Выбрать главу

— Мамулечка, забі мяне, не пайду! Не пайду нізашто! — як закрычыць бацька, аж закалаціўся.

* * *

І так-такі на другі дзень у Казіміраву Слабодку не вярнуўся, бо ўночы прыхапілася яму гарачка. Дзён пяць так яго паліла, што нават стары фельчар Гліснік, у якога тады бабуля позны ячмень у гародзе жала, прыйшоўшы, паглядзеўшы, быў няпэўны і сказаў:

Каб не быў спалоханы, дык можа ачуняў бы. А так — можа і памрэ...

І параіў выбраць хлопцу «сполахі».

Пабегла бабуля да Зэлічыхі Добкі, што «сполахі» па-яўрэйску выбірала і мела славу, што ў яе лёгкая рука. Гліснік паўдня жніва за візітацыю сваю з зарплаты ў бабулі скінуў, а Добка толькі галоўку часнаку ўзяла, і то не дужа браць хацела, па-суседску лячыла.

Прыйшла яна, хворага памацала, па галоўцы яго пагладзіла, пад ім ласкава пашаптала і сказала вясёла і ўпэўнена:

— Пхэ! Ён толькі перазябся. Напаі яго гарачым адварам. Праз тры дні на вуліцу пабяжыць.

Праўда яе: на трэці дзень бацька з хлапцамі ўжо на вуліцы забаўляўся і нават пабіўся — за тое, што дражнілі яго свінапасам.

А да Каўшылы ісці нізашто не хацеў. І пайшла бабуля Каўшылу перапрашаць — сама. Прыходзіць, аж той Каўшыла ўжо нічога не пачуе: ляжыць на лаве, прыбраны ў тую далёкую дарогу, дзе рассыпаюцца прахам па новыя формы.

Ездзіў у Свянцяны прадаваць мёд, каб жонка ўсяго не паела. І выбраў у банку трыццаць рублёў грошай — на новую хату. Ды ўсё кішэню мацаў, ды ўсё з кішэні ў кішэню перакладаў.

А хто чаго дужа баіцца, тое з тым і здараецца. Пакуль адзін жулік суліў яму нешта крадзенае за бясцэн прадаць, дык другі жулік кішэнь яму адрэзаў — і трыццаці рублёў і пяці рублёў за мёд як і не бывала...

Прыехаў ён дамоў — чорны як зямля. І да вячэры не дакрануўся. А ўночы, як жонка заснула, пайшоў у клець і на новых лейцах, на бэльцы пад страхою, засіліўся. Страты свае не перажыў.

Тады ўжо і бабуля не захацела, каб ішоў бацька даслужваць лета. Баялася, што будзе там бацьку цяпер страшна: вешальнік будзе здавацца.

* * *

Каўшыліха, за праслужонае, збожжам ці мукою ёй аддала, а наняла сабе дарослага парабка. Бацька застаўся ўдому, наймацца да зімы было ўжо позна. Рабіў тое-сёе ў мястэчку, але часу было ў яго цяпер досыць, дык забаўляўся з хлапчукамі.

Яны, сябры яго, аднагодкі, гуляючы, білі яго з поўным правам: што ён, жыхар мястэчка, — свінапас у вёсцы... На іх думку, ён зніжаў іх гонар, зніжаў гонар вуліцы і ўсяго кварталу, зніжаў гонар усяго мястэчка. Дык лупілі яго, як маглі: кроў з носа яму спускалі, выдзіралі валасы, засыпалі вочы пылам, плявалі яму ў твар... І з найвялікшаю дзіцячаю пагардаю казалі:

— Ідзі ад нас! Не гуляй з намі! Накручвай хвасты свінням на вёсцы!

Густая, задзірлівая кроў дзядулі ў жылах майго бацькі была не настолькі разбаўлена жыдкаю, затуканаю кроўкаю бабулі, каб ён заставаўся без адпору. А ў дзіцячых войнах у Брудзянішках ёсць адзін даўно ўсім добра вядомы, ваенны спосаб: упэцкаць супраціўніку штаны, а то і кашулю, дзёгцем ці якою смалою. Калі супраціўнік за цябе чысцейшы, дык заўсёды пабяжыць... І бацька мой часта, можа нават лішне часта, гэтым спосабам пачаў у гульнях карыстацца, бо быў бруднейшы за ўсіх у мястэчку. І ворагі яго былі бяссільны перад ім, як куры перад ястрабам. Але маткі яго ворагаў не былі бяссільны перад яго маткаю. І пачалі яны прыходзіць да бабулі і казаць у страшным абурэнні:

— Гэта халера, а не хлопец! Хай бы лепей галаву прабіў, чым папэцкаў гэтак кашулю ў дзёгаць... Катаржнік! Сібірака! — калолі яны бабулю ў балючае месца. І чапіліся да бабулі, каб яна папсаваныя кашулі адкупляла. Гэта ёй было страшней за самую страшную лаянку. Аднак на ўсё ёсць спосаб. А яна ж умела хітраваць... Выбрала найгоршую сынаву кашулёнку, сама папэцкала яе троху смалою. І калі трэба, размахвала ёю перад носам у суседак з самымі жаласнымі на ваччу слязьмі і горка-горка, у роспачы лямантавала:

— А гэта што? А гэта што? А хто мне адкупіць?..

* * *

Тым часам пачала яна ўсё болей думаць, што ёй з сынам рабіць. І вось спаткалася аднаго разу на вуліцы, па-суседску, з Зэлікам, Добкіным мужам, вядомым брудзяніскім баравішнікам. Яна была дробненькая, прыціснутая да зямлі. А ён быў — ростам высокі, целам здаровы, з вялікаю прыемнаю барадою на ўсе грудзі. А галоўнае — быў ён з разумнаю галавою пад беднаю ярмолкаю і з добрым сэрцам над надраным і зашмальцованым лапсардаком. І сказаў ён бабулі вясёла:

— Уй, Агата, Агата! І што ты бядуеш? Гэта расце тваё шчасце! Гэта расце тваё багацце! Чаму не аддасі яго ў якую навуку?

— Мой ты Зэлічак! Можа яно і так, — згаджалася бабуля.— Але што я параю сваёю дурною бабскаю галавою? Парай ты мне сваёю мужчынскаю...

— Пхэ! — скромна, але здаволена пасмяяўся Зэлік.— І што тут думаць? Ёсць тут аб чым думаць! Блізкім часам еду я ў Свянцяны: давай мне твайго Міхалачку на воз з баравікамі.