Выбрать главу

А за ім выступілі бундавец і поалей-цыяніст, і с[ацыял]д[эмакрат]-інтэрнацыяналіст. І ўсе яны былі таксама або зусім супроць пасылкі тэлеграм у Савецкую Расію, або згаджаліся паслаць іх з сваімі папраўкамі.

С[ацыял]-д[эмакрат]-інтэрнацыяналіст унёс ад свае фракцыі ў тэкст тэлеграмы такую папраўку-ўставачку: «Руская рэвалюцыя павінна стварыць адзіны рэвалюцыйны фронт усяе дэмакратычнае Расіі...» Слова ў слова тое, што кожны дзень спяваў мне мой бацька.

І пакуль шукаў я вачыма ўнізе бацькаву галаву, каб паглядзець, як ён цяпер там ёю круціць, — пачалося галасаванне. За папраўку былі ўсе, апрача камуністаў. Некалькі чалавек устрымалася. І самаю нязначнаю большасцю галасоў прынята была тэлеграма з тою папраўкаю.

Тады ўзяў сабе слова старшыня Савета Антановіч і гнеўным і сумным голасам сказаў:

Віленскія пралетарыі пад уплывам згодніцкіх партый зрабілі тут аграмадную палітычную памылку, якую ўсвядомяць яны сабе толькі ўпаследку...

І заявіў, што камфракцыя пашле тэлеграму без папраўкі. Палова залы воплескамі яго падтрымала. Палова залы маўчала — хто вінавата, а хто можа і зларадна...

Цяжка зрабілася ў зале. Ну, ненадоўга.

* * *

Камфракцыя прапануе Савету абвясціць сябе ўладаю...

Аграмаднае ўражанне ў зале. Рабочыя радасна ўсміхаюцца, пераглядваюцца. Усе ўсхваляваны...

А лідэры Бунда перапалашыліся. Яны супроць прапановы. Яны не хочуць абвастраць адносін з немцамі і польскай буржуазіяй. Аднак не хочуць і страціць уплыву на масы. Таму яны просяць абвясціць перапынак, каб зрабіць нараду фракцыі.

Абвяшчаецца перапынак.

Бундаўцы-рабочыя нападаюць на сваіх лідараў. У другіх партыях, апрача камуністаў, таксама гарачыя спрэчкі між лідарамі і рабочымі-масавікамі.

Шумна ў зале, шумна на хорах, шумна ў калідорах. Сыходжу ўніз і на шырокіх сходах бачу: таварыш Шэшкас сварыцца з маім бацькам. Сварацца так, што вось-вось зараз кінуцца біцца. І патрошку сунуцца на вуліцу. І я за імі.

На вуліцы дэманстрацыі ўжо прайшлі. Дэпутаты Савета, якіх на тое ў часе пасяджэння выбралі, — прамовы з балкона дэманстрантам сказалі. Прывітальныя крыкі і музыка аркестраў сціхлі. Але каля залы і па ўсёй Вастрабрамскай яшчэ поўна рабочых. Не хочуць расходзіцца. Пасяджэнне ў зале як бы працягваецца на вуліцы.

Шэшкас крычыць. Бацька мой упарта адбіваецца. Рабочыя налятаюць на майго бацьку ў дапамогу Шэшкасу:

— І які ж ты дэпутат? І хто ж цябе такога выбраў?

Думаю сабе: хоць бы яго тут не пабілі. Пасварацца — няхай. Але біць яго не дам. І чакаю, пакуль пойдуць яны з Шэшкасам назад.

Згары бясшумна сыплецца то нявідзімы, то бліскучы на электрычным святле, мяккі, пушысты сняжок.

Перапынак канчаецца. Трэба ісці ў залу.

Пасля перапынку Бунд заяўляе: ён згодзен галасаваць за абвяшчэнне Савета ўладаю! Хутка праходзіць галасаванне. Да камуністаў і бундаўцаў далучаюцца асобныя галасы з іншых фракцый. Падаўляючая большасць! Савет абвясціў сябе ўладаю! На хвіліну ўсё сцішаецца, замірае... І ўся зала ўстае, і ўся зала многагалоса, урачыста, і радасна, і драматычна зліваецца ў вялізарны хор:

Паўстань, пракляццем катаваны!..

ХI. АРЫШТ

На другі дзень, 16 снежня, у панядзелак, па загаду Савета ў горадзе была ўсеагульная забастоўка-маніфестацыя. Усе рабочыя спынілі работу і выйшлі на вуліцу, каб паказаць, што Савет абвясціў сябе ўладаю і што ўсе рабочыя выконваюць яго загады.

Маніфестантаў было тысяч пятнаццаць. Яшчэ ніколі дагэтуль не бачыла іх столькі старая Вільня. Гэта было штосьці грандыёзнае! Па ўсіх вуліцах бясконца ішлі калоны за калонамі, усё зачырванелася ад сцягаў. Горад адчуў моц і арганізаванасць пралетарыяту. Нямецкія салдаты і нават афіцэры па-вайсковаму аддавалі чэсць сцягам маніфестантаў. На сцягах было шмат рэвалюцыйных лозунгаў, а найчасцей: «Уся ўлада Саветам!» і «Няхай жыве сацыялістычная рэвалюцыя!»

Апрача сцягаў, маніфестанты неслі плакаты з рознымі патрабаваннямі: «Трэбуем 8-гадзінны працоўны дзень!», «Трэбуем рабочы кантроль!» У чыгуначнікаў было напісана: «Чыгуначная маёмасць застаецца на месцы!», «Забраць паравозы і вагоны не дамо!»

Маніфестацыя прайшла ў поўным парадку. Ні немцы, ні палякі не адважыліся рабіць ніякіх перашкод.

І агульны настрой у горадзе ў гэты дзень быў такі, што вось немцы хутка выйдуць, а гэта вырасла новая сіла, якая забірае ўладу ў свае рукі.