Хавацца яму ў нашым доме было бяспечна, бо ўсе жыхары, і гаспадар, і дворнік, былі палякі. Дык я думаў: чаго ж ён баіцца і куды яшчэ цягаецца?
Аж-ткі ён не ўцерпеў і сам мне пахваліўся, што пэовякі «штосьці робяць» і гэта ён ходзіць у лес, на тайныя пэовяцкія вайсковыя практыкаванні.
Потым раптам пачалася эвакуацыя фабрык і заводаў І вельмі прыспешная. Чую: гарбарня Рыўкіна ўжо выехала...
Вывозяць усе асноўныя машыны. Рабочыя рызыкуюць застацца без прылад вытворчасці і без работы. Але ніхто ніякіх захадаў супроць вывазкі не робіць. Некаторыя рабочыя нават самі выязджаюць...
Чую: выязджаюць і некаторыя халупнікі! Ну, гэтых, як і фабрыкантаў, пацягнулі за сабою вайсковыя заказы, падпісаныя ўмовы, нявыплачаныя інтэнданцтвам грошы. Не паедзеш — прападуць.
І вось аднаго вечара прост не пазнаю свайго Рабэйкі. Схадзіў да Плахінскага і вярнуўся такі шчаслівы, ззяе — бы сонца. І прынёс навіну:
— Пан Плохіньскі тэж выежджа до Росыі!
Думаю сабе: «Куды яго нясе, старога дурня?» — гэта з аднаго боку. А з другога боку: «Чаму ж так, — думаю сабе, — усцешыўся пан Рабэйка?»
А ён памуляўся-памуляўся, зрабіў выгляд, што раптам успомніў, і дастае з кішэні цыдулку, дае мне:
— Од панны Юзі...
Чытаю... Піша мне «панна» Юзя, каб канечне сёння, хоць бы і вельмі позна, прыйшоў да іх. «Што там такое ў іх заварылася?» — здагадваюся і не разумею, але мушу ўжо і я рабіць выгляд, што раптам успомніў справу на камбінаце, па якой трэба мне зараз пайсці.
Прыходжу — нікога няма, адна яна ў кватэры. Бацька з Янінкаю да некага пайшлі... Сама мне адчыніла. У новай сукенцы, валасы ўчасаныя, уся прыбраная, як на вяселле.
І ні з тога ні з сёга — кінулася мне на шыю, абліла мяне слязьмі...
— У чым, Юзя, справа?
— Тата выязджае ў Расію... Майстэрню пакідае на мяне, але з умоваю, каб я перад яго ад’ездам пашлюбавалася ці з табою, ці з Рабэйкам... Я хачу з табою...
Ізноў тая самая гісторыя! А я думаў, што яна ўжо скончана і забыта.
Праз два дні быў іх шлюб. Рабэйка і са сховаў сваіх вылез. Ды хто ж і падумае на маладога, што ён хаваецца ад прызыву, калі робіць столькі гуку...
Я быў не пайшоў, хоць было гэта з майго боку яксьці і нядобра. ІІашляўся па вуліцы, прыходжу ў свой пакойчык — сядзяць, мяне чакаюць, маці і Яня — па-вясельнаму прыбраныя, але абедзве заплаканыя.
Прыйшлі па мяне, весці па Юзіна вяселле.
Маці кажа:
— Чужыя людзі і то будуць там піць-есці, а ты свой — дома будзеш сядзець...
А Яня заплакала, узяла мяце пад руку:
Пойдзем...
Ну, пойдзем!
III. ЭВАКУАЦЫЯ
Засталіся нівы, сёлы
На той сум-жаль невясёлы...
Янка Купала
На станцыі цяпер кожны дзень адыходзіў эшалон па эшалону. Выязджаў губернатар, архірэй, выязджалі чыноўнікі, папы, жандары, паліцэйскія, шпікі, многія заможныя яўрэі, а часткова і камерсанты-палякі.
Вывозілі мошчы з Духава манастыра, вывозілі больш каштоўныя архіўныя паперы, рэдкія старынныя кнігі, грошы з банкаў, Кацярыну, Мураўёва... П’едэсталы іх засталіся тырчаць як калекі, а статуі знялі, забілі ў дошкі і на артылерыйскіх конях папёрлі на станцыю грузіць на платформы.
З турмы крымінальных, здаецца, выпусцілі. А палітычных усіх вывезлі, — ніхто не ведаў, калі і як. Вывозілі вельмі сакрэтна, патрошку і ў глухую ноч. І павезлі некуды далей ад фронту, у глыбокую Расію, можа ў Сібір, каб бацьку майму ў большай кампаніі павесялела.
Пойдзеш па вакзал — горы рэчаў: скрыпі, кашы, валізы, кветкі, рускія абразы... Тут жа пянькі, дзеці, сабакі... Важнае начальства і заможныя людзі займаюць асобныя купэ. Жаруць, п’юць, як перад голадам. Падвесяляюцца:
— Ненадолго!
— Скоро назад!
— Ещё погуляем в красавице-Вильне!
А глухую кананаду ўночы было ўжо чуваць. Потым, адну ноч, гарматы забухалі былі, здавалася, зусім блізка, асабліва дзесьці з-пад Свянцян, з поўначы, на Пецярбургскай чыгунцы.
І бухалі доўга: то глуха-трывожна, то мацней, весялей, рэдкімі асобнымі раскатамі. Гэта, казалі, немец забірае Коўню, ковенскую цытадэлю, і абходзіць Вільню каля Свянцян.
Дзіўна: пры гэтых раскатах у мяне раптам, міма мае волі, з’яўлялася дзікая і як бы непрыстойная радасць. Я не ведаў яе прычын, сам сябе не разумеў і нават думаў: «Можа гэта ўва мне штосьці псіхічна хворае?»
* * *
У гэты час трэба было ехаць аднаму тэхніку з лесапільні Тышкевіча ў камандзіроўку на вёску, у Мейшагольскае лясніцтва. Ён адмовіўся. І ўсе адмовіліся. Тады адміністрацыя выбрала мяне, няшчаснага табельшчыка.
І грошы на фурманку добрыя далі,— каб толькі я з’ездзіў туды і прывёз распіскі, што грошы за нейкі там матэрыял заплачаны. Калі прывязу іх, дакляравалі даць узнагароды пяць рублёў.