Выбрать главу

VII. ХАДЭЦКІ МІТЫНГ

Dominus vobiscum!

(Пан бог з намі!)

Ксяндзоўскае

Праз нейкі час меў я такі гонар — пабачыў пана паручніка Хвастуноўскага, на хадэцкім мітынгу ў гарадской зале на Вастрабрамскай, куды пайшоў, каб паслухаць, што там будуць гаварыць ксяндзы, паручнікі і звар'яцелыя дэвоткі.

Віленская хадэцыя развівала цяпер узмоцненую дзейнасць праз арганізаваную ёю «Лігу работнічу». У «лізе» гэтай, я ўжо казаў, былі найбольш цёмныя хатнія прыслугі, калекі-дворнікі, патрыёты-халупнікі ды розны зброд. Але ксяндзы выстаўлялі сваю гвардыю як цвет віленскіх рабочых, як найлепшых прадстаўнікоў польскага пралетарыяту. З помпаю рабілі розныя «рабоча-хрысціянскія» працэсіі і вось такія мітынгі...

Паручнік Хвастуноўскі сядзеў у прэзідыуме. Я не звярнуў бы на яго ніякае ўвагі, каб і ён не выступіў з прамоваю. Быў ён тоўсты, высокі, з чырвоным прышчаватым тварам, у форме афіцэра «доўбарчыка». Гэта значыць, што служыў ён у корпусе генерала Доўбар-Мусніцкага і цяпер, разам з другімі недабіткамі, калі немцы іх пад Бабруйскам раззброілі і разагналі, пакаціў у Варшаву, а стуль з’явіўся ў Вільню.

І чаго толькі не плёў ён на Савецкую Расію і на бальшавікоў! Але гаварыць перад вялікім сходам ён не ўмеў — сапеў, пыхцеў, мармытаў сабе нешта пад нос, абціраў хустачкаю пот з вялікага чырвонага твару, што быў у яго ўвесь у прышчах ці ў якім скуллі...

Спачатку яго троху слухалі, што афіцэр і такі аграмадны, як мядзведзь. А потым кінулі слухаць і чакалі, каб ён хутчэй скончыў. Цягнуў ён, аднак, доўга. Галоўнае, на што ён напіраў у канцы свае прамовы, — гэта што ўсё роўна бальшавізм у Расіі скончыцца агульнаю разнёю, тады ўмяшаюцца іншыя дзяржавы і навядуць парадак, а рускі мужык і рабочы павінен будзе заплаціць ім за тую «дапамогу» вялікую кантрыбуцыю.

З іншых прамоўцаў вызначыўся нейкі хударлявы панок, што быў, казаў, родам з-пад Оршы. Ён апавядаў, што мае ўсяго гектараў пяцьдзесят зямлі, і на гаспадарцы не жыў, а служыў дзесьці ў горадзе. І вось за тое, што ён паляк, — казаў ён, — яго арыштавалі, мучылі ў чразвычайцы, а калі яму ўдалося ўцячы і ён прыехаў у свой дварок пад Оршаю, дык там знайшоў толькі галавешкі. Асабліва жаліўся, што калі бальшавікі разбівалі яго двор, дык перапалохалі дужа яго дачку-дзяўчынку, і яна захварэла, зрабілася — як памяшаная... Усе свае пакуты прыпісваў ён таму, што ён — паляк і заўсёды, колькі дазваляў яго дастатак, падтрымліваў польскі рэвалюцыйны рух...

Нейкі прыезджы з Варшавы рэдактар нейкага хадэцкага «рабочага» журнальчыка, востранькі, як спіца, гаварыў па-вучонаму і найбольш даводзіў, што бальшавікі зусім не інтэрнацыяналісты, а тыя ж маскалі, кацапы, і — што пад іх уладаю можна будзе гаварыць толькі па-руску «Як-то можа быць! — верашчаў ён пісклявым, але рэзкім, чутным голасам: — Цэлы век маскаль быў маскалём.а то раптам абвесціўся збаўчаю чалавецтва!..»

Яго дапоўніў ксёндз Цыбулька, яшчэ малады і вельмі прыгожы, з бледным тварам, у строгай чорнай сутане. Быў ён доктар тэалогіі, вучыўся ў Рыме, меў славу ледзь не святога і вельмі падабаўся Юзі. А бацька яго — толькі што багаты, а то зусім мужык, беларус — жыў у вёсцы каля старой Вілейкі і нават гаварыць па-польску не ўмеў. Ксёндз Цыбулька гаварыў як найлепшы прамоўца... Ён намаляваў чалавецтва вялікім лугам, а народы на ім — рознакалёрнымі кветкамі. Найлепшая кветка на лузе — польская нацыя, так стварыў пап бог... А бальшавікі хочуць, каб усе кветкі страцілі свой прыгожы прыродны колер, каб пабляклі ўсе ў адзін шэры, нудны, аднастайны тон...

— Пан бог таго не дапусціць... Нацыя — вечная рэч, прамудры твор самога пана бога, — гаварыў пан ксёндз Цыбулька і складаў рукі далонямі, як на малітву, і ўвазводзіў вочы на самае неба...

Прайшло па трыбуне яшчэ колькі ксяндзоў і розных хадэцкіх прамоўцаў. Усе яны найбольш палохалі голадам, чразвычайкаю і ігралі на нацыянальным пытанні. Сухая, чорная пані-дэвотка палохала, што ўсюды засядуць «жыдзі», скасуюць хрысціянскія святы і будзе вялікая распуста...

І ўсе яны заклікалі «братоў-рабочых» не верыць «Анцыхрысту», не ісці ў марксісцкія партыі, трымацца толькі «Лігі работнічай» і праз яе будаваць «мацер Польшчу» і сваё «рабочае шчасце». А галоўнае — абходзіць, як чуму, бальшавікоў і іх гняздо на Вароняй вуліцы... І байкатаваць выбары ў «саўдэп», калі б бальшавікі надумаліся рабіць іх і ў «польскай» Вільні...

VIIІ. ВЫБАРЬІ Ў САВЕТ

А тым часам, па ініцыятыве Вароняе вуліцы, была ўжо створана спецыяльная камісія з прадстаўнікоў розных сацыялістычных рабочых партый для падрыхтоўкі і правядзення выбараў у Віленскі Савет Рабочых Дэпутатаў.