Выбрать главу

Як жа павінны былі мучыцца людзі, якія сядзелі на гэтых харчах, пакуль не ўміралі! А сядзела ж у немцаў многа людзей: камуністы, рускія ваеннапалонныя, дэзерціры. Нямала іх і перамёрла ў жудасных нямецкіх турмах ваеннага часу...

Ні чытаць, пі пісаць мне не давалі, гуляць не вадзілі і наогул нікуды за парог камеры не выпускалі, нават і ў уборную — раніцою выставіш парашу за дзверы і зноў сядзі пад замком.

На допыт не выклікалі; напісаць сваім, Юзі і бацьку, ці на Варонюю, каб прынеслі чаго есці, таксама не дазвалялі...

Аж на пяты дзень — да следчага! Прыняў ён мяне тут жа, у турме, у пакоі для допытаў. Следчы, як мне здалося, быў някепскі белабрысы немец ці паляк з Пазнані. Гаварыў добра па-польску. Называў сябе сацыял-дэмакратам. Можа — брахаў...

Ён толькі распытаўся ў мяне, хто я і што я, і толькі ўзяў падпіску, што не буду шкодзіць нямецкай эвакуацыі.

Не паспеў я вярнуцца ў камеру, як барбос мой, наглядач, захрыпеў:

— Забірай рэчы!

Ізноў у тым самым пакоі рыжы Рудольф усяго мяне абмацаў, каб я чаго не вынес, аддаў мне маю запісную кніжку і вывеў да брамы:

— Каціся! Больш не пападайся...

XIII. МРОІ НА ВАРЦЕ

Ні бог, ні цар і ні герой...

«Інтэрнацыянал»

Пакаціўся я найперш на Варонюю. І за адзін прысядак з’еў пяць абедаў. Еў бы і болей, ды баяўся, што захварэю. Пуза раздулося, як барабан, а есці ўсё хочацца...

Потым збегаў на хвіліну дамоў сказаць, што мяне ўжо выпусцілі, і перамяніцца, хоць без лазні, бо ў лазню ісці не было часу: зараз пабег назад у клуб.

Было гэта 22 снежня, у нядзелю. Паступілі весткі, што палякі-легіянеры рыхтуюцца напасці на Савет. З гэтае прычыны сённяшняе пасяджэнне Савета мелася адбыцца не ў Мескай зале, а ў Рабочым клубе на Вароняй, пад рабочаю ахранаю.

У ахране быў і я. Калі сцямнела, мы размясціліся і на вуліцы, і на падворку, і ў памяшканні. Зрабілі засады, каб ударыць легіянерам у тыл, калі яны рызыкнуць напасці. Каля кожных дзвярэй, каля акон, на балконах — стаялі ўзброеныя рабочыя.

Мне далі бомбу і карабін. На падворку, наспех, таварышы Высоцкі і Ляўданскі паказалі мне і яшчэ некалькім такім, як я, правілы кідання бомбаў і страляння з з карабінаў.

Але такіх няўмек, як мы, набралася няшмат. Усе ўмелі і кідаць і страляць. І во калі пашкадаваў я, што не хадзіў з Ромусем Рабэйкам да пэовякаў на практыкаванне ў лес. Цяпер бы выкарыстаў.

Потым бомбу ў мяне ўсё-ткі адабралі, каб не парваў сам сябе і тых, хто будзе блізка стаяць ля мяне. І я стаяў толькі з карабінам у бібліятэцы клуба, на другім паверсе, ля акна.

На вуліцах усё было ціха. Легіянеры, мусіць, даведаліся, што мы іх чакаем «у госці», і не прыйшлі. Нязначная групка нейкіх п’яных хуліганаў пачала была скандаліць на вуліцы, хацела прайсці ў клуб, але іх зараз пратурылі.

Я пазіраў у акно на цёмныя аграмадзіны дамоў, на вярхушкі веж касцёла святога Якуба, на сіняе зорнае неба,— і думаў... Думаў я, што вось можа і там, на гэтай далёкай зорачцы, назвы якой я не ведаю, таксама стаіць нейкая жывая істота, кшталтам мяне, і пазірае сюды, на зорачку-Зямлю.

А можа быць, там, у іх, — думаў я, — ёсць ужо такія дасканалыя прылады, што бачаць яны на нашай зорачцы-Зямлі не толькі вялікія сінія акіяны, чорныя плямы мацерыкоў, але і трубы фабрык і пасяджэнні Саветаў... Хто ведае?

І можа быць — даўно ўжо прайшлі яны наш шлях. І даўно ўжо няма ў іх ні бедных, ні багатых, ні эксплуатаваных, ні эксплуататараў, ні нацый, ні рэлігій, ні войнаў і турмаў, ні голаду і ўсіх нашых пакут...

Я зірнуў праз акно ўніз, на вуліцу, згары на дол, і ўспомніў няшчасную Яню... Зрабілася мне сумна і страшна...

І можа быць, — думалася мне, — усімі сіламі хочуць яны нам дапамагчы. Пасылаюць нам адтуль свае веды і свой дослед. Але мы не ўмеем прыняць ад іх тых вясцей. І сваімі сіламі робім тое, што вядзе чалавецтва да шчасця...

А потым, калі даляцеў да мяне шум з залы, дзе адбывалася пасяджэнне Савета, я абдумаўся і сказаў сам сабе:

«Эге, Мацей Мышка! Гэта ж ты займаешся індывідуалізмам і на свой манер шукаеш там дапамогі ад бога... Дарэмныя і шкодныя мроі! Не залятай на неба, трымайся за зямлю. Дапамога наша — у нас саміх»...

І я нават усміхнуўся: «З гэтымі сваімі мроямі яшчэ каго-небудзь і правароніш на вуліцы. Цьфу, цьфу, цьфу! Прачніся!»

І калі я прачнуўся, прыйшоў таварыш Высоцкі і сказаў, што можна ўжо ісці дамоў.

Дэпутаты ўжо расходзіліся, і па дарозе я ад іх даведаўся, што пасяджэнне было вельмі бурнае. Эсэры ярундзілі супроць Часовага Рабоча-Сялянскага Урада Літвы, заяўлялі, што не прызнаюць яго. А с[ацыял]-д[эмакраты]-інтэрнацыяналісты ўносілі свае папраўкі, і гэтак далей, і гэтак яшчэ далей... Старая песня!..