Чалавек быў наогул энергічны, з вайсковаю выпраўкаю, з рашучымі рухамі, са смелаю, шыбкаю хадою. Было яму тады гадоў 28. Быў высокі, худашчавы, цемнаваты шатэн...
Вось і ўсё, што я ведаў, ды што і цяпер ведаю, пра свайго тагачаснага «фельдмаршала»...
Ён купляў у немцаў нават кулямёты, купіў у іх нават адзін бранявік! На жаль, не перавёз адразу па Варонюю. Але хто ж гэта ведаў, як справа павернецца...
Быў таварыш Высоцкі на чале Парубанскага атрада.
Камендантам на Вароняй быў таварыш Тарас.
Горад быў разбіты на раёны.
Адным словам, рыхтаваліся, бо немцы вось-вось павінны былі выйсці...
ІІ. «НАПЯРЭДАДНІ ЧАГОСЬЦІ»
Немцы, узмацняючы палякаў, стараліся аддаліць момант канчатковага захопу ўлады ў горадзе камуністамі да свайго адыходу і прыцішыць набліжэнне Чырвонае Арміі, якой трэба было лічыцца з ростам польскіх узброеных сіл.
Але як яны ні зацягвалі свой адыход, а ў апошнія дні снежня мусілі эвакуіравацца ў Коўню. З імі ўцяклі і літоўская тарыба і беларуская рада.
31 снежня, перад Новым годам, на вуліцах у Вільні быў разлеплены загад ужо польскага вайсковага камандавання. У загадзе абвяшчалася, што ўлада перайшла да палякаў і што ўсе ваеннаабавязаныя грамадзяне павінны з’явіцца на мабілізацыю, для залічэння ў польскае войска, бо «трэба бараніць бацькаўшчыну...».
Прачытаў я і пайшоў. Думаў: «Пішыце сабе, панове, што хочаце, калі фактычная ўлада ў руках Савета, а праз дзён колькі будзе тут Чырвоная Армія».
На Вароняй, у сталоўцы, спаткаўся я з дзядзькам Туркевічам. Ён толькі што вярнуўся з вёсак пад Гродняю. Абедалі мы з ім за адным столікам, ён быў у вельмі добрым гуморы, апавядаў, што вёска настроена для нас надта добра, сяляне спачуваюць бальшавікам, чакаюць загадаў.
Паабедаўшы, пайшлі мы з ім разам па сваіх хатах... Дарогаю спыніліся каля польскага загаду, наляпёнага на плоце, яшчэ раз прачыталі яго.
— Як думаеш, дзядзька Язэп, — спытаўся я, — рызыкнуць яны разганяць Варонюю ці не?
— Чорт ім даў, — адказаў дзядзька Туркевіч, — пабаяцца!
І мы развіталіся. Наступаў вечар. Цямнела. Сыпаўся сняжок. Заўтра — Новы год. На вуліцах, аднак, даволі ціха. Ажыўлення, як заўсёды перад Новым годам, сёння не заўважалася. Нібы ўсе прытаіліся перад чым...
Прыйшоў я дамоў.
Плахінскага няма, пайшоў да касцёла богу маліцца. Бацька мой сядзіць, напрануўшыся, каля акна, чытае сваю меншавіцкую «Новую эру». А Юзя ляжыць на ложку, і відаць па вачах, што плакала.
Такія здарэнні, каб яна вельмі чаго засмуцілася, трапляліся ў яе рэдка. Ужо і пасля смерці Яні яна паспакайнела, часам і смяялася. Бо час, асабліва для такіх натур, — вялікае лякарства: усё праходзіць, усё забываецца...
Падсеў я, пытаюся: у чым справа? ці не захварэла яна? ці не нарабілі мы, праз неасцярожнасць, якой бяды? Не дзіва: жывём у такой завірусе, што няма калі добра абдумацца ці правесці якую справу гладка... А тут яшчэ Ромусь Рабэйка паддаў жару...
Аж яна і кажа, што сапраўды — спаткалася на вуліцы з ім, і ён пагражаў і ёй і мне.
— Ах, такі ўжо «ён»! — кажу ёй, гладзячы яе рукою па валасах, а сам думаю: «Маніш, галубка! Не такая ты, каб ад гэтага плакаць. Пэўна, таму ты плачаш, што ў пакоі сцюжа і няма чым спаткаць Новы рок... Буржуазка!»
А потым яна дастае з-пад падушкі запіску і кажа: «Быў Болесь Будзіловіч. Пакінуў табе...»
У запісцы было напісана:
«Мацей! Прыйдзі да мяне сёння, без асаблівага шуму, як сцямнее, пагаварыць аб вельмі важнай для цябе справе».
Ён казаў, — дадала Юзя, — каб ты гэтыя дні пасядзеў у хаце, а вечарамі на Варонюю зусім бы не хадзіў...
Я са злосцю падраў запіску, а потым, усё-ткі, пастанавіў схадзіць даведацца: што там за такая важная для мяне справа? Напрануўся, пайшоў.
І дайшоў аж да Зялёнага моста. Перайсці мост, зараз і ў іх... І спыніўся, падумаў, плюнуў і завярнуўся назад.
«Ну яго да ўсіх д’яблаў з яго важнымі справамі! Няйначай, як хоча папярэдзіць, што палякі маняцца напасці на Варонюю», — упэўніўся я і пайшоў дамоў.
У каўбаснай купіў паўкіло гарохавае каўбасы, а ў пякарні — кіло даволі добрага хлеба, схаваў і ў адну кішэню і ў другую. Усё роўна — разарацца дык разарацца! Калі можаш з’есці, дык з’еш. Бо хто ведае, калі і як прыйдзецца табе ласавацца ў тваім жыцці...
На Віленскай завярнуў на падворак, дзе змяшчалася сталоўка майго бацькі. Сталоўка была ўжо на замку, і вакол — ні душы, але фортка ў браме — толькі на ланцугу, можна пралезці, і дворніка няма, — мусіць, таксама пайшоў да касцёла богу маліцца.