Адно мяне ўзрадавала: па прапанове Камфракцыі Савет прыняў пастанову — абвясціць другую забастоўку, калі немцы заўтра, да дзесятай гадзіны вечара, не выпусцяць усіх палітычных зняволеных, а ў першую чаргу арыштаваных чыгуначнікаў, спаміж якіх шмат членаў Савета.
Немцы адмовіліся выпусціць арыштаваных палітычных, і 23 снежня, а дзесятай гадзіне ўвечары, у горадзе пачалася забастоўка. Першыя пакінулі работу чыгуначнікі. Аб гэтым я даведаўся, калі быў яшчэ на Вароняй. А калі я ішоў адтуль дамоў, прыблізна а палове адзінаццатай, раптам па ўсіх вуліцах пагасла электрычнасць. Адразу зрабілася ўсюды цёмна і глуха. У чорнай цямноце патонулі дамы. Рэдкі прахожы, падазрона пазіраючы па баках, спяшаўся сваёю дарогаю, з тратуару пераходзіў па сяродак вуліцы і скрыпаў там снегам, як у вёсцы.
Значыцца, забаставала і электрычная станцыя.
На другі дзень, 24 снежня, была каталіцкая куцця, але ўсё жыццё ў горадзе з самае раніцы замёрла. Крамы, магазіны, рэстарацыі былі зачынены. Цягнікі не хадзілі, паравозы на вакзале не гудзелі.
Увечары зазванілі ў касцёлах, але на вуліцах — цёмна і пустынна. Ежце, панове, куццю пры лямпах і яшчэ не ў сваёй Вільні!
Бо перад тым у Вільні насіліся ўпартыя чуткі, што палякі выступяць яшчэ да адыходу немцаў. Польскія патрыёты называлі тэрмін: за дзень, за два перад ражством, каб узрадавацца к вялікаму святу «божага нараджэння» і разгавецца «ў сваёй Вільні»...
Аднак жа гэтым разам яны не выступілі, — магчыма, што яшчэ не падрыхтаваліся, а можа быць і з прычыны таго, што ў горадзе гэтыя дні была забастоўка.
Жартлівыя ж людзі пасля смяяліся, што палкоўнік Вэйтка еў куццю ў свае каханкі, а «ў каханкі — смаляныя лаўкі», дык ён прыліп там, заседзеўся і спазніўся пачаць выступленне...
Не ведаю, у якой каханкі сядзеў палкоўнік Вэйтка. А паручнік Хвастуноўскі быў на куццю за сталом у кватэры пана доктара Корсака, еў «свіныя вушкі» разам з паннаю Адэляю Ёдка. Яна яму падабалася, ён да яе заляцаўся.
Гэта мне казаў Болесь Будзіловіч, каб пахваліцца, што Адэлька «з гэтага дурнога мядзведзя з скулястаю мордаю толькі смяецца...». Паненскае сэрца яе належала Болесю, калі верыць самому Болесю. У іх жа быў тады і капітан Ёдка. Час прайшоў цікава і вясёла, — казаў Болесь, — хоць і пры свечках...
Я пакуль яны там сядзелі, пілі і елі, уночы з 24 на 25 снежня, — немцы мусілі здацца на выстаўленыя Саветам умовы і павядомілі па Варонюю, што зараз, яшчэ да раніцы, усіх арыштаваных чыгуначнікаў выпусцяць, а потым, паступова, будуць выпускаць і ўсіх палітычных.
Прасілі даць святло.
Прэзідыум Савета, мусіць, не спаў начэй. Бо тут жа паслаў сваіх прадстаўнікоў у турму для праверкі, а па электрычную станцыю даў загад — пусціць святло.
Электрычнасць загарэлася, горад вынырнуў з цямноты, адразу адшыўся, павесялеў... Толькі куцця была ўжо з’едзена пры лямпах ці пры свечках, і шмат хто заснуў у кепскім гуморы.
Тым часам немцам нельга было верыць ні на грош. У дзень 25 снежня, на ражство, яны патрошку вызвалялі палітычных, па чалавеку ў гадзіну, а ўвечары ізноў прыпынілі вызваленне, — змарыліся...
Прэзідыум Савета зараз жа загадаў станцыі ізноў выключыць святло!
Цяпер немцы доўга не ўпіраліся і мусілі выканаць усе патрабаванні.
Позна ўвечары электрычнасць ізноў разлілася па горадзе, апавяшчаючы рабочых, што перамога дасягну та. Забастоўка была спынена. Цягнулася яна з дзесятае гадзіны вечара 23 снежня да познага вечара 25 снежня, двое сутак.
Забастоўка асабліва яскрава паказала, што абвяшчэнне Савета ўладаю не было пустым словам. І быў ён уладаю не толькі для рабочых, як па наіўнасці хацелі тады прадставіць сабе справу віленскія абываталі. Ён быў уладаю, перад якою пасавалі ўжо ўсемагутныя акупанты. Улада яго з кожным днём расла і пачынала ахопліваць усё жыццё горада.
А Чырвоная Армія падыходзіла ўсё бліжэй да Вільні...
ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ
І. БЕЛАЕ І ЧЫРВОНАЕ
Пралетарыі ў сіх краін, яднайцеся!
Маніфест Камуністычнай партыі
О Літво! Ойчызна моя!
Адам Міцкевіч
Па віленскіх вуліцах у гэты час ужо пагульвала шмат афіцэраў у польскай вайсковай форме. Спаміж вайсковых былі легіянеры-«пілсудчыкі», што папрыязджалі з аўстрыйскае арміі, як капітан Ёдка ці Ромусь Рабэйка. Але больш было «доўбарчыкаў» — з корпуса генерала Доўбар-Мусніцкага, як паручнік Хвастуноўскі. У нямецкіх часцях, што стаялі ў Вільні, таксама былі палякі, «пазнанчыкі», ураджэнцы Пазнанскай правінцыі. Можна было чакаць, што і яны не выйдуць з немцамі, а застануцца ў Вільні і ўвальюцца ў польскія ўзброеныя сілы.