Выбрать главу

Паабедалі, прыйшлі дамоў. Юзінага бацькі не было — пайшоў па вёску купіць па сходнай цане бульбы, а мой быў ужо дома і прынёс з свае меншавіцкае сталоўкі некалькі таблетак сахарыны. Юзя згатавала на лучыначках імбрычак, і селі мы ўтраіх піць гарбату.

Юзя сцяснялася класці цэлую таблетку ў шклянку, хоць і любіла салодзенькае, а бацька мой заўсёды надта гжэчна частаваў яе. А я паклаў сабе дзве таблеціны адразу, співаў яго сахарыну і спрачаўся з ім найбольш удала, чым калі раней. Бо чуў у гэты ўрачысты дзень сваю моц і быў у добрым настроі.

А ён яшчэ петушыўся, але ўжо не так, як бывала...

Юзя ніколі ў нашы спрэчкі не мяшалася і толькі моўчкі слухала. Ёй тады было ўсё роўна: бальшавікі, меншавікі...

* * *

У гэтую пару года дні вельмі кароткія. Пакуль тое ды сёе — ужо і сутонела. Але сёння дзень цягнуўся для мяне даўжэй, бо я чакаў вечара.

Ну вось, напіліся мы гарбаты, Юзя мые кубкі, а я напранаюся ісці па дэманстрацыю. І пытаюся ў бацюты:

— Пойдзеш?

— Потым, — кажа, — падыду на адкрыццё, а хадзіць на дэманстрацыю не мае гады, — і паглядае на Юзю, ці не скажа яна, што ён яшчэ малады. А яна не здагадалася і нічога не сказала.

Выйшаў я — надвор’е такое прыемнае, падмарозіла, і лётае лёгкі сняжок. Па галоўных вуліцах з усіх канцоў горада на Вастрабрамскую ўжо рынулі рабочыя калоны з чырвонымі сцягамі. Ігралі аркестры музыкі.

Вось ідзе саюз краўцоў. Падыходжу я да Вячаслава Кобака.

— Ну, — кажу яму, — здароў, кравецкі дэпутат! Віншую!

Ён, як заўсёды, вясёлы, чырвоны, прыгожы. Не хлопец, а карцінка! Кажа: немцы рабілі спробу разганяць іх, але скора адчапіліся, бо, па-першае, далі ім добранькі адпор, а па-другое, яны скора самі ўбачылі, што ўся рабочая Вільня выходзіць сёння на вуліцу.

Дайшоў я з ім, у іх калоне, назад да Вастрабрамскай, а там, якраз супроць нізкіх акон нашае «кватэры» ці тое пакоя ў сутарэнні, і спыніліся, сталі, далей і не прайсці, так мнагалюдна... Усё запруджана!

Але парадак добры. Стаяць, гамоняць, кураць, чакаюць, калі Савет адчыніцца і выйдуць на балкон прамоўцы адказваць на прывітанні. Аркестры іграюць напераменку.

Каля самых дзвярэй залы спаткаў я дзядзьку Туркевіча.

— Віншую, — кажа, — браток, віншую! — і сам міла смяецца ад радаснага ўздыму. Ён ужо быў у зале, некуды бегаў, ізноў бяжыць назад — ён жа таксама дэпутат. Кажа — зараз Савет адчыніцца, усе дэпутаты сабраліся.

Разам з ім увайшоў я ў залу. Светла, прыбрана, мнагалюдна...

— Прыбіраў Ракоўскі, — кажа мне дзядзька Туркевіч, — вось ён пахаджае, наш гаспадар.

А таварыш Ракоўскі (стораж клуба на Вароняй), сапраўды, ходзіць задраўшы галаву, аглядае, ці ўсё ў парадку, і сам любуецца на сваю работу.

— Добра? — пытаецца ў мяне.

Я не ведаю, што «добра»: ці наогул справы нашы добрыя, ці зала добра прыбраная. Кажу:

— Добра, добра, дзядзька Ракоўскі! Вельмі добра!

Ён, здаволены, усміхаецца. Ізноў задзірае галаву, абводзіць вачыма ўсю залу.

А зала заліта электрычнасцю, зацягнута чырванню. Маса плакатаў з лозунгамі. Лозунг: «Уся ўлада — Саветам!» — паўтораны на ўсіх мясцовых мовах і на нямецкай. Каля рампы — два вялікія, у натуральную велічыню, партрэты: з аднаго боку Карл Маркс, з другога боку Фрыдрых Энгельс.

Настрой ува ўсіх прыўзняты. Шумныя гутаркі, сяброўскія спатканні, таварыскія прывітанні, радасныя воклічы... Зараз адкрыццё. Я лезу на хоры.

* * *

Пасля нарады фракцый аказалася, што ўсяго выбрана ў Савет звыш 200 дэпутатаў. У тым ліку — 96 камуністаў і яшчэ некалькі спачуваючых ім. З іншых партый найбольш галасоў сабраў Бунд. Потым ішлі сацыял-дэмакраты Літвы, эсэры, сацыял-дэмакраты-інтэрнацыяналісты, літоўскія народнікі, поалей-цыяністы.

Адразу ж пачаўся бой за месцы ў прэзідыуме. Неўспадзеўкі для мяне, камфракцыя не згаджалася дапусціць у прэзідыум прадстаўнікоў іншых партый, — апрача прадстаўнікоў Бунда і с[ацыял]-д[эмакратаў]-інтэрнацыяналістаў...

Мушу прызнацца, што пазіцыя камфракцыі здалася мне спярша як бы крыху нейкім гвалтам над правамі іншых партый, — настолькі яшчэ быў я тады наіўны і палітычна слабаразвіты.

Бунд і іншыя партыі стаялі на прынцыпе прапарцыянальнасці. Але пасля доўгіх і вельмі гарачых спрэчак прадстаўнік камфракцыі катэгарычна заявіў:

Або нам большасць у прэзідыуме, або мы зусім не ўваходзім у прэзідыум!

Тут жа, у мяне і ва ўсіх на вачах, Бунд спалохаўся і згадзіўся на ўмовы камфракцыі. Ён баяўся немцаў і польскай буржуазіі і таму не хацеў браць на сябе адказнасці за работу Савета.

І я падумаў: «Ну, раз вы баіцёся, няхай жа большасць будзе таму, хто не баіцца», — і супакоіўся. І быў рад, калі ў прэзідыум прайшло ажно пяць камуністаў. Ад іншых жа партый у прэзідыум былі выбраны тры бундаўцы і адзін с[ацыял]-д[эмакрат]-інтэрнацыяналіст. Пяць на чатыры. Старшынёю і сакратаром Савета былі выбраны з членаў прэзідыума таксама камуністы. Старшынёю — стары літоўскі рэвалюцыянер, паліткатаржанін Антановіч. Сакратаром — Юліус Шымкевіч.