Выбрать главу

* * *

Другім заядлым ворагам Вароняй вуліцы была ў іх цяперашняй сям'і, паводле яго слоў, Адэля Ёдка.

На жаль, ён не столькі апавядаў мне аб яе палітычных поглядах (калі яны ў яе былі), колькі аб тым, як яна міла пяе, як яна добра іграе на раялі і як яна да яго, Болеся, заляцаецца...

А я слухаў яго і думаў: гэта ж тая самая дзяўчынка, што ў белай сукеначцы, з чырвоным бантам у папялёвых кудзерках, дэкламавала некалі, у 1906 годзе, рэвалюцыйныя вершы на першамайскім рабочым мітынгу ў Закрэце і так паланіла тады маё дзіцячае сэрца!

Цяпер гэта была дарослая паненка, праўда, нізенькая, і з тымі ж папялястымі валасамі, толькі нос у яе зрабіўся непрыгожы, выцягнуўся лапатачкаю, як у качкі. І цяпер ужо яна — «заядлы вораг» тых рабочых, перад якімі некалі па-дзіцячы дэкламавала рэвалюцыйныя вершы. Як усё мяняецца ў жыцці!

А яе брат, Віктар Ёдка, што некалі, быўшы студэнтам, вучыў мяне цэлае лета, — цяпер ужо капітан, паспеў здацца з рускае арміі ў палон аўстрыйцам, паступіў у легіёны Пілсудскага і прыкаціў з Варшавы ў Вільню рабіць тут, у нас, Польшчу.

Жыў ён асобна, сястра ў доктара Корсіка, разам з Будзіловічамі, а ён — асобна. Усё быў заняты сваімі важнымі справамі і вадзіўся толькі з самымі важнымі людзьмі.

З жоўтавалосага, вясёлага студэнта-юнака зрабіўся рыжым, злым армейцам-афіцэрам. І наогул, калі ішоў па вуліцы ў сваёй форме польскага легіянера-капітана, дык і зямлі пад сабою, здаецца, не бачыў — такая важная палітычная персона!

Адэлька, яго сястрыца, таксама хадзіла задраўшы свой вуцячы носік угару. А былі ж яны дзеці ўсяго толькі нейкага п’янага забулдыгі каморніка, невялікага панка знедкуль з-пад Полацка.

* * *

Прыслаў капітана Ёдку ў Вільню сам пан Пілсудскі. Аб гэтым мы даведаліся з ліста нашага другога ваякі-патрыёта, былога шаўца Ромуся Рабэйкі.

Калі я ляжаў хворы, Рабэйка прыслаў Юзі ліст з Варшавы. Юзя ліст гэты скамечыла, але не падрала і не кінула, як ранейшыя яго лісты. Не ведаю — чаму. Хто згадае жаночае сэрца, асабліва такое, як у Юзі?

Можа таму, што ляжаў я хворы, дык не хацела хваляваць мяне, даўшы мне чытаць ліст майго супраціўніка зараз, — скамечыцца, але прыхавала, пакуль ачуняю, збяруся з сіламі прымаць жыццё ў сваёй поўнай баявой гатоўнасці.

А можа таму, што ў лісце гэтым Ромусь яе з ёю мірыўся, прасіў яе забыцца на ўсе мінулыя сваркі і звадкі і скора чакаць яго да сябе ў госці... І пытаўся, як гадуецца яго мілы сынок Напалеон...

Тон ліста быў прыўзняты, урачысты. Дый як жа? — паведамляў патрыёт, што Польшча ўваскрасае з мёртвых, што пан Пілсудскі з нямецкае няволі, з Магдэбургскае цытадэлі, вызваліўся і 11 лістапада прыехаў у Варшаву, узяўся там за вялікую работу...

У Вільню пасылае пан Пілсудскі, — пісаў Рабэйка, — адборных людзей: пана палкоўніка Вэйтку, двох братоў афіцэраў Дамброўскіх, капітана Віктара Ёдку, паручніка Хвастуноўскага...

«Усе гэтыя людзі, — пісаў Рабэйка, — родам з нашых крэсаў усходніх, як і сам пан Пілсудскі, як і я...— (гэта, значыцца, ён — Рабэйка.) — Усе мы, — пісаў ён, — аддамо жыццё сваё, каб зрабіць Польшчу аж да Полацка і Смаленска...»

А я, чытаючы яго ліст, падумаў: «Паручнік Хвастуноўскі... Ці не з тых гэта, часам, паноў Хвастуноўскіх пад Брудзянішкамі, якім мае дзяды-прадзеды прыгон служылі?»