Выбрать главу

З народнай песні

Калі ж ён паехаў, засталася бабуля з маленькім сынам адна, як былінка ў полі. Бацька яе быў салдат. І ні яму яе, ні ёй яго пабачыць так-такі ніколі і не давялося. Ішоў ён у салдаты, была яна яшчэ ва чрэве маці, можа яшчэ якім эмбрыёнам. Калі ж яна радзілася, расла і вырасла, ён усё служыў «цару-бацюшку» ды хадзіў па войны. А потым дзесьці і лёг па-геройску... І як усе людзі і ўсякія істоты, патрошку рассыпаўся прахам — на новы плён прыроды, у новых яе формах, формах вечнага жыцця. Толькі дачушкі свае так і не пабачыў.

Маці бабуліна, салдатка, памёрла ад халеры, калі было бабулі гадоў дзесяць. Бабуля помніла і бацькам маім апавядала, як захварэла яе маці ад гурочка, што з’ела ў Брудзянішках. Прыйшла дамоў, у вёску, брык сярод хаты, і самлела... Паднялі яе з падлогі, на пол паклалі, квасам напаілі. І пайшлі ўсе з хаты, хату да вечара зачыніўшы. Яна там качалася, корчылася, сцямнела, як зямля, і ўвечары, акуратна вытрымаўшы тэрмін, была гатова ісці рассыпацца прахам на новыя формы. Толькі дачушку сваю асіраціла на ўсе бакі.

Гадавалася бабулька не ў дзядзькі, а ў цёткі. Ну, толькі не доўга цётцы сваёй дакучала. Скарынак троху з’ела, а там — звычайная дарога: пайшла батрачыць. Усе леты свае маладыя праслужыла па мястэчку. Стаж яе батрацкі быў вельмі вялікі. А за дзядулем папанавала не дужа доўга. І панаванне ж было такое, што распанець не паспела. Дык, застаўшыся цяпер адна — не спалохалася, дала сабе рады.

* * *

Спярша яна хацела ізноў паступіць да каго-небудзь у батрачкі. Таму што батрачцы ніколі не трэба тужыць аб кавалку хлеба: гаспадар накорміць. Але батрачкаю яе цяпер не бралі. Па-першае, таму, што мела благую славу: мужа-сібіраку. А па-другое, і гэта, мусіць, галоўнае, што мела пры сабе дадатак: сына. Хлопчыкі ж у такім узросце бываюць страшэнна жарлівыя. Дык мусіла яна перайсці на скромную і спакойную прафесію местачковай ваданоскі. Была яна як казюлька, аднак жа цяжкія суды вады спраўна насіла — за квартал, за два, а то і далей ад крыніцы. І брала не дорага: дзе далей, дык капейку, а дзе бліжэй, дык грош з вядра.

Былі ў яе і яшчэ крыніцы: па заможных дамах у мястэчку бялізну мыла, падлогі падцірала, а ў суботу ў пабожных яўрэяў, калі каторыя не мелі свае сталае прыслугі, у печы паліла. Часам пускалася нават у рызыкоўныя эканамічныя авантуры. Напрыклад, завяла была казляня, каб вырасла з яго каза, каб тую казу даіць і малако на рынку сухотнікам прадаваць. Праўда, гэта быў бы ўжо лішні клопат: трэба было б думаць, чым казу карміць; калі яна згубіцца, трэба было б яе шукаць; а ўночы — ляжы ды прыслухайся, каб яе не ўкралі ці каб галодны воўк узімку не ўлез у хлевушок ды не задраў яе. Гэтага клопату пазбавілі бабулю, у самым пачатку яе авантуры, местачковыя хуліганы-хлапчукі. Слабенькія хуліганы ніколі людзей мацнейшых не чапаюць. Выбар іх заўсёды спыняецца на кім-колечы слабейшым, за каго няма адказу. Спярша яны ўсё цкавалі бабуліна казляня сабакамі. А потым, нейкім вялікім святам, загналі яго ў роў, злавілі, пятлю на шыю ўскінулі, да гібкае бярэзінкі прывязалі. Калі ўсе расступіліся, каб лепей было відаць, — той, што прытрымліваў, раптам — як пусціць! Бярэзінка падмахнула, і казляня толькі ножкамі задрыгала ў паветры...

Яны палюбаваліся, а бабуля болей коз не завадзіла. У рыначныя дні пасылала сына з мяшэчкам і грабелькамі на рыначную плошчу — зграбаць раструшанае з сялянскіх вазоў сена, але гэта ўжо не для свайго казляняці. Сена тое яна прадавала другім трымальнікам коз у мястэчку і між іншым — мела з гэтае аперацыі значны прыбытак, а таксама і прыемнасць, бо гэта ўжо была падмога з боку сына.

* * *

Бацька ж мой, як толькі падняўся на свае ногі, дык не толькі зграбаў на рынку сена. Гэта была яго работа — зімняя. А ўлетку пасвіў ён гусі ў брудзяніскага ксяндза. Леты два прапасвіў з поспехам, а на трэцяе — стары ксёндз выехаў у Вільню, атрымаў па службе падвышэнне, а на яго месца прыехаў новы, здаравенны слуга божы, тлусты, як парсюк, і чырвоны, як бурак. Той ксёндз любіў салодкія наліўкі і сырнікі ў смятане з маслам, а гэты новы завёў аканомку, траюродную сястрыцу, удаву, яшчэ маладую, і бяздзетную. Гусей сваіх стары ксёндз прадаў новаму, і бацька мой разам з імі перайшоў.

І ўсё ішло гладка, аж аднойчы адна гусіна нечым падавілася. Бацька мой спалохаўся, што зараз яна здохне, і прымчаўся з выгану да ксяндза ў пакоі, уляцеў у спальню, дзе іначай ніколі б яго нага не ступіла. А там новая бяда паўстала яму перад вачыма: загневаўся ксёндз на аканомку і душыць яе на пасцелі. Яна ірвецца, стогне, а ён вось-вось задушыць... Бацька мой — у слёзы, крычаць гвалту, выбег на вуліцу, лямантуе...

Калі ўсё патроху абляглося, і гусіна не здохла, і аканомка засталася жыва, і людзі ў мястэчку насмяяліся з прыгоды, — паклікаў ксёндз бабулю па расправу, і быў ён вельмі-вельмі гнеўны.