Ну і смагла ж напіўся: апаражніў шклянак з пяць салодкае гарбаты, з малінавымі канфітурамі. Маці яшчэ ад сябе пачаставала параю асушак і пернікам — дастала з свае скрыначкі мне да гарбаты.
Дабаўку меў я з тае прычыны, што пані Будзіловіч, выправіўшы Болеся ў Расію, давучвацца, а цяпер яшчэ — чакаючы немцаў, вельмі нервавалася і мала ела, ад столу шмат чаго заставалася.
А ў памяці мне гэтая мая вячэра, па-першае, таму, што заробку майго не хапала мпе тады нават на яду; а падругое — еў я так раскошна апошні раз перад пастом на доўгі час...
І гэта ж была мне плата, што пачую ў іх трывожную ноч, як нейкі вартаўнік іхняе маёмасці і абаронца іх саміх. Хоць ніякае трывогі, можна сказаць, і не было.
І спаў я някепска. Пачыналася квадра, але надвор’е было вельмі цёплае, у садзе цэлую ноч паэтычна стракаталі скакунцы, і пад іх музыку я і заснуў, усім здаволены.
Мусіў уставаць разы са два, хоць і дужа не хацелася. Слухаў — усё было ціха... Зрабіўшы сваю справу, клаўся я ізноў і зараз засынаў. І не чуў нічога — ніякае страляніны, ніякае трывогі.
Уночы выйшлі з горада апошнія рускія часці без усякага бою. Было, можа, з пару стрэлаў. Бедныя людзі ціха рабавалі вайсковыя склады, разбіралі хлеб, муку, рыбу, цыбулю, кансервы, бачонкі з тлушчам. Спакойна згарэў высокі чыгуначны віядук за вакзалам.
Раным-рана 15 верасня 1915 года, у панядзелак, калі Мацей Мышка яшчэ спаў на верандзе ў паноў Будзіловічаў, і так салодзенька, што аж слінка, як у дзіцяці, на падушку нацякла, — прыйшлі ў Вільню немцы.
Праспаў я немцаў, але не бяда. Потым ад людзей даведаўся, што нічога асабліва цікавага, калі яны забіралі горад, пе было: уваходзілі, як і ўсякае войска ўваходзіць у горад, пакінуты без бою.
Сунуліся з-за Віллі, па мосце ад Звярынца і па Зялёным мосце з Кальварыйскае вуліцы. Спачатку разведка: і па мост, і пад мост... Абнюхалі, абмацалі, тады пусцілі конніцу.
Прачнуўся я ад музыкі вайсковага аркестра, калі па вуліцы быў ужо вялікі тупат ад многіх конскіх і чалавечых ног.
А калі выйшаў за браму, немцы валілі валам — конна і пеша, у сініх мундзірах, у шышастых бліскучых касках, з рыжымі мехавымі ранцамі па гарбах.
Мірныя абывацелі з нашага дома (дзе жылі Будзіловічы) і з суседніх дамоў ужо абляпілі вокны, балконы, згрудзіліся каля ганкаў і варот, патрошку пасоўваліся далей, на тратуары.
Потым гляджу: ужо нямецкія і польскія сцягі вісяць там, дзе, бывала, віселі рускія. А калі прайшло даволі ўжо многа пяхоты, праехала конніца і прагрымела, прабразгацела дзесяткаў колькі вялікіх, тоўстых гармат, па чатыры пары коней у запражцы, і тонкіх, доўгіх, па тры пары коней у запражцы, і калі ізноў адборная нямецкая кавалерыя пацягнулася бясконцаю вераніцаю, цокаючы па бруку, — тады выплылі з дамоў, з сваімі мужамі і дзеткамі, пані-полькі і заможныя яўрэйкі, учасаныя, прыбраныя, у белых сукенках, з букетамі кветак, з каробкамі цукерак, з пачкамі папярос...
Падносілі немцам, выглядаючы лейтэнантаў і унтэр-афіцэраў, што ехалі наперадзе. А часам памыляліся і давалі свае дары якому-небудзь ардынарцу, калі ехаў адзін, спераду ці ззаду ў часці, як важны начальнік.
Я думаў, што ўсе немцы павінны быць грузныя, таўстабрухія, белацелыя, як тыя панскія аконамы, півавары ці майстры з гарбарні Гальдштэйна, якіх я дагэтуль бачыў, як прадстаўнікоў нямецкае нацыі. А тут, спаміж пехацінцаў, цягнуліся і дробненькія, худыя, з падцягнутымі жыватамі, сагнутыя ў крук пад вялікім рыжым ранцам, са скруткам шыняля і стрэльбаю. І шмат было непрыгожых з твару: і крываносых і з маленечкімі пасамі бульбінаю.
Праўда, кавалерысты, седзячы па сваіх аграмадных, тоўстых конях, як на сланах, не рабілі такога мізэрнага выгляду. Яны, і не толькі афіцэры ці унтэры, а нават і радавыя, пазіралі, як мне здавалася, з напышчана-самаздаволеным і пагардлівым пачуццём тупагаловых пераможцаў.
Снеданне ў мяне было гэты дзень не такое ўжо багатае, як учарашняя вячэра. Мусіць, пані Будзіловіч паскупілася на мяне, патраціўшыся на сваіх новых абаронцаў.
З’еў я з маткаю бульбянога супчыку з хлебам, выпіў дзве шклянкі гарбаты ўпрыкуску — і пайшоў шляцца па вуліцах, бо работы ў гэты дзень на лесапільні не было.
Гумар у мяне папсаваўся, хадзіў я нібы ў чым расчараваны. А ўсе магазіны, сталоўкі, кавярні, кандытарскія, бары, буфеты былі адчынены і мнагалюдны.
Скрозь па вуліцах і асабліва ва ўсіх садах, па скверах, на бульварах было поўна гуляючай публікі, хадзіла шмат такіх зявак, як і я.
Усім жа хацелася ўбачыць немцаў і нагледзецца па іх. І ўсіх, як мне здавалася, распірала большае ці меншае пачуццё стаднай узбуджанасці з прычыны такой перамены ў агульным жыцці горада.