Мушу сказаць, што калі ехаў я з апошняй вёскі на станцыю, дык настрой у мяне быў далёка не вясёлы. Па-першае, раз’ела мяне мая асабістая рэфлексія: здавалася мне цяпер, што агітатар з мяне — ні пса не варты. А па-другое, і гэта ж, вядома, галоўнае, — усё думаў я аб настроях тутэйшых сялян...
З гутарак у клубе на Вароняй было мне ўжо тады вядома аб тых паўстаннях супроць немцаў цэлых вёсак, што адбыліся ўлетку гэтага, 1918 года, каля Барысава, Бабруйска і ў іншых мясцовасцях усходняй Беларусі, дзе да прыходу немцаў сяляне пабывалі пад уладаю Саветаў. Тут жа, за старым фронтам, у межах бесперапыннай трохгадовай нямецкай акупацыі, — не толькі да паўстанняў, але нават да хоць троху смялейшых сялянскіх выступленняў, як мне здавалася, было яшчэ далёка...
Асабліва зрабілася мне сумна, калі ехалі мы міма Жабракоўкі.
Упершыню ў сваім жыцці ўбачыў я гэтую вёску, адкуль мой род, — гэтую ўбогую кучачку шэрых хат і дзіравых хлевушкоў, што прыткнуліся так-сяк пры глухой дарозе, у дзікім сумным полі, сярод балот і лесу, і паніклі безвыходна...
Фурман мой быў — хлапчук-яўрэй з Брудзянішак. А вёз ён мяне на высокай, буйнакостай, даўганогай, але такой худой, няшчаснай клячы, што моцна-моцна я дзівіўся, якім чынам не трапіла яна дагэтуль на нашу віленскую утыль-фабрыку: на мыла, касцяную муку і кансервы.
Ехалі ж мы яшчэ на калёсах, па замёрзлай грудзе І дыбала яна, гэтая калека, як сонная. Ехалі доўга, акалелі, — асабліва ён, у сваім старым дзіравым халатоне з махрастымі рукавамі. Разоў сем ці болей напамінаў ён мне, што без надбаўкі супроць умоўленае платы ніяк мне ад яго не вывернуцца. Я столькі ж разоў ці болей казаў яму, што дам жа, дам, ну дам... І пачынаў быў гутарыць з ім на тыя тэмы, дзеля якіх сюды прыехаў.
Дарэмна!
Апрача надбаўкі, нішто ў свеце, як быццам, зусім яго не цікавіла. Сморгаў носам, цмокаў на калеку, трос лахманамі і маўчаў.
І захацелася мне — хутчэй, хутчэй назад у Вільню.
ІХ. АДКРЫЦЦЁ САВЕТА
Прыехаў я ў Вільню — выбары ў Савет ужо адбыліся. Бацька пахваліўся, што яго выбралі членам. Я пытаюся:
— А калі ж адкрыццё?
— А, — кажа, — спазніўся ты на адкрыццё: учора адкрылі, у нейкай бундаўскай сталоўцы, нелегальна.
— Хіба ж ты не быў?
— Не, не меў часу.
Пытаюся:
— Якія ж вынікі выбараў?
Ён крывіцца, марудзіць мне з адказам.
— Нічога, — кажа, — з гэтага Савета не будзе...
— Чаму?
— Вашых прайшло многа. Чалавек трыццаць, а можа і болей.
Прыехаў я позна ўвечары. Троху падзакусіў хлеба з салам, што прывёз з вёскі, і зараз лёг спаць. Нягледзячы на прыкрую размову з бацькам, настрой у мяне быў някепскі: трыццаць чалавек — гэта нямала.
Назаўтрае раніцою пайшоў я на Варонюю. Там я даведаўся, што дакладных даных аб выніках выбараў у Савет яшчэ не сабралі, але камуністаў прайшло не трыццаць, як казаў мне бацька, а чалавек семдзесят, калі не болей.
Што да адкрыцця Савета, дык таварыш Якшэвіч мне сказаў, што ўчарашні напаўлегальны сход у глухой сталоўцы, скліканы бундаўцамі, кампартыя не лічыць адкрыццём Савета і прызначае ўрачыстае адкрыццё на заўтрашні дзень, 15 снежня, у нядзелю, калі большасць рабочых усіх нацыянальнасцей у горадзе вольна ад работы.
Месцам адкрыцця кампартыя прызначыла самую лепшую залу ў горадзе. Мескую (гарадскую) залу на Вастрабрамскай вуліцы (у гэтай зале быў я на хадэцкім мітынгу). Цяпер праз салдатэнрат 10-й нямецкай арміі ішлі перагаворы з вышэйшым нямецкім камандаваннем, каб зала была дадзена. У выпадку адмовы камуністы пагражалі немцам арганізаваць усеагульную забастоўку.
Потым пайшоў я да таварыша Рома, зрабіў падрабязную справаздачу. Таварыш Ром, неспадзявана для мяне, хоць, праўда, асцярожна і ўмеркавана, але пахваліў мяне.
І я акрылеў, вырас сам у сваіх вачах. І мне ўжо здавалася, што ўсё мы зможам, усё сходаем і што калі б я ізноў паехаў на тую работу, дык ужо зрабіў бы яе ў сто разоў разумней і лепей.
На другі дзень, 15 снежня 1018 года, пайшлі мы з Юзяю на Варонюю, у сталоўку клуба. І сёння нядоўга стаяў я там перад дошкаю са спісам страў і мала меркаваў, і амаль што не вагаўся... Дый сталоўка для такога дня таксама падцягнулася.
Узялі мы па талерцы супу, па талерачцы вінегрэту і па 150 грамаў хлеба. Суп быў на касцях, з бульбаю і крупкамі, вельмі спажыўны і смачны. А вінегрэт быў з чырвоных салодкіх бурачкоў, кавалачкаў бульбы, морквы і з цыбулькаю, абліты алеем і цёпленькі, падагрэты. Хлеб быў — добры, з праўдзівае жытняе мукі, добры хлеб. Наеліся — ой як! Троху затрымаліся, падумалі — і ўзялі яшчэ па порцыі прасянае кашы з малаком! Наеліся смачна і дзе наша ні прападала! — купілі бутэльку сітра і напіліся смагла...