А ў пачатку снежня пачалася перадвыбарная агітацыя...
Вядома, з усіх партый, што бралі ўдзел у выбарах,— у самым нераўнапраўным становішчы была віленская камуністычная арганізацыя. Немцы не давалі дазволу на камуністычныя мітынгі, арыштоўвалі камуністычных агітатараў, зрабілі палёт на друкарню, у якой друкаваліся камуністычныя адозвы, арыштавалі друкароў.
Камуністы вялі агітацыю на фабрыках, у майстэрнях, на дварах, на вуліцах і ішлі з сваім рэвалюцыйным словам на адчыненыя прафсаюзныя сходы і на мітынгі іншых партый. Нялёгка было дабіцца ім там да трыбуны. Асабліва левы Бунд стараўся не дапусціць выступленняў камуністаў перад рабочымі-яўрэямі. Прадлог быў той, што кампартыя ў Вільні не была яшчэ прызнана афіцыйна легальнай партыяй. А сапраўды — баяліся бундаўцы страціць свае ўплывы на яўрэйскае вуліцы. І вельмі ж іх граміў сваімі прамовамі Юліус Шымілевіч. Ён пабіваў самых лепшых бундаўскіх аратараў, у тым ліку і Вайнштэйна, і нават самога Ізбіцкага, не гаворачы ўжо аб вядомай тады ў Вільні бундаўцы Рахілі.
У Вільню прыехаў ён з Масквы месяцы за два да выбараў, і яго часта можна было ўбачыць у клубе на Вароняй, а працаваў ён, здаецца, у партыйнай рэдакцыі. Быў высокі, тонкі, але даволі стройны малады чалавек, з выгляду зусім яшчэ хлопец, хоць было яму тады, як я пазней даведаўся, гадоў пад дваццаць восем. І з невялічкім, чысценькім як у дзіцяці, тварам. А вочы — чорныя, бліскучыя і вельмі выразлівыя.
Стаяла ўжо сцюдзёнае надвор’е, а ён усё хадзіў у сваім лёгенькім пальцечку рудаватага колеру, даволі зношаным і памятым. І насіў чорны шыракаполы капялюш, краі якога пазагіналіся дзе ўніз, дзе ўгару. Пальцечка не зашпілена, ці зашпілена абы-як, на адзін-два гузікі. Капялюш то троху на патыліцы, то троху пабаку, а то — насунуты на самыя вочы. Аднак жа і пры гэтай апошняй пасадцы капелюша на твары Шымілевіча — вечна вясёлая юнацкая ўсмешка. Паглядзіш на яго — вясёлы і бесклапотны дзяцюк! А пачне гаварыць... усё нутро ўва ўсіх пераверне, да буйнай радасці і да слёз. Вось і пазнай ты чалавека.
Я думаў, што ён прыродны вілянчук, вучоны, сын якога-небудзь беднага бляхара з Рудніцкай вуліцы. А пазней казалі, што быў ён родам з Рыгі, сын рабіна ці кантара, і вучыўся у хедэры і ешыбоце, але потым экстэрнам скончыў гімназію і пайшоў у рэвалюцыю.
Выступаў ён на сходах і на яўрэйскай і на рускай мовах. І гаварыў з незвычайным красамоўствам і страснасцю. І захопліваў і напружваў усіх, усіх... І зрабіўся ўлюбёнцам віленскай рабочай масы.
Выступаў тады на мітынгах ад партыі меншавікоў-інтэрпацыяналістаў і мой родненькі бацюта. Выступаў супроць бальшавікоў...
Яго партыя купіла яму гэтым часам новае вока, добрай нямецкай работы. Ён вельмі цешыўся, што не ўсякі адразу распазнаваў, што ў яго адно вока шкляное. І выступаў, і быў у добрым гуморы...
А мне было так брыдка, што я нават меркаваў з’ехаць з Юзяю на другую кватэру.
Аж вось аднаго разу на адчыненым прафсаюзным сходзе ў клубе на былым Губернатарскім завулку яго моцна асвісталі за крытыку Савецкае Расіі. Ён пакрыўдзіўся, асекся і потым значна пацішэў.
А мяне тым часам паслалі ў мястэчка Брудзянішкі і ў Брудзяніскую воласць правесці арганізацыйную работу і азнаёміцца з настроямі сялянства.
* * *
Справы там нашы наогул былі нішто сабе. У Брудзянішках ужо вёў актыўную работу рэвалюцыйны камітэт. На чале яго стаяў мой даўны прыяцель каваль Арон, Абрамаў сын, Зэлікаў унук — цяпер член падпольнай местачковай камуністычнай арганізацыі. Ад Арона я даведаўся, што паручнік Хвастуноўскі, які пакручваецца ў Вільні — з брудзяніскіх Хвастуноўскіх, і што ў Брудзянішках таксама шырыцца прапаганда польскіх нацыяналістаў, прыезджыя з Вільні пэовякі запісваюць каталіцкую моладзь у легіёны. Пачуў я ад яго, што і абодва мае былыя «недаросткі», сыны пана Пстрычкі, паспелі ўжо, як відаць, запісацца і праяўляюць сваю актыўнасць пакуль што ў тым, што дружаць з немцамі і лаюць бальшавікоў.
Кепска ты іх некалі вучыў,— пажартаваў Арон; — мы іх цяпер лепш навучым!
Што да настрояў у ваколічных вёсках, дык жылі тут, галоўным чынам, сяляне-беларусы праваслаўнай веры, палякаў яны спрадвеку не любілі; сяляне ж католікі хоць можа і хацелі б быць у Польшчы, але пісацца ў легіёны і не думалі, і яны чакалі адыходу немцаў і прыходу Чырвонай Арміі.
Але ж і толькі таго... Усе сяляне нічога не рабілі, сядзелі збоку ад падзей, каб нікуды ім не ўлезці, каб ні ў чым не замяшацца. От, хай сабе там нехта нешта робіць а наша дзела — старана.
Згуртаваў-ткі я так-сяк у вёсках чатырох на колькі чалавек з былых салдатаў, што паварочаліся дамоў з Расіі. Падбодрыў іх, даў ім план работы.