Выбрать главу

Апрача таго, палякі ўзбройвалі сваю дробнабуржуазную моладзь, вучняў, гімназістаў і розны гарадскі зброд, люмпен-пралетарыяў, патрыётаў, п’яніц і хуліганаў з Паплаваў, Сніпішак і іншых акраін горада.

* * *

У гэты час польская нацыяналістычная агітацыя развінулася на ўсю моц...

Афіцэр частаваў сваіх «пілсудчыкаў», ці «доўбарчыкаў», ці «пазнанчыкаў» папяросамі і казаў:

— Прыйшоў, панове-брацця, час біцца за айчыну!

Ксёндз ягомасць пан Цыбулька сам прыходзіў у галодную сям’ю якога-небудзь няшчаснага дворніка. Прыносіў трошку мукі, трошку павідла:

— Жэбы было чым споткаць польскей семі новы рок у польскем мясьце... Але для тэго тшэба ісьць выпэндзаць з мяста польскего агентув Москвы, пшэклентых большэвікув...

Настаўнік гімназіі ўсю лекцыю гаварыў аб вялікім гістарычным моманце, што вось ужо наступае... Горад вешча Адама Міцкевіча ізноў будзе ў польскіх руках... Але дзеля гэтага трэба ісці ў легіянеры — як, бывала, «млодзеж польска» ішла ў легіёны абараняць айчыну...

Пані-шляхцянка з-пад Вільні прыводзіла сыночка-шляхцючочка да краўца (на гэты раз да яўрэя, бо «свае» святкавалі), прыводзіла шыць вайсковы касцюм — «спатыкаць новы рок у польскім горадзе ў польскім адзенні...».

Кавалак хлеба, бутэлька «вудкі», папяроса паддавалі духу «барацьбітам за польскую незалежнасць», калі ідэі бракавала...

У касцёлах — службы, казанні, благаславенствы...

На мітынгах — гарачыя прамовы, заклікі, істэрыкі, слёзы...

У «Польскім камітэце нацыянальным», у «Стражы крэсув» (ахрана акраін) — грошы, пайкі, інструкцыі, зброя...

* * *

Штаб польскіх узброеных сіл знаходзіўся на Зарэччы, у доме Ганесці, № 5. Ромусь Рабэйка быў там. Два братцы, два слаўных Пстрычкі, прыкацілі туды з Брудзянішак. Быў там і нейкі сержант Халяўскі, — можа з свянцянскіх Халяўскіх, можа ўнук таго пана Халяўскага, у якога ў майстэрні бацька мой быў вучнем.

Прабаваў цягацца туды, цішком ад усіх нас, і дзядзька мой Антоні Плахінскі. Але калі нам стала гэта выпадкова вядома, дык спалохаўся... І кляўся-прысягаўся, што хадзіў туды толькі адзін раз, да Ромуся Рабэйкі.

Сказаць паганцу, каб болей не дакучаў Юзі... — апраўдваўся ён, — каб, гэта, у нашу кватэру болей ні на парог, такі псяюха, гад!

Маніў стары дурань. Хадзіў, пэўна, не раз. І няйначай, як для таго, каб «паразведаць», ці не знойдзецца там якой «ваканцыі» і для яго...

Але спалохаўся так, што мы з бацькам аж не маглі ўтрымацца ад смеху, калі пачаў ён апраўдвацца, хоць і брыдка было нам за яго ўчынкі.

І кляўся-прысягаўся, што больш туды яго ніхто і на вяроўцы не зацягне.

— Што я там лепшае знайду? — казаў ён нібы прастадушна, — што я там лепшае знайду, раз я ўжо маю за сваю работу кавалак хлеба на Вароняй... ( А яго ўзялі на Вароняй у пачыначную шавецкую майстэрню клуба.)

Зброю польскія арганізацыі даставалі ад немцаў, у

вялікай колькасці, па ўмове — за тое, што згадзіліся не перашкаджаць немцам вывезці шмат маёмасці як вайсковай, так і грамадскай.

У рабочых справа з узбраеннем стаяла іначай... Нямецкае камандаванне адмовілася выдаць зброю нават для Савецкае міліцыі. Пэўна ж, было яно не сляпое і добра ведала, што пад відам Савецкае міліцыі расце Чырвоная гвардыя...

Рабочыя мусілі ўзбройвацца самі. Яны скуплівалі зброю ў нямецкіх салдатаў, нелегальна, і хавалі яе ў сябе на кватэрах.

З восені віленская камуністычная арганізацыя пачала ствараць сваю Чырвоную гвардыю. Спярша, як я ўжо адзначаў, чырвонагвардзейцаў было мала, і былі яны пад відам Рабочай міліцыі пры клубе на Вароняй. Былі там рускія з былых нямецкіх ваеннапалонных, і некалькі чалавек немцаў-спартакаўцаў, і віленскія рабочыя: палякі, літоўцы, беларусы, яўрэі.

Калі адчыніўся Савет, з Рабочай міліцыі вырасла, ужо значна большая па колькасці, Міліцыя Савета, ці Савецкая міліцыя.

Пакуль што, пакуль не ўвабраліся добра ў сілу, дык ужывалі цішэйшыя назвы, каб не вельмі калола ў вочы немцам і палякам. Але сапраўды — была гэта Чырвоная Гвардыя.

Адзін атрад яе пастаянна стаяў цяпер пры клубе на Вароняй. Хадзілі чырвонагвардзейцы, вядома, без вайсковай формы, з чырвонымі павязкамі на левай руцэ ці без усякіх адзнак.

Пазней былі арганізаваны яшчэ два атрады: на Парубанку і ў Звярынцы. Людзей было мала... Немцы выкачалі віленскую рабочую сілу ў Нямеччыну, у капальні. Моцных рабочых мала і было ў той час у горадзе.

Зброю ў немцаў, перад самым іх адходам, скупліваў для Вароняй таварыш Высоцкі, наш «фельдмаршал». Быў ён на імперыялістычнай вайне ў чыне паручніка ці прапаршчыка, дык добра ведаў вайсковую справу. Цяпер нам яго веды вельмі спатрэбіліся.