Выбрать главу

— Ну дык што?

— А мы ж яшчэ маладыя, Мацей... Калі я слухаў учора яе музыку, мне так хацелася жыць! Слухай, Мацей: чаму ты калі да мяне не зойдзеш?..

І зноў — і панёс і панёс...

«Не такі ты, аказваецца, прасцячок, якім я ўяўляў цябе дагэтуль», — падумаў я тады пра Болеся.

І зрабілася мне брыдка ісці з ім, слухаць яго. А да Падлеўскага хацелася [падысці] адзаду і грымнуць яму кулаком па карку, каб адляцеў аж на тры крокі.

Калі Болесь і ён нарэшце пакінулі нас і мы з Юзяю падыходзілі да дому ўдваіх, я, памятаю, не ўцерпеў і спытаўся ў яе, што казаў ёй Падлеўскі.

— А табе цікава? Ну аб чым можа гаварыць з жанчынаю такі гжэчны мужчына? Рассыпаўся ў кампліментах...

— А пра палітыку нічога не казаў?

— Ну-ну... пра палітыку! А, не, казаў... Казаў, што мы напярэдадні чагосьці.

— Ах, свалата! — вырвалася ў мяне.

— Хто? — не зразумела Юзя.

— Хто... твой гжэчны кавалер!

— Самы сімпатычны хлопец! — узялася абараняць ад мяне Юзя Падлеўскага. — І калі са мною прайшоўся, дык ужо ён у цябе свалата... — І надзьмулася.

Я ж бачыў, што яна ахвотна паспрачалася б са мною і болей, — на такую прыемную для яе тэму. І таму змоўк. Толькі думаў: «Юзя, Юзя! Звязаў мяне з табою чорт вяровачкаю»...

* * *

Так дайшлі мы дадому, і там знайшоў я нечаканага госця: Арон прыехаў з Брудзянішак, зайшоўся па дарозе да мяне на кватэру. Быў ён, як заўсёды, здаровы, вясёлы. Тупаў вялізнымі падкаванымі ботамі, як конь, і паварочваўся, як мядзведзь. А гаварыў голасна, як у полі. Я вельмі яму ўсцешыўся і хутка забыўся на ўсе свае прыкрасці.

Казаў Арон, што ад іх немцы таксама ўжо выходзяць і ён прыехаў на Варонюю прасіць інструкцый: ці абвясціць сябе ўладаю і ўсё ўзяць у свае рукі, ці пачакаць да прыходу Чырвонае Арміі.

Чырвоная Армія, паводле яго слоў, была ўжо недалёка: на дарозе з Мінска па Вільню — на станцыі Кена.

Ён пабыў трошку, развітаўся і пайшоў — з тым, што ўвечары мы яшчэ спаткаемся па Вароняй і пагамонім.

А я, калі ён пайшоў, лёг трошку адпачыць. Пасля сытнага абеду размарыў мяне смачны сон, заснуў я моцна і салодка...

ІІІ. НАРАДА

Каля шостай-сёмай гадзіны вечара, калі я яшчэ спаў, ішлі на Варонюю шавец Лахінскі і шавец Плахінскі. Сышліся дзесь па вуліцы, пайшлі разам і дарогаю гаманілі сабе памаленьку.

Аб чым яны тады, у апошнія хвіліны жыцця свайго, гаманілі — як мне ўгадаць?

Дзядзька мой, Плахінскі, пахілы, з бура-сівымі павіслымі вусамі, пануры чалавек, пэўна, апавядаў Лахінскаму, маладзейшаму і здаравейшаму за яго, як хацеў ён некалі змяніць шыльду на сваёй майстэрні на Пагулянцы, таму што прозвішчы іх вельмі сходныя. І, пэўна, хітруючы, не вельмі шчыра дадаваў, што ўсё гэта, як на цяперашні яго розум, было пустое дзела, бо ўсё пайшло прахам...

Лахінскага я ведаў мала. Але стаяў ён да Вароняй вуліцы без параўнання бліжэй, чым мой дзядзька, дык, пэўна, смяяўся ён з разважанняў майго дзядзькі.

А мой дзядзька, мусіць, яшчэ яму казаў:

— Але ж трэба мець надзею, таварышу Лахінскі, што ўсё яшчэ, дасць бог, ацішыцца, асталіцца і зноў усё будзе па-даўнейшаму...

— Надзея — матка дурных, кажа старая прыказка, пане Плахінскі! — пэўна, заўважыў яму, смеючыся, таварыш Лахінскі.

І так, гамонячы, прыйшлі яны ў клуб.

У той жа час, — можа крыху раней, можа крыху пазней, — другімі вуліцамі, другімі шляхамі, ішлі на Варонюю: член прэзідыума і адказны сакратар Гарсавета — камуніст Юліус Шымкевіч, высокі, тонкі, у сваім рудым дэмісезонным паліцечку і ў сваім шыракаполым, чорным, усесезонным капелюшы, і з ім — звычайны член Гарсавета, але бундаўскі лідэр, вядомы бундавец Вайнштэйн, таўсцейшы за Шымілевіча, здаравейшы за яго і цяплей напрануты.

Ішлі і гаманілі...

Аб чым яны тады, — у такія важныя хвіліны жыцця свайго, для аднаго — апошнія, для другога... для другога, мусіць, паваротныя, — аб чым яны тады маглі гаманіць — як мне ўгадаць?

Шымілевіч, пэўна, жартаваў, смяяўся і праконваў друга свайго, таварыша Вайнштэйна, кінуць контррэвалюцыйны Бунд і перайсці ў кампартыю.

А Вайнштэйн, магчыма, у тым жа вясёла-жартлівым тоне, а магчыма, і ў якім іншым, больш уласцівым яму тоне, адбіваўся, можа, ад яго трапных падколаў і казаў, можа, што «яшчэ паспее з казамі на торг»...

І так, гамонячы, прыйшлі яны ў клуб.

У гэты ж дзень дзядзьку Туркевічу было нудна сядзець аднаму ў хаце. Бо ўсё-ткі ж — свята, Новы год. Сям’я яго і цяпер была яшчэ на вёсцы. Жыў адзін.

Схадзіў ён на Варонюю, там паабедаў. Прыйшоў дамоў, лёг адпачыць, думаў заснуць. Але ніяк не спалася, бо добра выспаўся, лёгшы ўчора звечара і спаўшы сёння ледзь не да абеду.