Выбрать главу

Але я ахвотна згадзіўся б і без узнагароды... Хоць Рабэйкаў дух з майго пакоя ўжо выветрыўся (на маю вялікую радасць!), бо пэовячык хаваўся цяпер дзесьці бліжэй да маладое жонкі, але нез’яснёная ташната грызла мяне цяпер часам так, што я паехаў бы хоць на фронт, пад кулі...

Ахвотна здаў я ключ ад дошкі з рабочымі маркамі і табельную кнігу з адзнакамі аб спазненнях і няяўках на работу свайму часоваму заступніку, наняў фурманку, купіў таго-сяго есці на дарогу, каб весялей было ехаць, і з прыемнасцю пакаціў.

Аднак жа да лясніцтва я не даехаў. На паўдарозе спаткалі мы нейкага яўрэя-перакупшчыка. Ішоў ён, сагнуўшыся ў тры пагібелі пад вялізарным мяшком, стары-стары, сівы, барадаты.

Мой фурман таксама быў стары яўрэй. Я па-яўрэйску трошку ўмею, наўчыўся змалку, гуляючы з яўрэйскімі хлапчукамі, а потым Арон і Ева падвучвалі мяне жартуючы, калі быў «дарэктарам» у Брудзянішках.

Але ўмельства маё не настолькі вялікае, каб я мог зразумець гутарку гэтага перакупшчыка, калі ён пасыпаў як гарохам: «Форт, форт! крыгес, крыгес! авой, авой!»... —і хто яго разбярэ, што там яшчэ...

За галаву хапаецца, слінаю пырскаецца, махае нам рукамі і наперад і назад. І раптам сеў сярод дарогі на свой мяшок, вылавіў з кішэні табакерку і цэлымі шчэпцямі, узасос, пачаў нюхаць у абедзве наздры...

А мой фурман толькі паківаў мудраю галавою і, ні слова не сказаўшы ні яму ў адказ, ні мне для зразумення, аб’ехаў мяшок з чалавекам бачком дарогі і спакойна пачаў заварочваць каня назад.

— Стой, — кажу, — што ты робіш? Не заплачу, калі далей не паедзеш!

А ён і не спалохаўся:

— Ну, што: не плаці. Мне жыццё даражэй...

— Чаго ж баяцца? Усё ўсюдых ціха.

— Ой, хлопец! Едзь лепей і ты назад...

Я злез, заплаціў яму за паўдарогі, і яны паехалі, а я пабрыў далей адзін, пехатою.

* * *

Прайшоў я да начы кіламетраў сем і ў вёсцы Каралевічах абначаваў у селяніна. Там пра вайну нічога не ведалі. Накармілі мяне маладою гарачанькаю бульбаю з сцюдзёненькаю сыраквашаю і паклалі спаць на араматным сене ў пуні.

Спаў я, як забіты, і не чуў, як напаўзло на мяне ўночы безліч скочак ад кажуха, што далі накрыцца, калі пазябну. Раніцою — усе мае рукі і шыя, і нават троху твар былі ў кругленькіх чырвоных плямках, як іголкаю яны мяне скалолі. Спаў — і не чуў.

Паснедаўшы, ізноў такою ж бульбаю і такою ж сыраквашаю, — з напоўненым жыватом, але даволі лёгенькі пасунуў я далей. Неўзаметкі адмахаў яшчэ добрых дзесяць кіламетраў. Вось і вёска Пузырышкі...

І тут наскочыў я на вялікі вэрхал... Казакі абвяшчалі сялянам, што яны мусяць ехаць у бежанцы. Плач, крыкі, енкі... Толькі не меў я часу ні глядзець, ні слухаць...

Ды не паспеў яшчэ і добра выйсці ў поле, як наляцелі, на спатканне, новыя казакі, чалавек дваццаць, несліся наўскач, і адзін, рабы, віхрасты, прыцішыўся і завярнуў мяне назад.

Я спалохаўся, што забярэ ён і мяне ў бежанцы, але ён толькі падагнаў мяне да вёскі і там кінуў. Падумаў я, падумаў і ўзяў кірунак на вёску Папялышкі — гэта таксама ў той бок, куды мне трэба было да лясніцтва, але яшчэ бліжэй па захад.

Пёрся сляпіцаю... Уваходжу ў Папялышкі, думаю: «Вось тут паабедаю». Аж тут віхрастыя казачэнькі не абвяшчаюць, а ўжо гоняць людзей з хат нагайкамі...

Я ўвайшоў з паўдзённага боку, дык у гэтым канцы было яшчэ так-сяк: стаялі на падворку запрэжаныя вазы і вылі бабы.

А гналі іх па поўнач, каб потым завярнуць на ўсход. Дык там ужо цягнуліся фурманкі. На іх было навалена, што паспелі схапіць: мяшкі з мукою, вопратка, скрыня, кубел, торбачкі ўсякія, хамут, звязаная курыца.

На возе, на ўсім барахле, сядзіць і плача, бяссільна азіраючыся па баках і назад, стары ці старая з перапалоханымі дзеткамі. Вакол іх ідуць, бягуць, вядуць на вяроўках кароў, гоняць авечак, свіней, а дзе — нават гусей.

Каровы ўпіраюцца, як на пажары, калі іх топяць з хлева, рыкаюць, авечкі па-дурному бляюць, свінні рохкаюць, разбягаюцца, бабы і моляцца, і праклінаюць, і енчаць, і галосяць... Троху і смешна, але — горкі жаль.

Мужчыны крычаць, божкаюць, а каторы маладзейшы — пабожкае, пабожкае дый злаецца ці раптам хлестане каня пугаўішчам па мордзе так, што таму, беднаму, аж вочы на лоб, кідаецца па дыбкі ці садзіцца задком проста па фурманку.

За вёскаю ўбачыў я свежанькія, яшчэ неглыбокія акопы: хтосьці капаў і кінуў. І колкі дрот: дзе троху нацягнута на калякі, а дзе кінута па зямлю цэлымі вялікімі скруткамі.

Гляджу: падхапіліся наперадзе перада мною з канавы пры дарозе і бягуць у лес салдаты-пяхота. Гэта, мусіць, былі тыя сапёры, што капалі тут акопы. І ў паветры забурчала: аэраплан!..

Доўга я ўглядаўся: дзе ён бурчыць? Нарэшце, вось ён: раптам заклекатаў зусім блізка, і ўвесь відаць. Сунецца бліжэй-бліжэй і ўсё зніжаецца...