А раніцай і ўвечары піў я цяпер толькі гарбату з малаком і абаранкамі. Часам купляў каўбасу, а масла і яйкі еў ужо вельмі рэдка. І саладзіў ужо гарбату сваю з аглядкаю...
З вясны 1915 года пантаплёвая пошта спярша шаптала, а потым і даволі адкрыта загаварыла, што немцы могуць прыйсці і ў Вільню.
Потым ужо нават і на вуліцах можна было пачуць аб гэтым гутаркі... І калі я чуў іх, дык якоесьці нез’яснёнае, трывожна-радаснае чаканне напаўняла мне сэрца: няхай прыйдуць немцы, няхай будзе нешта новае...
Улетку, калі фронт усё набліжаўся, у Вільні чакалі немцаў напэўна. І польскія, і літоўскія, і беларускія нацыяналісты, жадаючы збавення ад рускіх, не хавалі цяпер свае нямецкае арыентацыі.
Усе рабочыя і з ліку мне знаёмых таксама жадалі, каб рускія былі пабіты. Дзядзька Туркевіч, напрыклад, кожны дзень цяпер, ідучы са мною разам дамоў з камбіната, азірнуўшыся, шаптаў:
— Ну, Мацейка, ужо скора, скора! Немцы рускіх паб’юць, будзе ў Расіі другі 1905 год, і тады самадзяржаўю капут!
А можна было пачуць, ад нашых жа рабочых, такія гутаркі:
— У немцаў культура!
— Прамысловасць вырасце!
— Немцы на пірагах спяць, пірагамі накрываюцца!
— У нас кашуля — рубель, у немцаў — паўрубля!
— У нас хустачка — дзесяць капеек, у немцаў — тры капейкі!
* * *
Асабліва нецярпліва чакаў немцаў мой новы сужыхар — Ромусь Рабэйка, бо хаваўся ад прызыву. Месца хавацца выбраў ён у мяне.
Са старой кватэры з’ехаў і ў дамовую кнігу сказаў напісаць, што выехаў у Маскву. У майстэрню хадзіў толькі прыцемкам, каб узяць сабе работу.
У пакойчыку ў мяне ён толькі начаваў, а дамскія бацінкі шыў, па якіх быў спецыяліст, па вышках нашага дома, пры слухавым акенцы. Там жа і тапчанік спаць, калі прыйдзецца, сабе паставіў. А другое ложа змайстраваў сабе ў склепе пад нашаю кухняю. Практычны быў чалавек.
У маім пакойчыку, можна сказаць, вялікага знаку ад яго жыцця не было. Але дух яго быў тут цяпер заўсёды. І яго духу я не любіў.
Быў ён сын беднага, беззямельнага шляхціца, так званага «запашніка», што жыў на кавалачку зямлі, рандаванай у нейкага пана пад горадам Дзісною. Было ў яго некалі яшчэ два браты, абодва значна старэйшыя за яго. Адзін, большы, рэвалюцыйны рабочы, уцякаў пасля 1905 года за межы і быў застрэлены рускімі жандарамі дзесьці пад Вержба ловам. Другі, меншы, быў інтралігатарам (пераплётчыкам) у Вільні, у майстэрні пана Знамяроўскага на вуліцы Субач, і таксама меў рэвалюцыйны настрой, але з ухілам у бок польскага нацыяналізму.
Калі бацька памёр, ён, гэты інтралігатар, узяў да сябе матку і Ромуся, але і сам праз гады тры памёр ад сухот. Тады добрыя людзі матку-калеку прыстроілі ў багадзельню, а Ромуся ў тэрмін да Вяржбіцкага.
Матка таксама скора памерла. Рос Ромусь сіратою. Але было яму ў Вяржбіцкага добра. І хоць не вельмі любіў ён слухаць нашы кніжкі, як мы чыталі, але ўсё ж нейкае слова, і асабліва жывое слова з вуснаў самога Вяржбіцкага і з вуснаў яго рэвалюцыйна настроеных прыяцеляў — павінна было прыстаць да яго.
Але вось вырас ён толькі заядлым палякам, і больш нічым... Высока ставіў сваю шляхоцкую пароду. Любіў грошы. Імкнуўся да сытага мяшчанскага жыцця.
Я бачыў, як ён, як толькі паступіў на працу ў майстэрню да Плахінскага, зараз пачаў слацца перад ім лістам і павёў свой павольны і пакорны, але цвёрды і ўпэўнены план на Юзю.
Быў ён не буйны фігуркаю, на першы погляд здаваўся не дужа моцным, але быў даволі прыгожанькі, чарнавокі, з чорнымі вусікамі.
І чорныя пушыстыя бачкі запусціў сабе каля вушэй. Бачкі яго падабаліся Юзі. «Глядзі, яшчэ ён сваімі бачкамі і прывабіць яе», — думаў я.
* * *
Стаялі прыгожыя дні, як заўсёды ў Вільні ў канцы лета, у пачатку восені, калі ў светлым чыстым блакіце разліта спакойная сонечная радасць.
Прырода нічым не паказвала, што Гродня ўжо немцамі ўзята і што падходзіць чарга і да Вільні. Але рускія патрыятычныя газеты крычалі: «Вільню ніколі не ад дамо!»
Тым часам пачыналася ўжо эвакуацыя... Спачатку здымалі і вывозілі ў Расію званы. З гэтага поваду пэовякі («Польска організацыя войскова») выпусцілі падпольную адозву: «Обыватэле, не дамі нашых дзвонув!»
А што рабіць, каб не аддаць, нічога не пісалі і самі ніякіх захадаў не рабілі.
— Называецца, паказалі фігу ў кішэні! — сказаў я неяк аб гэтай адозве Рабэйку. Ён чмыхнуў і пагардліва задраў свой кароценькі носік.
Аказваецца, ён і сам ужо быў пэовяка! Мне сказала Юзя. А я ўсё думаю: куды гэта ён цягаецца ўночы і потым прападае недзе цэлы дзень?