Дык, каб не быць у адзіноце цэлы вечар, надумаўся схадзіць да прыяцеля, з якім даўно не бачыўся, — сталяра Дручка. Пайшоў на Сніпішкі.
Ён прыходзіць, а Дручок якраз выходзіць, навешвае на дзверы замочак. І белы клуначак у яго ў руках. Сабраўся, бач, у паліклініку літоўскую, да жонкі. Сёння раніцою паклаў радзіць, — можа, тым часам, апрасталася.
Дзядзька Туркевіч завярнуўся, пайшлі да цэнтра разам. Дарогаю ішлі, гаманілі...
Дручок жаласна пералічаў на пальцах усіх сваіх дзетак, хлопчыкаў і дзяўчатак, што паўміралі ад розных пошасцяў за гэтыя гады, пад немцамі. Адной рукою трымаў клунак, а на другой, вольнай, загінаў палец і ўспамінаў, чаго і як каторае сканала... І казаў, што цяжка такім часам гадаваць дзеці, але ж ізноў, вось, жонка не ўтрымалася. І радзіць выбрала пару вельмі нязручную: святкі, прадукты даражэйшыя, ды і «бескаралеўе», у горадзе не зусім спакойна.
Дзядзька Туркевіч яму заўважыў, што нельга ж вінаваціць толькі жонку, што палову той віны мусіць прыняць і сам Дручок. Гэта — па-першае. А па-другое, можна пацешыць сябе тым, што абавязкова павінен бальшавік радзіцца!
Дручок адказаў, што ўсё ж ткі гэта больш па бабскай лініі, каб дзеці не радзіліся. Цяпер гэтыя фокусы шмат хто ведае, наўчыліся... Дык хай бы ад каго пераняла. Не яму ж, мужчыну, займацца такімі справамі...
— Ну, а каб жа бальшавік радзіўся, дык нічагусенькі супроць не маю, няхай на свет здаровенькі прыходзіць, — згадзіўся Дручок і наддаў ходу: — Можа ён там ужо і прыйшоў...
На рагу Віленскай і Юраўскага развіталіся. Дручок засігаў далей па Віленскай, у паліклініку. Дзядзька Язэп спыніўся — сам не ведаў, куды цяпер накіравацца. Аж успомніў, што недалёчка, на Юраўскім, ёсць кіно, і не вельмі дарагое. Прыйшоў — адчынена. Узяў білет і якраз трапіў на пачатак. У зале было амаль пуста, нягледзячы на свята. Дык хоць білет меў на трэцяе месца, а сеў — спярша на другое, а потым нават на першае перасеў.
Было гэта таксама каля гадзіны сёмай вечара.
* * *
Лахінскі і Плахінскі прыйшлі ў сталоўку ранавата. Каша на вячэру яшчэ не згатавалася, нядаўна засыпалі, трэба было чакаць. Яны селі гуляць у шашкі.
Шымілевіч і Вайнштэйн прыйшлі, калі у пакоі нумар 20 ішла нарада. Шымілевіч адразу сеў там сам. А Вайнштэйна паклікалі з чытальні.
Спярша паслалі па яго Ракоўскага, стоража клуба. А потым, наўздагон, прыйшоў і сам Тарас, клубны камендант, — каб ішоў Вайнштэйн канечне, нарада вельмі важная.
На нарадзе былі члены Віленскага камітэта Кампартыі, члены прэзідыума Гарсавета і радавыя камуністы і рабочыя.
Быў там таварыш Ром, Вяржбіцкі, Кунігас-Ляўданскі, Тарас, Шэшкас, Ракоўскі, потым падышоў Шымілевіч, паклікалі Вайнштэйна, запрасілі і Арона, і склікалі наогул усіх, хто быў тут і быў свой, клікалі кожнага таварыша.
Былі там два немцы-спартакаўцы, быў адзін таварыш з Масквы — чорны, у кажушку, былі таварышы-чырвонагвардзейцы з атрада, што стаяў на Вароняй, у большасці — з былых ваеннапалонных, што ішлі з Нямеччыны дамоў і засталіся ў Вільні дапамагаць Савету, былі бундаўцы.
Сабралася нарада экстрана. Паставілі пытанне: што рабіць, калі палезуць палякі «разганяць» Варонюю ўзброенаю сілаю: даць адпор ці разысціся да прыходу Чырвонай Арміі? Бо паступілі такія весткі, што пытанне трэба развязаць зараз, безадкладна, каб потым дзейнічаць паводле прынятай пастановы...
Камуністы, спартакаўцы, чорны таварыш з Масквы, у кажушку, і ўсе чырвонагвардзейцы былі за тое, што трэба даць адпор у кожным разе! Бо як жа так — узяць дый разысціся? Разбегчыся? Трэба змагацца, трэба іх праўчыць! Паднімуцца рабочыя, шмат хто выйдзе са зброяю ў руках, а забастуе цэлы горад! Чырвоная Армія паспяшыць на выручку... Да яе прыходу можна пратрымацца...
Так мне казаў пасля Арон аб выступленнях, якія там былі ў яго прысутнасці.
— Але, — казаў ён, — Вайнштэйн і ўсе бундаўцы, што выступалі ўслед за ім, былі за здачу, лічылі і даводзілі, што гэтак будзе разумней, што лезці на ражон няма чаго, што нельга рызыкаваць жыццём без пільнай патрэбы, што сілы вельмі няроўныя, што ў нас вельмі мала зброі і што наогул — які сэнс гінуць тут горсці людзей, калі праз пару дзён палякі самі разбягуцца ад Чырвонай Арміі.
Праз бундаўцаў, казаў Арон, сядзелі доўга, гадзіны дзве ці болей, усё спрачаліся, хоць пастанову прынялі, вядома ўжо якую: бараніцца ў кожным разе!
Потым сталі расхадзіцца...
Некаторыя паспелі выйсці ў пару. Шымілевіч і Вайнштэйн спазніліся, іх ужо не прапусцілі, завярнулі іх назад. І Лахінскі і Плахінскі — заняліся кашаю, таксама не паспелі...