так і не згадзіўся.

— Няўжо ж мне за Рабэйку ісці? — часам жартліва хныкала яна, чакаючы, што я скажу.

— Ідзі за Рабэйку,— безуважна адказваў я.

— Ну добра. Я пачакаю. Можа яшчэ абдумаешся...

— Чакай сабе. Але — дарэмна.

Ёй-то, пэўна, абрыдла чакаць, калі нават бацька аднаго разу не ўцерпеў і пры мне пажартаваў: «Вучоныя кахаюцца як каты: ён яе цап — яна мяўкне, яна яго цап — ён завурчыць...» І нават матку маю пачынаў быў запрашаць на дапамогу.

Маці ж мая, хоць і ах як хацела мне гэтага шчасця, а сабе гонару, аднак ведала маю ўпартую натуру і ў справу не мяшалася. Мусіць, і яна спадзявалася, што я яшчэ сам абдумаюся.

ІІ. ФРОНТ НАБЛІЖАЕЦЦА

Усё гэта было яшчэ ў 1914 годзе, у пачатку вайны, калі ў горадзе яшчэ мала што змянілася, толькі вакзал, вуліцы і ўсюды ўсё было забіта салдатамі, як шэраю саранчою.

Паступова вайна зазірала з вуліцы ў дамы, у сем’і, у жыццё чалавека, не мінаючы нікога.

Мпе, пакуль што, толькі падаражэлі прадукты. Ужо ў канцы 1914 года заробку майго мне хапала толькі па яду. І што ж я цяпер еў?

З’ядаў абед у таннай сталовай, з дзвюх страў, — які-небудзь лёгенькі пярловы супчык з невялікім кавалкам мяса і катлетку з бульбяною кашаю.

Прыходзілася ўжо налягаць за абедам і на хлеб. Хлеба давалі пакуль яшчэ без даплаты, і еш, колькі ўлезе, але ўсё менш і менш наразалі пшанічнага, а ўсё болей падкладалі жытняга, чорнага.