Выбрать главу

Я праціскаўся ў самы канец падворка, дзе ляжалі ў штабелях двухметровыя дровы, выбраў круглячок па сваёй сіле, паціхеньку выбраўся на вуліцу і спакойна пацягнуўся дадому.

Круглячок мы з бацькам зараз парэзалі і пабілі. Ён усё пытаўся, дзе гэта мне «пашчасціла».

— Пэўна, — кажа,— сцягнуў у якога буржуя. Ой, Мацей, нядобра бальшавіку займацца такімі індывідуальнымі справамі...

— Сам, — кажу, — не ведаю, як гэта здарылася: ішоў па вуліцы, ляжыць бервянцо без прыгляду, я і панёс. Мусіць, — кажу, — гэта ўва мне спадчына буржуазных ці бацькоўскіх парокаў...

Ну, ну, ну! — агрызаецца бацька.— Можа гэта спадчына выхавання на Вароняй вуліцы...

А Плахінскі (ён ужо прыйшоў з касцёла) і Юзя, як відаць, нічога не зразумелі з нашае гаворкі і проста былі здаволены, што ў хаце пацяплела.

Юзя падсмажыла каўбасу, з’елі мы яе з хлебцам, запілі гарбатаю. Усім павесялела. Плахінскі, пагладжваючы свае бура-сівыя вусы, далікатна пажадаў усім добра спаткаць і добра пражыць Новы рок — «у шчасці, у радасці, у дастатку» — і лёг спаць.

А калі і мы пачалі класціся, бацька мой даволі лагодна мне кажа:

— А ты, Мацейка, усё ж ткі, калі палякі пачнуць разганяць вас, не дужа лезь там на ражон... Усё роўна — бескарысна.

Я толькі фыркнуў, завярнуўся. Зараз заснуў.

* * *

На другі дзень, 1 студня 1919 года, хадзіў я з Юзяю абедаць на Варонюю, і жыццё ішло там сваім звычайным торам.

Праўда, як пачаў ужо я «куціць», дык пачаў... Каб дагадзіць Юзі, пад’елі мы ў гэты дзень троху смачней. А нават і не троху, а добра-ткі пасілкаваліся: з’елі па талерцы расольніку, узялі адну порцыю на дваіх гуляшу з каніны, з падсмажанаю бульбачкаю, а паверх — па талерцы пярловае кашы з малаком.

Я думаў: досыць! Нават сказаў: «Хоць бы так і да веку кожнаму добраму чалавеку», — і па пузу сябе, жартуючы, пагладзіў. А яна: «Вып’ем яшчэ — гарбаты па шклянцы».

Справа была не ў гарбаце, а ў тым, што да гарбаты можна было купіць па цукерцы. Пайшоў я да буфета, а там падсунуўся да мяне ціханька адзін наш харыст, мурлаты Падлеўскі: «Дзень добры, товажышу Мышко! З Новым рокем!» — І кажа, што мяне на вуліцы чакае Болесь Будзіловіч.

Хай пачакае! П’ём мы гарбату, я не спяшаюся, а Юзя ледзь не абпяклася: «Ну як так можна?.. Пан Болесь чакае!»

Калі мы выйшлі і трошку адышліся ад клуба пад Юраўскі праспект, знедкуль вынырнулі і нагналі нас Болесь і Падлеўскі.

Болесь прывітаўся са мною, як заўсёды, вельмі радасна, нібы я яму таварыш дарагі. А перад Юзяю замуляўся. Падлеўскі сказаў:

Жона товажыша Мышкі...

Я падумаў: «Адкуль ён, свалата, ужо ведае, хто яна мне, жона ці не жона». А Болесь выгнуўся па-кавалерску, узяў Юзіну ручку, як дарагую святыню, плаўна апісаў галавою дугу і цмокнуў з благагавеннем, як ксёндз у абраз.

Юзя ручку выставіла і ледзь не прысела ад шчасця, зачырванелася ўся і разлілася маслам... За Болесем прылажыўся і Падлеўскі. Быў ён электраманцёр, але ж пнуўся ў інтэлігенцікі.

Пайшлі разам, загаманілі пра пагоду. Потым, хоць Юзя больш цягнулася да Болеся, пайшоў з ёю Падлеўскі, а мяне апанаваў Болесь. Зараз пачаў сваю балбатню...

Спатыкаў ён «Новы рок» дома, з мамаю і з усімі сваімі, нікуды не хадзіў. Пілі, елі і весяліліся. Адэлька так віртуозна іграла. Яе музыка гучала яму, як гімны нашых дзён. Наогул, музыка заўсёды яго нервуе страшэнна. Яму ад музыкі хочацца і жыць і плакаць...

У музыцы было шмат засмучонага, але рашучага і прыгожага імкнення да жыцця і змагання. І яму хацелася, хацелася вырвацца з будзёншчыны на вялікія, нязнаныя прасторы... Адэлька іграла і ласкава назірала на яго...

А яго думкі былі далёка ад яе... Ён намаляваў сабе абраз... Калі легіянеры пачнуць разганяць Варонюю, ён будзе там... Ён будзе абараняць вялікую ідэю, вялікую справу...

І калі ён падзе там ахвяраю, яна, даведаўшыся аб непапраўным, выйдзе, бязмоўная, з свайго пакоя, трагічна адкіне крышку раяля, сядзе, маленькая, але вялічаственная, і будзе іграць урачыстыя гімны Бетховена...

У гэтым будзе сінтэз жыцця і смерці... Толькі шкода бедную маму... Шкода і Стасю...

— А! Між іншым... — перапыніў ён сам сваю балбатню, успомніўшы Стасю, — сястрычка мая да цябе нераўнадушна... Гэта яна мне падказала, а то я сам можа б і не здагадаўся... Ну, напісаць табе запіску, — патлумачыў ён, калі я паглядзеў на яго з неразуменнем, — каб ты не хадзіў гэтымі днямі на Варонюю...

— У запісцы аб гэтым нічога не было. Мне Юзя на словах перадавала, — сказаў я даволі суха. — А нарэшце, Болесь, у чым тая важная справа, дзеля якой ты хацеў мяне бачыць?

— Хіба ж ты яшчэ не зразумеў, Мацей? Не прыкідвайся... Вядома, я напэўна нічога не ведаю. Гэта ж такія сакрэты! Але Адэлька тое-сёе апавядала, яна чула ад брата ці можа ад паручніка Хвастуноўскага. І наогул усе ў горадзе гавораць, што мы напярэдадні чагосьці..