Выбрать главу

— Ай, хамуйла! Ты так на пана, на яснага пана... Ну, цяперачкі папаўся, сукін сын!

Праўда ж яго... Скончылася справа тым, што надзелу дзядуля не высудзіў, а сельскае вобчаства вёскі Жабракоўкі напісала прыгавор: саслаць яго, як шкоднага і неспакойнага, у далёкую Сібір.

* * *

Не ўсе, аднак жа, члены вобчаства згаджаліся падпісацца. І хоць Даўбешка разоў колькі сам мусіў ездзіць да іх на зборкі, ніхто першы прыгавору не падпісваў.

Скрануў людзей дзядулеў дзядзька, што дзядулю ўзгадаваў. Быў ён цяпер сівенечкі дзядочак, беленькі, сохленькі, як святы, і ўсё маліўся богу на запечку.

І хоць ужо даўно на зборкі не хадзіў, цяпер так-сяк прыплёўся з кастылёчкам, пацалаваў пану пісару ў руку, да лавы прыхінуўся, аддыхаўся.

Потым папрасіў у пана пісара дазволу сказаць слова, перажагнаўся на абразы, павярнуўся да ўсіх сабраных і сказаў, як ксёндз казанне:

Пан бог яго ратуе... Каб сэрцам пачысцеў, думкамі пасвятлеў... Як у Сібіры папакутуе... Няхай жа з богам едзе...

Узяў за руку сына, што быў цяпер паўнамоцным прадстаўніком двара, падвёў да столу і руку яго на прыгавор паклаў, каб ставіў сын тры крыжыкі ля свайго прозвішча. Той і паставіў. Паслухмянасць да бацькоў была ў нашым народзе раней вельмі вялікая — не тое што цяпер.

Даўбешка падзякаваў старому і ад пачуцця ледзь не заплакаў. Але плакаць не меў часу, бо да столу зараз выбег яшчэ той, што дзяржаў ад вобчаства надзел дзядулеў у арэндзе. І ён — скоранька перажагнаўся і тры крыжыкі паставіў. За ім выйшаў той, каторы меўся ў блізкім часе перабіць яму арэнду. А потым тыя, у каго сыноў панарадзілася пасля нарэзкі, і надзелаў на іх не было.

Казалі, што галасоў і тады яшчэ не хапала, каб прыгавор мог набыць моц. Дык каму пан Хвастуноўскі даў па возу сена і па возу дроў, каго Махлярчык падпаіў, а каго Даўбешка патрымаў у Брудзянішках, у самую работу, пад замком дзён колькі.

* * *

Нарэшце, гэта ўжо нецікавыя драбніцы, калі ўсё роўна мусіў ехаць мой дзядуля ў той слаўны горад Томск, што стаіць, як мне казалі, на такой прыгожай, быстра-плаўнай рацэ Томі, у такой прыемнай зялёна-раўніннай мясцовасці, так падобнай да мясцовасці каля мястэчка Брудзянішак.

Тым часам ехаць туды яму дужа-дужа не хацелася — не столькі з тэй прычыны, што там сцюдзёная зіма, а ён быў малакроўны, колькі з тэй прычыны, што не на яго стала...

А калі ехаць усё ж такі прыйшлося, дык дзеля пэўных меркаванняў паехаў спярша адзін, а бабулю з маім бацькам, тады яшчэ малым хлопчыкам, пакінуў у мястэчку.

Бач, думаў, што гэта з ім жартачкі жартуюць... Меў надзею, што яшчэ дойдзе праўды, абязвініцца перад начальствам і ў блізкім часе вернецца назад. Назад у Брудзянішкі, ці нават, наўмысля, у Жабракоўку, на свой надзел, на злосць усім... На злосць усім — сабе на радасць...

«Надзея — матка дурных»,— кажа старая прыказка, шмат каму вельмі нялюбая. Я і сам, некалі, цярпець яе не мог. Цяпер троху прызвычаіўся.

У Томску завязалася ў яго знаёмства з студэнтамі-нарадавольцамі, таксама ссыльнымі. Яны яго троху палітычна ўсведамілі, а разам з тым раскрылі яму вочы на яго праўдзівае становішча. І калі ён добра зразумеў, што ён — ссыльны без тэрміну, што яму няма што і думаць аб блізкім павароце на радзіму, — дык гнеў і роспач перамяшаліся ў ім, як гарох з капустаю.

Быў слаўны зімні дзень. Дзень той быў тарговы. Наехала многа сялян. І ніводнага знаёмага чалавека... Хадзіў дзядуля адзін — далёкі, забыты, закінуты, адзінокі... З нуды падвыпіў — і пайшоў тапіцца ў той прыгожай рацэ Томі, цяпер скаванай лёдам, засыпанай снегам, сцюдзёнай, мёртвай. Пасунуўся туды, пасунуўся сюды, і пакуль шукаў у лёдзе дзірку, дык паспеў ахаладзіцца, абдумацца. Абдумаўся, пайшоў назад. Яшчэ троху выпіў, каб сагрэцца — целам і душою. А калі нуда ад сэрца ніяк не адліпала,— пацягся, сваім даўнейшым звычаем, на людзі. Прыйшоў на самую вялікую томскую рыначную плошчу, што звалася тады Губернатарскаю плошчаю. [...] Убіўся там у самы натоўп, узлез на нечы воз і пачаў крычаць на ўсе бакі:

— Зямля і воля! Зямля і воля! Зямля і воля!

Ох, вялікі дурань быў мой бедны дзядуля. Крыкнуў, мусіць, не шмат разоў, а паехаў яшчэ далей, у той слаўны горад Краснаярск, што стаіць, як мне казалі, на магутнай рацэ Енісеі, у надзвычай харошай мясцовасці, каля высокіх гор, пакрытых, як шапкаю, вечназялёнаю хваёваю тайгою... І пражыў там дзядуля амаль што да магілы.

IV. БАБУЛІНЫ АВАНТУРЫ

Ветрычак пыша, былінку калыша...